Глючны Магілёў
Неймаверная энэргетыка новага магілёўскага року. Рэпартаж з гораду на Дняпры, дзе адбылася прэзэнтацыя дыску "Humanoid" групы "Глюкі" - з поўным аншлягам.
Каб трапіць у магілёўскі клюб "Джокер" трэба стаяць з паўгадзіны ў чарзе. Міліцыянты фільтруюць натоўп моладзі, п'янаватых падлеткаў выводзяць на вуліцу: "Ня будзе табе сёньня "Глюкаў"". Сёньня ў горадзе вялікая падзея - мясцовая топ-каманда "Глюкі" прэзэнтуе свой першы альбом - "Humanoid".
У залю набілася чалавек 400 чалавек, хоць па мясцовых мерках квіткі дарагія (10.000 руб.) На канцэрт прыехалі з суседніх мястэчак ды некалькі цікаўных зь Менску. Напачатку па чарзе іграюць каманды, блізкія гурту ідэйна і стылістычна. Публіка ставіцца паважліва, але раптам нехта не вытрымлівае: "Дайце "Глюкаў" нам!"
У Магілёве пад 100 каманд, чвэрць зь іх маюць сякую-такую папулярнасьць. Віталь Шум, кіраўнік магілёўскага творчага аб'яднаньня "Цэнтар жывога року", кажа, што рок-жыцьцё ў горадзе віруе - на месяц адбываецца пяць-восем канцэртаў. Дзякуючы ахвяраваньням (кожны сябар аб'яднаньня плаціць на месяц 5000 руб.) гэты рух і трымаецца. "Цэнтар жывога року" можа дазволіць сабе запрасіць зь Берасьця "Сьцяну" ці з Казахстану "Адаптацыю" - аплаціць дарогу ды яшчэ заплаціць за канцэрт. І такая суполка не адна. У гэты ж дзень у госьці да іншай магілёўскай каманды "Tav.Mauzer" прыехаў гурт "Тарпач" і "Свабодны тэатар" Халезіна. Сваю нішу займаюць мэталісты, панкі, барды. Нармальная канкурэнцыя, толькі ніяк скансалідавацца між сабой групоўкі ня могуць, нават ігнаруюць адзін другога.
Аб'яднальную функцыю выконвае хіба мясцовае "Наше радио", фармат якога не падобны на менскія FM-cтанцыі. На хвалях філіялу расейскай радыёстанцыі можна пачуць песьні ўсіх магілёўскіх камандаў у любы час. Таму моладзь з задавальненьнем падпявае "Авангардшколе" - культавай мясцовай групе, а першую песьню "Глюкаў" пра "ападкі, дажджы і панкаў" ведаюць усе.
"Глюкі" эфэктна глядзяцца на сцэне, нягледзячы на мінорны настрой у песьнях ("Сьвятла ня будзе!"), басіст Раман весяліць народ ва ўжо народнай манэры "а-ля Саша і Сірожа". У свой альбом "Глюкі" вырашылі не ўключаць некалькіх сваіх вострых песень - каб працягваць нармальнае існаваньне і далей. Колішняга "клюбнага" гіта са словамі "Дзякуй табе, бацька, за тое, што ты ёсьць, // Дзякуй табе вялікі! // Ты такі здаровы, ты такі лось, // А мы, твае дзеці, - дыстрофікі!" музыкі вырашылі нават не іграць на канцэртах. Вакаліст Лёша і аўтар песень Раман кажуць, што ня хочуць "уляпацца ў палітыку". Рома кажа, што, сьцягі і лёзунгі іх не вабяць.
Беларуская мова ў песьнях - душэўнае памкненьне. Хлопцы па жыцьці расейскамоўныя, але як садзяцца за напісаньне песьні, дык выходзіць па-беларуску. Энэргетыка ад магілёўскай каманды зыходзіць неймаверная, а тое, што адбываецца ў залі на песьнях "Хмарачосы", "Панкі ў горадзе", "Сьвятла ня будзе!", не на кожным канцэрце "N.R.M." здараецца. Магілёў любіць "Глюкаў", песьціць іх і паважае. Гэтага яны дамагліся самі - несупыннай працай (пачалі ў 1997 годзе), канцэртамі і сваёй унікальнасьцю. Апошняя песьня канцэрта - "Бывай" - выбівае сьлязу замілаваньня: "Бывай, мой родны край! // Ты песьні мне сьпявай! // Я буду тут ляжаць у брудзе, // Жыве зямля маіх бацькоў!"
Глючны Магілёў (Сяргей БУДКIН, газета "Наша Ніва", декабрь 2005)
Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий: