8.12.2006 Магілеўская акустыка. Ол ю нід із лав. 4-рэва

На зайздрасьць усім дзяроўням краіны, усходняя музсталіца Рэспублікі Б* мае чым пахваліцца. Да прыкладу, сваімі акустычнымі канцэртамі. Бясспрэчна, зьява ўнікальная. Сэрыя гэтых саматужных сьвятаў самадзейнасьці, якая распачалася ў кастрычніку і праходзіла ў маленькай паўпадвальнай зальцы БРУ, мела вялізарны посьпех у абарыгенаў. Гараджане-мэляманы з апантанасьцю чакалі кожнай новай вечарыны, раскуплялі (хто памажорней) ды перапісвалі (хто пахітрэй) кружэлкі з ўсіх “акустыкаў”. У дадзенай гераічнай справе былі задзейнічаны ня толькі тутэйшыя музыкі, але й паэты – бэст оф зэ бэст местачковага андзірграўнду. Апошняя акустыка сэзону, 3-га сьнежня, была, напэўна, самай рамантычнай і нават кропельку эратычнай. Невялікая колькасьць выступоўцаў – усяго чацьвёра – акурат супала з парадкавым нумарам вечарыны. Усё скрозь было прасякнута любоўнай лірыкай. Нават у апошнім адзьдзяленьні сьпявалі пра любоў. Да алькаголю.

Арганізатарам гэтых мерапрымстваў выступіў скандальнасьвядомы эмагілеўскі Цэнтр Жывога Року, якому, нягледзячы на ўсе хібы й недахопы, можна падзячыць ад дупы ... ой, ад дуШы. Хаця б за зносны гук, душэўную і інтымную атмасфэру, адсутнасьць (будзем спадзявацца, сапраўды так) камэрцыйных зацікаўленасьцяў. Канцэрцікі праходзілі, канешне, з розным ўзроўнем – адназначна лепшым я лічу апошні, чацьверты. І з розным настроем – ад дэкадансна-сплінавага да радасна-вар’яцкага (наконт паці №2 сьціпла прамаўчу: прамяняла на аўтастопны круіз па вобласьці з паэтам Вожыкам). Але нязьменным было адно – атмасфэра ўтульнасьці, сямейнасьці, цеплыні. Заадно высьветлілася, што прымусіць сядзець спакойна і пераважна на адным (мяккім) мейсцы дзікаватую нефармальную моладзь – магчыма. Кантынгент наведвальнікаў акустыкаў і электрычных фэстаў адрозьніваўся, але дзе-нідзе й супадаў.

Алесь Мельнікаў: “Я ни хрена не эмо, а реальный мачо”
Пачатак чацьвёртай “акустыкі” быў азнаменаваны выпаўзаньнем на сцэну флягмана рэгіянальнай шоў-індустрыі В.Шума, які доўга й сарамліва хваліўся зробленай працай па правядзеньні “акустыкаў” і тлумачыў правілы карыстаньня сарцірамі ды тэлефоннымі вібратарамі. Калі толькі ён абвесьціў першага выступоўцу, заля выбухнула крыкамі “стрыптыз давай!”. Лёгка здагадацца, што гэта быў славуты стрыптызмэн Магілева Алесь Мельнікаў (Меля). Зусім нядаўна Алесь паклаў на ўсе лапаткі юных вершаскладальнікаў горада і ў выніку выдраў зубамі перамогу ў літаратурным конкурсе “Плястылінавы бусел”. Пачаў паэт з сэзонных вершаваных твораў – страшнейшы брутальны пазытыў. Канешне, ж часткова там было пра каханьне: “Рвут горло птицы, как в экстазе// Плешивый кот, март чуя, заорал” (“Весна”). Калі напружыць фантазію, то й гэта таксама пра каханьне – з хіпозным адзьценьнем: “Хорошо в лесу, в теньке поспать малость”(“Лето”). Шкада, што вершы “Зима” ды “Осень” паэта забыўся дома, а тое я сабе ўяўляю... Таксама прагучаў адзін з “зорных” Алесевых вершаў “Жизнь прекрасна”. І тамака інтымнай тэматыцы знайшлося мейсца:
Ведь жизнь прекрасна, как поцелуй первый
А то, что она изменила с лучшим другом мне назло
Не стоит моих переживаний и нервов
Неизвестно, кому больше из нас повезло

Крыху падобным быў яшчэ адзін твор Мелі, “Любовь прекрасна и удивительна” – але пры ўмове “умереть в 19”. Само сабою, зьлёгку эратычна гучаў ягоны верш “Хаў ту би эмо” – інструкцыя, як галіць падпахамі, здымаць сэксуальнае напружаньне і такім чынам станавіцца істым эма-дзіцёнкам. Але ў завяршэньне з гонарам аўтар заяўляе: “Я ни хрена не эмо, а реальный мачо”. Ахвотна ў гэта верыцца – Алесь у нязвыклым для ягоных сяброў паэтычным ракурсе выглядаў крыху няўклюдным, і ўсё ж іскрамётным ды абаяльным трубадурам. Хоць і кропельку хваляваўся. Аднак гэта не перашкодзіла нашаму герою раздаваць дзеўчынам пацалункі ў калідоры падчас антракту. На разьвітаньне прамовіўшы “специально для ЦЖР” і паказаўшы фак (магчыма, як знак любові ці то каханьня да таго ж ЦЖР), паэт растварыўся ў натоўпе фанатак.

Атмараві: “Мы наконец-то превратились в растения....”
Мейсца нармальнага зямнога хлопца заняла істота не зразумець якой іншаплянэтнай расы. Панаехала тут касьцей з каляЗемных абласьцей. Трэці раз у Магілеў завітаў Атмараві. Пра яго ходзіць мноства розных чутак і лягендаў, напрыклад, што ён, Раві, насуперак заканадаўству РБ мае нават не падвоенае, а патроенае (яшчэ, магчыма, й гуманоіднае) грамадзянства. Нелегал пасьпеў атабарыцца ў Менску, у Нямеччыне, яшчэ ў нейкай Эўразіі, а таксама ёсьць інфармацыя, што прабраўся да нас з суседняй галяктыкі. Усё яно ясна бачна па творчасьці Раві і крыху па паводзінах. Песьні ў яго спрэс усе рамантычныя, пра каханьне плоцкае, але абсалютова незямное. Многія ад песенек Раві адлятаюць адразу. У космас.

Ухапіў, значыцца, наш іншаплянэтнік, адразу дзьве гітары – на жывот і на сьпіну павесіў. Нафіга, прабачце, казе два баяны? Гэта яшчэ што! Нейкай халеры уключыў фанаграму касьмічных шумоў і тыцкаў шчупальцамі ў кнопкі цягам усяго выступу. Штось перамудрыў. Вельмі здорава і таямніча, але без УФО-шных прыбамбасаў было б нашмат лепей. Самае цікавае, што захацеў Раві нас, зямлянаў, загіпнатызаваць. Натуральна, пад выглядам аромапалачак, якія запаліў на сцэне, пачаў травіць публіку псіхахімічнай зброяй – водарсусьвет, ведаем.

Далей памятаю мутна і ўрыўкамі.Сяджу я на танцполе ў позе лётаса, нюхаю гэтыя аромапалкі, галавою матляю, вочкі заплюшчыла ды лячу, значыцца, у вакууме. А Раві распінаецца (далятае мне, нібыта касманаўту па рацыі): “Каждый из нас как необитаемый остров в море любви и пустоты...”. Нармальна, касьмічная адзінота прабрала, у галаве круціцца: пяць хвілінаў, палёт нармальны. А Раві дакладвае:“Мы наконец-то превратились в растения....”, “Аз есьмь чертополох....”. Так, думаю, толькі выйшлі на арбіту, і ўжо кантузіла. А Раві мне: “Мое тело никого не хотело после тебя”. Не, ну тут я ўжо пачынаю разумець, што радыётрансьляцыя яўна не пэрсанальная, а па-любому групавая. І прычым калі не адключым гэтага дзі-джэя, то ўсё скончыцца хард-корам. А Раві на ультрадоўгіх хвалях не затыкаецца: “Я веду безответный эфир на пі-пі-пі частоте. Я – один на пі-пі-пі частоте”. SOS, думаю, трэба катапультавацца! А то засмокча ў чорную дзюрку. А то Раві зноў за сваё аэракасьмічнае: “В небе летят журавли над океаном из льна…”, “моё сердце летит...”.

Як прылунялася, ня памятаю. Помню толькі, што быў “Симферополь” і “Новы год”. І “Гололёд”. А Раві й тут сустрэў песьняй: “She loves me the way she loves blue sky ”. І ўсе-ўсе побач, як я паглядзела, сядзелі такія ж ачмурэўшыя, задураныя, прыкайфаваныя/ Містыка. Масавы гіпноз. Ну, Раві, ну Чумак...Яшчэ б поўгадзінкі, і сапраўды адляцелі б мы на Марс. Дзякуй, ацьвярозіў прагматычны меркантыльны Шум, якога ніякімі палачкамі не абкурыш. Адабраў у Раві мікрафон і давай гугнець над вухам сваю любімую мантру: “Скідваемся па 20 руб. на канцэрт у Віцьебску, аўтобус не рызінавы...”. А Раві пакрыўдзіўся і зьбег. Ага, захацеў нас у сэксуальнае рабства, супастат марсіянскі! Не на тых напаў! Немцаў выгналі, палякаў выгналі, камуністаў, можа, хутка выганім, ну і вас, гуманоідаў, не пабаімся! (Вось я пішу і альбомчык ягоны пераслухоўваю. “Чертополох”. Зараза. Адчапіся!)

Анка Упала: “Паэткіна вас лічнасьць не інцерэсует”.
Пакуль доўжыўся перакурак, на сцэне разыгрываліся ОСІМІРА. У колькасьці 5 чалавек, без адной сваёй скрыпачкі і запаснога бубнача. Так і карцела сказаць народу, які ўжо крыху захісташся ў экстазе, словамі дудара Канцавога: “гэта яшчэ не канцэрт, гэта настройка апарату!”. Лёгкае раслабленьне працягвалася, пакуль ня выйшаў канфэраньсье Шум. Дзядзька з гонарам працытаваў хрэстаматыйнае “паэтак, не бывае, бываюць толькі паэты”. Усе замерлі. На эшафот паднялася наша занкамітая ... ой, соры... наш знакаміты знакаміты паэт (хай даруюць мне ўсе фэміністкі) Анка Упала, суаўтар ПОМСТ-мадэрніскага праекту “Квадраяйкі”. Але пачаў дэклямацыю спадар літаратар не з паэзіі, абвесьціўшы:“парадую вас прыўкраснай прозай”. На расейскай мове з высакародным трасянковым пранансам Анка чытаў нам пра “пагубны паступак пецярбуржца” Пал Палыча Пірагова. Яўны ПОМСТ-мадэрнісцкі кавэр, толькі на які літаратурны шэдэўр – я так і не зразумела ў сілу неначытанасьці. Але ўсё роўна, было весела.
Пасьля настала чарга “прыўкраснай паэзіі”. Тут таварыш Анка чытаў тры вершыкі: “Серадзіна”, “Левы бок”, (“Правы бок” чамусьці аўтар абыйшоў) і пародыю на неўміручы твор магілеўскага паэта Вожыка “Зялёны чалавечак”. Рэакцыя на Анку, як і заўжды, – сьпярша ўсьмешкі, пасьля гігіканьне й сьмех, пераходзячы ў інцілягентны рогат. Усе ўжо даўно ведаюць, што гэты талент забівае на лінгвістычныя нормы і, па словах самога Анкі, “складае творы на трох мовах”. На якіх – для мяне абсалютовая загадка – па-мойму, чысьцюткая і бездакорная літаратурная трасянка. “Тарашкевіч ваш мне не указ” – з гонарам заяўляе аўтар. Таму ня дзіва, што ад такой “прыўкраснай паэзіі”, зноў працытую АУ, “з боку на бак круцяцца, шалея, Пушкін, Багдановіч, Мандэльштам”. Але падобныя акалічнасьці зусім не турбуюць пана Упалу і не ўплываюць на ягоную самаадзнаку, цытую: “Гудзела і я, незважаючы на тое, што ў мяне вялікі патэнцыял”. Пасьля трох вершаў, Анка зноў узяўся за прозу, прадэклямаваўшы сваё авангарднае, з праекту “Квадраяйкі”, апавяданьне “Курукіца” (сага пра “каламутную птушку Курукіцу”, тут просочваецца сувязь зь вядомай казкай пра “Курку-рабку”), скончыўшы некалькімі да сьлёз лірычнымі вершыкамі.

А пры чым тут каханьне? Трэба быць сьляпым, глухім і з мамантавай скураю, каб не адчуць, якая бездань сэнсу хітра акапалася за насыпам бязглузьдзіцы, блазнаватасьці і камізму гэтых крэйзілінгвістычных твораў. “Паэткіна вас лічнасьць не інцерэсует” – вопль у пустату – ад такога “сьцёбу” сьмяяцца ня дужа-то й цягне. Анка – менавіта паэтка (стоп сэксізм! безумоўна, стопрацэнтовая ПАЭТКА, бо ніякі ПАЭТ не насачыняе такой тонкай “прыўкраснай” і чыста жыночай лірыкі). Выдатна падкрэсьлівала любоўны накірунак ёйнай творчасьці прышытая на калене джынсаў аплікацыя-сэрца. Фінальны акорд: “Мне нравішся ты... Очень...Очень...Очень...” Занавес. Авацыі. Брава! Сумны клоўн змывае грым і пакідае за кулісамі чырвоны паралонавы носік. Вобразна кажучы.

ОСІМІРА: “Змагайцеся з алькаголем шляхам яго вынішчэньня!”
Здаровай любоўю да алькагольных напояў быў прасякнуты выступ вандроўнага гурточка ОСІМІРА. У гэты дзень яны прэзэнтавалі нованароджаны “ўнебрачны”, паводле іхняга аўтарскага азначэньня, праект “Музыка з кішэні”, прысьвечаны дзьвюм традыцыйна зьнітаваным рэчам – выпіўцы ды сьвятам.
Колькі там чаго музыкі там сыгралі – абсалютова незразумела, бо зь першых жа хвілінаў усё закруцілася, завярцелася, ператварылася ў хаатычны “пьяны” вір – нібыта ОСІМІРА вылівалі на публіку ня музыку, а літры чыстага сьпіртусу! (шкада, што дэгустацыю бырла не правялі!). Але, й без допінгу чаду хапала! Два асіміраўскія тамады – Костусь Канцавы ды Андрусь Палаўчэня пры падтрымцы астатніх сваіх гурткоўцаў зладзілі такі інтэрактыў, што ў шоў уцягнулася ўсё абалдзеўшае спадарства – нават апошнія шэрагі.

Пачалі ОСІ прыстойна, высакародна – з калядных песень, бо, як патлумачыў Канцавы, “Хрыстос нараджаецца. Усім прывет ад Шэфа!”. Адзін з твораў, “Каляда”, музыкі выконвалі на палюблёнай Костусем украінскай мове. Атмасфэру навагодняе казкі ў гэтай частцы канцэрту стваралі, галоўным чынам, дзівосныя званочкі ды чароўная скрЫпачка (не, скрыпАчка таксама па-свойму чароўная: адзін хлопчык усё шукаў яе потым за кулісамі). Неяк усё гэта настройвала на цуды, у якія звычайна ўсе наіўныя маленькія чалавечыкі вераць у маленстве – вось і ў той вечар ад музыкі АСЕЙ штосьці такое дзіцячае накаціла....

Але большая частка праграмы гучала куды больш стыхійна, чым зазвычай на выступах гурта.
Практычна ўсё было выканана на шырокую публіку ўпершыню. Адразу зазначу неардынарную нават для гэтай банды энергічнасьць, рытмічнасьць і шалёную ліхаманкавасьць музыкі. Пачынаючы кампазыцыі адносна павольна й мэлядычна, ОСІ разыходзіліся так, што стаяць і сядзець было немагчыма – ні публіцы, ні самім музыкам. Костусь ледзьве не перакульваў табурэт, на якім стараўся ўседзець, астатнія асіміраўцы таньчылі разам з інструмэнтамі – асабліва шкода было бубнача ля ўдарнай устаноўкі... Палаўчэня вырабляў шалёныя выкрутасы і толькі што не сальта! Гэта было сапраўды фэерычна – колькі адрэпэтаванага, а колькі імправізацыі – сказаць цяжка, бо музычнае апьяненьне ахапіла мяне разам зь іншы народам, роўна як і саміх асміраўцаў. Нехта матляўся ў такт музыцы, нехта зрэдку папіскаваў: “Жыве Беларусь!”

Сярод усяго гэтага дурэньня адна з кампазыцыяў усё ж успрымалася сур’ёзна – “Зялёны дуб”. Гэта, як паведаміў Костусь, быў псэўдонім каманьдзёра тэрарыстычнага атраду, што ваяваў 20-х гадах супроць бальшавізму ў Заходняй Беларусі. І прысьвяцілі ОСІМІРА гэты твор “усім змагарам за вольнасьць”. Наогул, кампазыцыя гучала досыць гераічна – так, што нават выклікала патрыятычныя рэплікі з залі, кшталту “шчэ не вмерла Украіна!”. Думаю, сьвядомыя ў у той час уздымалі ува ўяўленьні кубкі за беларускіх барацьбітоў.

Нарэшце музЫкі перайшлі непасрэдна да алькагольнай часткі імпрэзы. Тут было шчэ болей шчырай няўтаймаванасьці, весялосьці, блазанства і дурноты! Нават спакойных ды адэкватных па жыцьці цьвярозьнікаў зносіла хваляю станоўчых эмоцыяў. Дзеўкі ля сьценкі танчылі, піпл, мо, іпаскакаў бы, але маленькай утульнай залькі яўна не хапала! Разам з асіміраўцамі гледачы выкрыквалі назвы ўлюбёных алькагольных напояў і сродкаў апахмелу, Канцавы адчайна заклікаў ўсіх “змагацца з алькаголем шляхам яго вынішчэньня” ды “берагчы печань”. А што за музыку гралі ОСІМІРА – мабыць, ужо не разумелі самі ОСІМІРА! Анархія была паўнейшая – здавалася, што музыкі дзяўбуць інструмэнты, забіўшы на плэйліст і ноты, але настолькі гарманічна, як умеюць спалучаць музычны хаос толькі ОСІ...
...Усё, далей абрубіла, памятую нейкую “Вутачку”, агульную эйфарыю і што алькаголь – не пьянства, а сьвята! Халера!

Каламутная птушка Зязюрыца

Магілеўская акустыка. Ол ю нід із лав. 4-рэва (Зязюля, Инфа-цэнтр

, декабрь 2006)

Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий:
Укажите ваше имя на сайте Центр Живого Рока.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.

Рассказать друзьям