5.12.2006 “Нашы Ніва” ў горадзе. Акцыя працягваецца

І магілеўская філія “Нашага радыё” тут была першым чыжыкам, распачаўшы дзьвіжуху “Нашы ў горадзе”. Свой канцэрт пад лёзунгам “Нашы ў горадзе” радыйшчыкі ладзілі 29 лістапада ў клюбе “Ліга”. А днём пазьней да нас у Магілеў завітала рэдакцыя найстарэйшай з усіх сучасных беларускіх газэтаў – “Наша Ніва”. Сустрэча праходзіла на былым Коле Сяброў 30 лістапада. Газэце стукнула роўна 100 год і 1 тыдзень, і з гэтай нагоды яна гастралюе па краіне ды па-за ейнымі межамі, сустракаецца з чытачамі й ладзіць усялякія канцэрты-фуршэты. Нагадаю: “Наша Ніва” – з разраду “забароненых” уладаю выданьняў, выдаецца на “чысьцюткай” тарашкевічнай белмове, пазыцыянуе сябе як незалежную прэсу й распаўсюджваецца шляхам рэдакцыйнай рассылкі, бо “Белсаюздрук” і Белпошта адмовілі ў сваіх паслугах. Але колькасьць прыхільнікаў і чытачоў газэты не памяншаецца, а, насуперак перашкодам, расьце.

Рэдакцыю прэзэнтавалі ейны галоўны рэдактар Андрэй Дынько, супрацоўнік Алесь Кудрыцкі, крытык Даніла Жукоўскі, літаратар Андрэй Хадановіч, прысутнічалі таксама магілеўскія карэспандэнты, дапісчыкі і падпісчыкі, сябры “Таварыства беларускай мовы” ды астатняя гарадзкая
сьвядомая інтэлігенцыя – агулам народу назьбіралася за восем дзясяткаў.

Андрэй Хадановіч: “О ўзрушэньне незямное!”

На працягу ўсяго вечара, каб крыху разагнаць сур’ёзную атмасфэру – забароненыя газэты ня кожны дзень у нашым горадзе – пэрыядычна выступаў зь вершамі ды песьнямі паэт-пошт-мадэрніст Андрэй Хадановіч – раз-пораз яго друкуюць у “НН”. Салідны дзядзька-паэт з саліднай канстытуцяй чытаў несалідныя вершыкі, ад якіх прыстойныя дзеўчыны, асабліва на першым шэрагу, чырванелі і хавалі галаву ў каленкі: “О ўзрушэньне незямное! О незямное ўзрушэньне!..”, “Маланка тваёй сукенкі – як шаравая маланка....”, “Ты сядзіш на мне, як на ігле наркаман” і г.д. А паэт Вожык чырванеў падчас выкананьня Хадановічам песенькі “Бел-чырвона-белы вожык-патрыёт”. Ня ведаю, ці чырванеў Вожык, калі Хадановіч спрабаваў чытаць “Калядны рэп”, але рэпэр зь дзядзькі даволі нягеглы.

Андрэй Дынько: “Дурдом у нас у Менску поўны”

Андрэй Дынько, галоўны рэдактар газэты, паведаміў, што хутка саступае сваю пасаду намесьніку – Андрэю Скурко. Але, па ўсім відаць, курс выданьня рэзка мяняцца ня будзе. Як тут не ўзгадаць прымаўку “мяняем быка на індыка”. Спадар рэдактар адказваў на запіскі з залі, распавядаў пра газэту, пра адраджэнскі рух, падхваліваў Мілінкевіча, дзякаваў чытачам за падтрымку (у тым ліку, за фінансавую, бо на даляр замежнкаў ногі працягнеш). Распавядаў пра праграму Каліноўскага, Махатму Гандзі і беларускую касманаўтыку, а таксама зьдзіўляў аўдыторыю шыкоўным валоданьнем тарашкевіцай й трасянкай. На пытаньне рэдакцыі таблоіда “МЖ”, ці не плянуецца выдаваць “НН” на дзяржаўнай мове – трасянцы, – адказаў: “Калі ў краіне трасянка робіцца мовай палітыкі, то краіна робіцца пасьмешышчам ”. Пры гэтым Дынько ўсё скрадзіўся: “Самае жывое жыцьцё зараз адбываецца ня ў Менску, дзе ўсё штучнае, а расьцярушваецца па ўсёй Беларусі”. І назваў гэта паказчыкам “дэсаветызацыі”, бо савецкая ўлада імкнулася, наадварот, цэнтралізаваць літаральна ўсё. Асабліва запомнілася шчырая фраза “дурдом у нас у Менску поўны”.

Магілеўскае прадстаўніцтва “НН” – дапісчыкі, карэспандэнты й проста сябры газэты віншавалі газэтку і вычвараліся ўсяк па-свойму. Выступілі наш гарадзкі распаўсюднік Алесь Асіпцоў, карэспандэнты-пазаштатнікі: Васіль Аўраменка ўсё казаў пра “мёртвую” і “жывую беларушчыну”, Аляксей Бацюкоў пажадаў “НН” заставацца творчай, якая яна ёсьць зараз, Аляксандр Рыгоравіч (не, ня той!) Агееў , прызнаўся, што ня любіць вершаў наогул і з прынцыпу лаяў творчасьць маладога паэта Дзімы Дзімітрыева. Сам паэт прачытаў свой абсурдны верш (цудоўны радок адтуль: “у шчылінах яна! ад шчырасьці юнай!”). Нягледзячы на збоі ўпрацы апаратуры нашаніўцы прадэманстравалі відэапрэзэнтацыю – міні-фільм пра рэдакцыю газэты ды ейных насельнікаў. Пасьля кароткай рэклямы супэрмэгаінтэлектуальнага часопісуARCHE, таксама нядаўна забароненага, урачыста была ўручана нейкая дужа ганаровая прэмію ад таго ж ARCHE. Спадар ляўрэат растрогаўся і заявіў, што “інтэлектуальнае чытво ня столькі дапамагае ў канкрэтнай сытуацыі, колькі пашырае кругагляд”.

Харавое выкананьне Купалаўскага гімну “Нашай Нівы” “Ня згаснуць зоркі ў небе сінем” і праслухоўваньня некалькіх аўтарскіх песенек і бліц-уручэньня пасьведчаньняў навабранцам ТБМ, мы нарэшце дачакліся фуршэту. Што прыемна: у Менску, каб патрапіць на нашаніўскі фуршэт, трэба было заплаціць 100 тыс беларускіх тугрыкаў, а ў Магілеве рэдакцыя частавала сваіх прыхільнікаў за так. Падчас гэтаў ужо цалкам нефармальнай часткі мерапрыемства дзявочая частка рэдакцыі “МЖ” знаёмілася з мужчынскай часткай рэдакцыі “НН” у мэтах далейшай супрацы ды інтэрвіювавала Андрэя Хадановіча. Паэт зьбіўся з ног, падносячы маладым журналісткам “Менскае” шампаньскае.
Наогул, фразай вечара ды лёзунгам усяго зьлёгку пампезнага сьвяткаваньня юбілею “Нашай нівы” можна лічыць словы Дынько, дапоўненыя Хадановічам: “Не радзіся красівай, а радзіся ...” – “... сто год таму”.

“Нашы Ніва” ў горадзе. Акцыя працягваецца (Зязюля, Инфа-цэнтр

, ноябрь 2006)

Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий:
Укажите ваше имя на сайте Центр Живого Рока.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.

Рассказать друзьям