5.08.2006 Як Віталь “Вожык” Рыжкоў ды Алена “Анка Упала” езьдзілі на паэтычны фэст “Парадак слоў 2006”.
Шлю гэнаму Вожыку sms: купляй квіткі ў сідзячы вагон, таньней будзе. Вожык купляе пляцкарту! У выніку, забыўшы плястыкавую картку дома, Алена трапляе ў жорсткую грашовую кабалу да заможнага Вожыка, шчаслівага ўладальніка 100-даляравай купюры.
На пероне сустрэлі апупеннага (гэта я без іроніі, сур’ёзна) паэта Дзьмітрыя Дзьмітрыева (лірычны саманазоў “масла маслянае”), які распавёў нам пра тое, як не здолеў прачытаць кніжку Югасі Каляды “Галоўная памылка Афанасія”, бо не ўпадабаў першую і другую старонкі. Пазнавальна. Потым Зьміцер паказаў нам з Віталікам свой... зборнік “Полое собрание сочинений”, букіністычнае выданьне. Нам з Вожыкам стала зайздросна.
Увогуле пачуцьцё зайздрасьці чырвонай, так бы мовіць, ніцьцю праходзіла праз нашыя з Вожыкам зносіны падчас вандроўкі, выліўшыся непасрэдна на фэсьце ў непрыгожую бойку за прызавую кніжку С. Балахонава, якую Віталь Рыжкоў атрымаў за лепшае пытаньне да аўтара ў сеткавым інтэрвію.
- Давай сюды Балахонава!
- Не дам!
- Чаму гэта ТАБЕ, а не МНЕ?!
- Я Моцарт!
- А Я тады ХТО?!
- Ты... Ліля Брык!
- Не хачу Ліля Брык, хачу Моцарт!!!
Урэшце фізічная моц і нахабнасьць перамаглі выкшталцоную элегантнасьць і яскравы талент - Балахонаў застаўся ва ўладальніка.
Ехаць у Менск каштоўнай пляцкартай было шыкоўна: граў музон: з дынаміка сьпявала Сафія Ратару “Луна-луна, цвіты-цвіты” і пра “каварных мужыкоў”. Алена слухала, а Віталь ня слухаў - слухаў беларускі рок на маім кішэнным ПК. Віталь падзяліўся са мной плянамі “пакарыць Мір”, які, як выдома, з’яўляецца невялікім населеным пунктам у Віцебскай (правільна кажу? Ці Менскай?) вобл., дзе знаходзіцца гістарычны помнік Мірскі замак. Навошта яму гэта трэба - не вядома.
Апелюючы пытаньнем: “А для каго я гэтае ўсё пісала?!”, я спрабавала прымусіць Вожыка перачытаць свой фундаментальны твор па-руску “Уязвимый неуязвимый” пра Ахілесава. Нядаўна высьветлілася, што Віталь вырас на маіх таленавітых творах, якія чытаў у “Весьніку Магілева” ў 13 год. Тады яны падаваліся яму сьмешнымі.
- А ведаеш, як табе будзе сьмешна гэтым разам? Там ўсё перароблена і шмат новага! - інтрыгавала я. Усё дарма. Нават пагроза адабраць у яго мой надалоньнік не спрацавала.
У 10.50 цягнік прыцягнуўся ў сталіцу. Забыўшыся на таленавітага паэта, удзельніка лонг-ліста прэміі “Дэбют” 2003 Дзьмітрыя Дзьмітрыева, які ехаў у іншым вагоне, мы пабеглі на прэзентацыю зборніка вожыкаўскага куміра Алеся Разанава. Фальварак “Добрыя мысьлі” па вул. Магілеўскай знайшлі вокамгненна. Прыйшлі, запісаліся ў нейкай цётачцы ў ліст прысутных і атрымалі па халяўнай прэзентуемай кнізе “Каб мелі шчасьце ўваскрасаць і лётаць”, часткі мастацка-канцэптуальнага праекта Алеся Разанава і мастака Віктара Маркаўца “Яйкаквадраты”.
Селі ў куток ля дзверы. Па сьценах памяшканьня прыгожа віселі выявы белых, чорных і чырвоных яйкаў на чырвоным, белым і чорным тле. Было шмат літаратараў, мастацтваведаў, выкладчыкаў, філёлагаў ды філёзафаў. Я запомніла Юрася Барысевіча і Віктара Жыбуля. Калі абвясьцілі, што слова бярэ акадэмік і прочая і прочая..., я захвалявалася, кажу: “Віталь, узьнімайся, табе слова даюць!” Але мы памыліліся слова браў акадэмік Радзім Гарэцкі. Апроч іншага з выступу Алеся Разанава прысутныя даведаліся, што ён жыве ў Швейцарыі ў жаночым кляштары і пра тое, што Усяслаў Чарадзей - транцэдзентальны. А так галоўным чынам гаворка ішла ў русьле: канпанія МТС папёрла ў Маркаўца з Разанавым ідэю і канцэпт белага яйка на чырвоным тле. Мы з Віталікам з інтарэсам слухалі выказваньні людзей мастацтва пра яйкі, пакуль цётачка не сказала, што слова бярэ... Анка Упала. З неспадзяванкі ва Упалы Анкі падкасіліся ножкі, але яна мужна ўзьнялася і таксама сказала колькі слоў пра яйкі. (А хацела ж правакацыю сказаць: ці не зьвярталіся да творцаў раз’юшаныя японцы з прэтэнзіяй? Чырвоны яйкаквадрат на белым тле- акурат японскі сьцяг! Але Віталь мне не дазволіў.) На гэтым прэзентацыя скончылася і мы пайшлі да Разанава за аўтографамі. “Трымаю яго на вуснах: імя: Анка Упала, Буду памятаць. 4.08.06 РА.”- вось так напісаў мне жывы клясык.
Дарэчы, пасьля зносінаў з кумірам Вожыку паплахела і сапсаваўся настрой. Разанаў - волат думкі, цяжка дакранацца да вечнага.
Падсілкаваўшыся ў вакзальнай сталоўцы-абдзіралаўцы (Рыжкоў еў кілбаскі “Магілёўскія”), самародкі рушылі на фэст, што мусіў адбыцца ў музэі Максіма Багдановіча, што ў Траецкім. Тутака сурпрыз і справядлівае абурэньне чытача: Аленка-та, гэты бясспрэчны гонар Магілеўшчыны не ўдзельнічае, бо не паспела даслаць заяву на фэст, а ўдзельнічае гэны падробны “Моцарт” Вожык, ну і Дзьмітрый Дзьмітрыеў таксама. Але хай не хвалюецца чытач! Як пісаў бесьсмяротны...не Кашчэй, а Максім Багдановіч, сапраўдны літаратурны брыльянт “не спыніць, не ўтрымаць”. Усё роўна я “маладзец”. Трэба, каб Вожык мне зрабіў сайт, тады выкладу свой залаты фонд у сеціве.
Такім чынам працягнем. У першы дзень 4 жніўня выступалі беларускія аўтары. Заля была забітая пад завязку. Шоу, трэба сказаць, адбылося. Былі такія паэты, што залю надарвалі, а былі і такія, што парвалі. Першы ж выступоўца, дэклямуючы вершы і крычаў, і амаль сьпяваў, і рукамі махаў. Імпэза! Цікава выступіла Джэці, “ізяшчэствам радка” ўразіў таленавіты паэт, удзельнік лонг-ліста прэміі “Дэбют” 2003 Дзьмітрый Дзьмітрыеў, асабіста мяне ды іншых заваяваў сваёй “Одай кланаваньню” Віктар Жыбуль. Ці вы сумневаецеся: парваў усіх “чорная лошадка” (па-беларуску “чорны конік”- гы-гы!) Віталь Рыжкоў. Выйшаў, папрасіў нікога яму не пляскаць, а пакінуць аплядысменты Андрэю Хадановічу і ТАК злосна накрычаў публіцы свае вершы, што яна ціхенька сядзела ўражаная. Я Віталіка і так баюсь, калі ён вершы чытае, а гэтым разам увогуле спужалася. Такі ён быў злосны.
Андрэй Хадановіч, на маю думку прачытаў не тое, ад чаго звычайна “біснуіцца” публіка. Але яго “велічыя” гэта не “умаляіт”, таму мы з Віталем на наступны дзень зь ім фатаграфаваліся. Віталь з Хадановічам, а Хадановіч са мной, і гэта, я лічу, правільна.
Дарэчы, нас здымалі і паказвалі ў навінах АНТ.
Акрылены посьпехам Вожык а 9 гадзіне пацягнуў мяне гуляць па Нямізе, незважаючы на дождж. Таму ў абшчагу на ўскрайку Менску, дзе пашанцавала начаваць, мы трапілі ўшчэнт мокрыя. Дзе начаваў удзельнік лонг-ліста прэміі “Дэбют” 2003 Дзьмітрый Дзьмітрыеў навуцы невядома, але, спадзяемся, класьней за нас.
На другі дзень Алена і Віталь папнуліся слухаць расейскіх, украінскіх ды іншых нацый паэтаў. На маю сьціплую думку гэта ўжо было меньш цікава. Хацелася украінскамоўнай лірыкі, якой так і не пачулі. Прынамсі тыя, хто дасядзеў толькі да паловы, як мы. Я ўпадабала толькі казаха Ербола Жумагулава, што чытаў па-расейску і яшчэ аднаго дзядзеньку, імя якога, нажаль, не запомніла.
Скажу яшчэ, што Віталь атрымоўваў знакі захапленьня ад слухачоў: падыходзілі, знаёміліся, хацелі кніжку (а ў яго іх няма), пыталіся пра e-mail, сайт і ЖЖ, размаўлялі з Віталем пра яго творчасьць, слухалі яго слушныя адказы. Алена сьціпла стаяла побач, адлюстроўваючы Вожыкавы прамяні. Адзін толькі Хадановіч выказаў жаданьне сфатаграфавацца з клясыкам (гэта, значыць, са мной), а так усё.
Вось так і з’езьдзілі. Сёньня ў Вожыка запіс на правадным радыё, а я буду гатаваць картоплю з фасоляй для сябе і брата і яшчэ ў мяне заплянавана мыццё вопраткі. З раніцы ўжо апрацавала ў фаташопе фоткі з фэсту, каб вы паглядзелі. Зараз артыкул дапішу і гамон. Прывітаньне!
Вашая Анка Упала, www.morok.ru
Як Віталь “Вожык” Рыжкоў ды Алена “Анка Упала” езьдзілі на паэтычны фэст “Парадак слоў 2006” (Анка Упала, Инфо-центр
, август 2006)Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий: