3.12.2006 «Плястылінавы бусел 666». Магільная паэзія ў Магільным горадзе
У шасьцёрцы, асабліва калі зьлёгку траіцца ў вачох, можна разгледзець нешта містычнае. Вось і шосты фэст пачынаючых паэтаў “Плястылінавы бусел” атрымаўся крыху трылерным, зь лёгкім налётам д’ябальшчыны і элемэнтамі садамазахізму. Адным словам, стыльна, весела ды міла.
24 лістапада, калі нічога страшнага, здавалася, ня мусіла здарыцца, у чорным-чорным Магільным горадзе ў актавай зале 4-га корпуса МДУ сабраліся маладыя паэты і іхныя прыхільнікі (тады яшчэ патэнцыйныя). Дэкарацыі настройвалі на змрочны лад: на задніку віселі дзіцячыя галовы... Намаляваныя. Пасьля таго, як грозны алдовы субкультуршчык Клайд пачырыкаў у мірафончык для праверкі гуку, было прадстаўлена аўтарытэтнае журы (Салаўёў М.В. з Масквы, Слава Новікаў зь Віцебску і тутэйшыя Э.Мядзьведзкі, В.Шэндзераў ды Пронькіна Аляксандра) . Вальпургіева вечарына паэзіі распачалася.
Спачатку, каб маральна падрыхтаваць публіку да ўспрыманьня высокай літаратуры, на яе нацкавалі скандальнавядомага Юлія Ільюшчанку, ляўрэата аднаго з папярэдніх “Плястылінавых буслоў”. Пачатак быў страшным, бо Юлій пасьпеў абліцца нечым цёмным ды ліпкім (паэт сьцявярджае, што піў “колу”, а зусім ня кроў, як многія маглі падумаць). Юны літаратурны хулюган вырашыў не чытаць свах самых максымалісцкіх вершаў, таму што, кажучы ягонымі ж словамі, “если срать другим на душу – на своей потом не лучше”. Пасярод выступу раптоўна спрацавала сырэна пажарнай бясьпекі: “Всем покинуть помещение!”. Але нават гэты скандальны факт не спыніў гарлана-паэта. Трывога аказалася несапраўднай, і таварыш пасьпеў зрабіць яшчэ шмат паэтычных прызнаньняў, напрыклад: “Я в голову набил себе гвоздей”, альбо “меня спасает от смерти анаша”. Самы лёгенькі, прыемненькі і цікавы твор Юлія з усяго прачытанага – “Манеристка”.
Як заўжды, у складзе выступоўцаў пераважалі томныя дзяўчаткі зь лірычнымі вершыкамі, ад якіх дзіка хацелася плакаць. Асобныя члены журы пачалі заліваць гора “Крыніцай”.
Першай прэзэнтавала сваю творчасьць Катовіч Ганна, студэнтка педфаку. Чытала на адным подыху, так, што здавалаася, верш у яе адзін – вялікі, змрочны і ве-е-ельмі пэсымістычны: “Убиваю страх в своих венах. Я в аду, преисподней, на дне...”. Але адзін ейны твор усё ж вылучыўся арыгінальнасьцю, “В день рождения”: “Лишь дураки каждый год празднуют приближение смерти”. Не без гумару. Натуральна, чорнага, хе-хе.
Студэнтка з Масквы, Інга Давыдава, наадварот, крыху надала пазытыву. Вершы, канешне ж, былі выключна пра каханьне, пра “нежность трепетных рук“ і “взор горящих очей”. Але й тут без магільнай эстэтыкі не абыйшлося: “раненной птицей лечу домой”, “по ночам всё чаще снится, как ложусь я в гроб под звуки траура”... і г.д. Карацей, у дачыненьні да творчасьці юнай паэткі працытую яе ж: “Вы послушайте, миленький, я хорошая, только вам меня не понять”.
Магілеўка Лосева Наста таксама чытала нешта занадта надрыўнае ды патаснае, як хтось гінуў “за волю, правду и свободу”, і сьцьвярджала, што “всё для народа Беларуси”. Але кульмінацыяй выступу юнай патрыёткі стаў верш, напісаны на матчынай мове за назвай “Наш боль”. Дзяўчына радасна паведаміла, што “мы неад’емна зьвязаны з прыродай”, і пацьвердзіла гэта гісторыяй з жыцьця. Нібыта аднойчы аўтарка сядзела на беразе ракі ды ўбачыла ў небе журавоў, якіх у вырай адляцець “жыцьцё прымусіла і браканьеры”. Зь сярэдзіны залі ўвесь час даносіўся неітэлегентны і, прама скажам, конскі ржач, які выдавалі далёкія ад вытанчанага паэтычнага мастацтва недысцыплінаваныя панкі.
Лаўрэнава Алена, таксама з Магілеву, пачала вершыкам “Вайна”, у якім ад усёй душы паспрабавала перадаць у фарбах жудасныя карціны бітвы і адчуваньні яе ўдзельніка паводле прынцыпу – я тама сама была, і как шчас помню. Працытую: “падают капли в живую траву по окончании боя”. Асабліва ўразіла маляўнічая фраза “враги нарастали”...
Кучу крывавых трылераў вываліў на нас Сідорскі Антон, трэцякурсьнік БРУ. Вясну кожны ўяўляе па-свойму, але цяпер у мяне гэтая рамантычная пара зьвязаная выключна з вобразам, народжаным Сідорскім: “припухли веки над водой”. Таксама да сьмерці не забуду ягоныя вельмі арыгінальныя эпітэты і мэтафары, тыпу “созревшие и сочные глаза мои” і “очень-очень никакие поцелуи”... Дэклямуючы свае творы, тэмпэрамэнтны паэт кідаў такія палкія ды пагрозьлівыя позіркі ў залю, што я думаю, не адной мне захацелася схавацца пад седзівы. Па традыцыі, зазначу што адзін зь вершыкаў усё ж быў супэровым і надзвычай яскравым – “Эстетический светопёс”.
Калі ў мяне ад большасьці прачытанага ўжо трэсьліся паджылкі і валасы стаялі тырчком, і, думаю, у самай уражлівай часткі аўдыторыі таксама, на сцэну выйшаў мэталічна-нэфармальнага выгляду юнак Шаўцоў Сяргей. Першы верш ён напісаў, як сам прызнаўся, не ад добрага жыцьця, чым выклікаў бурныя воплескі. “Волком вою я в полнолунье и чешусь от кусающих блох тоски”, “никогда не увидеть мне солнца свет”... На залю гэтыя творы дзейнічалі, наадварот, пазытыўна і выклікалі ўсьмешкі на тварах ды радасны сьмех. Нявыхаваныя панкі, ў захапленьні ржалі. Асабліва на брутальным вершыку “Любовь по де Саду”, які прысьвечаны, па словах аўтара, “лучшей суке в моей жизни”. “Твоё эго я съем на ужин”, “ах, какие хрустящие пальцы”, “расчлененье – это смысл существованья”... На разьвітаньне Сяржук ўжо прозаю дадаў: “Многие не понимают моё творчество”. Ага!..
Самай пазытыўнай часткай канцэрту быў, напэўна, антракт. Відаць, арганізатары вырашылі крыху падтрымаць народ, каб той дажыў да канца мерапрыемства, і таму запрасілі маладзенькі рэгі-гурт ЗЕЛЁНАЯ ЧЕРЕПАХА. “Тры чарапахі”(ну як тут не ўзгадаць эНэРэМ), выглядалі, замардаванымі, хворымі, зьнясіленымі, нібыта негры на плянтацыі пасьля зьмены. Але глядзеліся й гучалі зусім па-растаманску. Адзін з “чарапахаў” нават чытаў вершы (шкада, што па-за конкурсам): “своими ногами я хотел попасть в кроссовки, а попал в абстракцию”. Тым часам да жлобінскага дэ Сада выстраілася цэлая чарга: хлопец раздаваў свае зборнічкі вершаў. Хто хацеў адчуць сябе сапраўдным “ідыётам”, той лавіў рэдактара Віцебскага часопісу “ИДИОТ” Славу Новікава, які дарыў сьцяжкі з назвай свайго друкаванага органа, а таксама малюпасенечкія зборнічкі сваіх жа вершыкаў ды песенькаў.
Зноў для разагрэву, выпусьцілі па-за конкурсам на сцэну Кацю Самігуліну, якая перамагла на адным з “Буслоў”. Паэтка чытала свае хваравітыя і крыху вар’яцкія творы, напэўна, больш пазытыўна, чым заўсёды. І, канешне, куды больш энергічна, чым большасьць дэпрэсыўных хлопчыкаў і дзяўчатак за ўвесь вечар. Пасьля Каціных вершыкаў з заклікамі: “песни пойте, рвите крылья” і “летите в небо, вы – птицы!” мне падумалася, што слова“лятаць” у дачыненьні да шчырай паэзіі часьцяком асацыюецца са словам “летальны”. Мабыць, па-сапраўднаму “рваць крылы” пакуль атрымлівалася далёка не ўва ўсіх удзельнікаў “Бусла” – Каця адна зь нямногіх.
Другое адзьдзяленьне нічым асаблівым ня вызначылася, за выключэньнем парачкі выступоўцаў.
Перапечына Юля, якая прадстаўляла эканамічны каледж, зьдзідзівіла толькі парадаксальным зьнешнім выглядам – ня кожны дзень сустракаеш бляндынак ў цяльняшцы зь вялізным дэкальтэ. Таму ня дзіўна, што дзяўчыну адразу пасьля выступу акружылі прыхільнікі – такія ж паласатыя нефармалы. Прачытаныя творы былі даволі просьценькія, большай часткай жыцьцярадасныя і не асабліва загрувашчаныя яркімі вобразамі ды глыбокім сэнсам. Неблага гучаў, напрыклад, вершык “Актриса”. Паэтка нават здолела наладзіць кантакт з аўдыторыяй – калі чытала: “Бог устал нас любить”, то з залі раздаліся фанатычныя воклічы“СПЛІ-І-ІН!”. І ўсё ж, не абыйшлося без філязофскіх сэнтэцыяў на разьвітаньне: “Главное – не свернуть, когда до конца осталось немного”.
Навучэнка музвучэльні Ткачова Тацяна мужна адстойвала гонар свайго легендарнага горада – Бабруйска, і нават прысьвяціла яму верш. Яна была другой паэткай за вечар, якую дужа хвалявала тэма вайны і асабліва лёс хлопцаў-салдатаў. Ад вайны Тацяна плаўна перайшла да мамы. У залі зьявіўся агеньчык салідарнасьці, запалены Кацяй Самігулінай. Цалкам лягічна, што свой самы патэтычны і эмацыйна ўзьнёслы твор паэтка прысьвяціла сільнай і працьвятаюшчай Беларусі: “Живи и процветай, страна моя голубоглазая”.
Тым часам эстэтствуючая публіка ўважліва гартала нэкрафілічныя зборнічкі змрочнага жлобінца, што крыху абстрагавала іх ад творчасьці Рабавай Насты, студэнткі педфаку МДУ. Як вы ўжо здагадаліся, вершы гэтай дзяўчыны распавядалі пра няшчаснае каханьне і тужлівае растаньне. З усёй Наставай лірыкі мне запомніўся, прынамсі, адзін жорсткі вобраз: “Остались те ресницы навсегда, словно где-то потерялись”.
Сурпрызам вечара сьмела можна было абазваць Мельнікава Аляксандра. Сярод павальнай тугі, масавай хандры і ўсеагульнага смутку Алесь выглядаў як яркая вясёлка між завесы шэрых хмараў. Мора гумару, сьвежы погляд на рэчы і поўная адстутнасьць патасу выгадна адрозьнівала хлопца ад усіх астатніх канкурсантаў – прынамсі, публіка была ў захапленьні і ўвесь час сьмяялася (што важна – не над паэтам, а разам зь ім). “А небо голубое, и всё ему похер” – гэтая фраза з Алесева верша выдатна перадавае агульны настрой ягоных твораў. Калі б паэт не чытаў вершаў цалкам, а толькі іхныя назвы, усё адно зьмест бы зразумелі: “Как я стал фашистом”( першапачатковы варыянт – “Как я Родине служу”), “Жизнь прекрасна” (альбо “Жизнь – дерьмо”), “Утро обычного человека”(“Грустное стихотворение”) і г.д. Думаю, самым запамінальным творам конкурсу стаў яконы лёгка-эратычны верш “Как изучить географию” (“Попу любимой я глажу рукою”), у якім паэт параўнаў кожную частку цела дзяўчыны з пэўным геаграфічным аб’ектам. Патрыятызму у аўтара не адняць, бо на дупе ён знайшоў мейсца і сваёй Айчыне: “Вот моя Родина - посерединке”. Сам творца інтанацыямі ды манэраю трымацца няўлоўна нагадваў Маякоўскага – толькі бяскрыўднага, сьціплага і ўсьмешлівага.
Пераняла эстафэту ў “Маякоўскага” дзяўчына Ліля, толькі ня Брык, а Семяновіч. Бадзёра, упэўнена, звонкім галасочкам паэтка дэклямавала, як і папярэднія канкурсанткі, досыць “дэпрэсыўныя” вершы (здаецца, гэта мода для пачынаючых паэтаў усіх часоў ды народаў...). Але паводле зьместу прачытанае Ліляю крыху адрозьнівалася ад “дзявоцкай” лірыкі, што гучала да таго. Магчыма, большай насычанасьцю эмоцыямі і сьмеласьцю вобразаў: “А то, что душа болит – так это ж красиво, это полезно”. Альбо: “Меня не возбуждает ваша долбанная похоть”. Дзяўчо нават замахнулася на местачковых клясыкаў і склала верш “Женщина-сестра” – у адказ на аднайменную песьню магілеўскага рок-паэта Цімафея Яравікова: “Женщина-сестра всегда рядом, только щелкни пальцами”. Цікава будзе паглядзець, што атрымаецца зь Лілі, калі яна ня кіне паскудную ды няўдзячную справу вершаскладаньня.
Завяршаў парад юных вершаскладальнікаў будучы архітэктар Лугаўцоў Ігар. Хлопец прызнаўся, што натхняецца рускім рокам (праўда, па вершах было цяжка зразумець, творчасьцю якога гурта). Пра дадзенага творцу можна адзначыць, што чытаў свае творы безьмяцежна, спакойна і без залішніх эмоцыяў. Карацей, цытуючы самога аўтара: “Воздушно вращает спокойствие шум”. Адным словам, характар стойкі, нардычны.
На гэтым паэты скончыліся. Журы выдалілася дзеля падліку галасоў (кожны глядач мог прагаласаваць за ўлюбёнага ўдзельніка, запоўніўшы анкету) і падвядзеньня вынікаў, “чарапахі” зноў радавалі нас сваім замардаваным рэгі, а трыдыцыйныя дзевачкі з “Рэд Була” ўлівалі канкурсантам і членам журы свой буржуйскі напой. Калі нарэшце судзьдзі скончылі сваю нараду і агучылі вэрдыкт, то выйшла вось што: дылём у намінацыі “духоўнасьць” дастаўся інфэрнальнай Ганьне Катовіч, садыст ад літаратуры Шаўцоў Сяржук атрымаў прыз часопісу “ИДИОТ” за “аптымізм у паэзіі” і сэртыфікат на званьне “жыцьцялюба”. Самы галоўны прыз – прыз глядацкіх сымпатыяў як “самы аптымістычны” ўрваў, канечне ж, Алесь Мельнікаў. Папляскаўшы у знак падзякі ўсім, хто прыняў удзел у правядзеньні фэсту, і асабліва Касабуцкай Вользе (Нерпе) – галоўнай арганізатарцы конкурсу і проста народнай гераіні, усе рассмакталіся па розных куточках Магільнага гораду. І да позьняй-позьняй ночы на чорных-чорных вуліцах кучкаваліся падазроныя групкі чорных-чорных людзей, якія расчлянялі, а потым гвалцілі прастытутак, пілі кроў бамжэй, вылі на месяц і жэрлі трупы сабак.
«Плястылінавы бусел 666». Магільная паэзія ў Магільным горадзе (Ziaziula, Инфо-центр
, ноябрь 2006)Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий: