Культура в могилёвской прессе. Эфир "Радио-Свобода".
Вядучы Цыганкоў: - Здавалася б, культура ва ўсіх ейных аспэктах і праявах ёсьць нагэтулькі неабсяжнай тэмаю, што ёй мусяць быць прысьвечаныя дзясяткі самых розных выданьняў. Аднак для мяне было непрыемнай нечаканасьцю даведацца, што сапраўднае становішча зусім іншае, і ў Менску зусім няшмат выданьняў культурніцкага кірунку. І як вы ўбачыце надалей, сытуацыя ў рэгіёнах у гэтым сэнсе выглядае значна больш прывабна.
Пра тое, якія незалежныя культурна-асьветніцкія выданьні з культурніцкай скіраванасьцю выходзяць на Магілеўшчыне, распавядзе Марыя Ўсьціновіч…
Усьціновіч: - Асноўным гісторыка-культурна-асьветніцкім выданьнем у вобласьці зьяўляецца часопіс "Магілеўская даўніна", які існуе з 1993 году, як штогадовік. Выдаецца часопіс на пазабюджэтныя сродкі грамадзкае Рады, у якую ўваходзяць прадстаўнікі Магілеўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, Музэю гісторыі Магілева, Таварыства Беларускае Мовы, абласнога Краязнаўчага музэю ды іншых грамадзкіх аб'яднаньняў і дзяржаўных установаў. МАГИЛЕУСКАЯ ДАУНИНА - беларускамоўны элітны часопіс на дзьвюхстах старонках. Наклад у тысячу асобнікаў рэалізуецца ў сетцы "Магілеўкніга".
Недзяржаўныя культурна-асьветніцкія выданьні на Магілеўшчыне звычайна незарэгістраваныя. У іх ліку бабруйскія МОЙ ГОРАД і ГАЛАСЫ ИСТОРИИ, асіповіцкая газэта ДАРАГИНЯ (яе выдае жаночы клюб пры непасрэдным удзеле мясцовага Таварыства Беларускае Мовы), рэгіянальная газэта КЛИМАВИЦКИ НАСТРОЙ.
У Магілеве згуртаваньне моладзі "Патрыёты Бацькаўшчыны - Рух у Эўропу" раз на месяц робяць часопіс ТЕРРА ИНКОГНИТА, скіраваны выключна на абласны цэнтар, ягоныя праблемы, гісторыю, культуру.
У Магілеве існуюць і расейскамоўныя самвыдатаўскія часопісы. Самы старэйшы зь іх - ОКОРОК, які цяпер мае назову ОН - НОВЫЙ ОКОРОК. Гэты часопіс "паралельнай і пэрпэндыкулярнай контракультуры", як заяўлена ягоным рэдактарам Юрыям Раманавым. Ён выходзіць штогод. Ягоную асноўную частку складаюць культуралягічныя артыкулы ў розных плынях нетрадыцыйнае культуры, таксама рок-музыка й літаратура. Там друкуюцца незалежныя аўтары, якія ня маюць магчымасьці выдаваць свае творы афіцыйным шляхам. У свой час ОКОРОК быў самым вядомым пэрыфэрыйным культуралягічным часопісам Савецкага Саюзу. Ліставаньне вялося з чытачамі з сотні гарадоў СССР'у.
Малодшыя браты ОКОРОКА ў Магілеве таксама самвыдатаўскія - В ТИХОМ ОМУТЕ, якую выдае аднайменнае грамадзкае аб'яднаньне, і музычна-літаратурныя часопісы МОГИЛЁВ-РОК і С ДУШКОМ.
Ведущий Виталий Цыганков: - Марыя Ўсьціновіч скончыла агляд рэгіянальных культурніцкіх выданьняў. Як гэта не парадаксальна, менавіта ў правінцыі некамэрцыйныя культурніцкія мас-мэдыі, здаецца, разьвіваюцца лепш за сталічныя. Магчыма, гэта сьведчыць пра тэндэнцыю дэцэнтралізацыі культурнага працэсу, пра тое, што паняцьце "правінцыя" для мастацтва ня мае геаграфічнага зьместу".
Культура в могилёвской прессе (Эфир "Радио-Свобода", август 2000)
Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий: