25.12.2006 Паганцы танчаць танцы
Любы дурань ведае што край наш забыты ня толькі цывілізацыяй, прагрэсам і дэмакратыяй, а ў сёлета нават зіма забіла на нас, беларусаў. Да новага году ўсяго нічога два тыдні, а аб сьнегу нагадвае толькі назва месяца (сьнежань, хто забыўся). Таму магілеўскі гурт OSIMIRA вырашыў ўзяць ініцыятыву ў свае рукі і арганізаваць экстрэннае гуканьне зімы. Ды заадно нагадаць усім, што ўжо час хапаць дупу ў рукі ды хуценька рыхтавацца да сьвятаў. 16 сьнежня ОСІ зарадзілі невялічкі пераднавагодні баль у абласной філярмоніі, падарыўшы сваім аднавяскоўцам навагодня-калядны настрой, цуд й казку.
Эпізод з маленства: зімовая пераднавагодняя ноч. Бабчына хатка на ўскрайку маленечкай занядбанай вёскі, амаль у лесе. За вакном – жудасьць. Вокны ў гушчарах льду. Мароз да трэску, вецер скавыча, уздымае клубы сьнегу, зьвініць крышталікамі інею. Чуваць зьвярыны вой – самотны, прадзірлівы. Ты, малы і дурны, ляжыш пад коўдраю і ніяк ня можаш заснуць. На печы храпіць дзед, у суседнім пакоі сапіць бабця. Нешта шкрабецца, шамоча і ляскоча – котка? бабай? дамавік? Страшна і адзінока. Мармыча ў пярэдняй хаце белрадыё – не вырубаецца ніколі. Але зараз ты радуесься нават яму – як адзінаму сябру. І нават пачынаеш услухоўвацца ў бессэнсоўны бубнёж дыктаркі. Раптам, на ноч гледзячы, дзірку ў радыёэтэры вырашаюць заткнуць музыкай. Гэта потым, гадоў праз дзесяць, ты назавеш яе альбо фолькам, альбо этна, альбо world. Цяпер гэта для цябе проста песьня бяз словаў, нешта таямнічае, дзіўнае, незразумелае – але а-а-балдзеннае!... Ты выстаўляеш вуха з-пад коўдры і ў зачараваньні ловіш гукі засьнежанага лесу, вой завірухі, звон льдзінак – яны, гукі, прабраліся ў хату праз дрот, скрозь разэтку. Пацяплелі, адтаялі, падабрэлі і склаліся ў мэлёдыю – яна поўніць душу пачуцьцём утульнага спакою, навагодняй казкі і калядных дзівосаў. І ты засынаеш зь цеплынёю ў сэрцы...
Усё гэта ўжывую паўстала ў маёй памяці, як толькі OSIMIRA распачалі сваю канцэртную праграму. Пачуцьцё зноўку было такое, быццам у залю абласной філярмоніі прарваліся аднекуль гукі сапраўднай зімы, прыроды. Жывой, неўтаймаванай зімовай стыхіі. Своеасаблівы мікс дзікунства-паганства ды выкшталцонага хрысьціянства, атмасфэра цуду і дух глябальнага хэпінэса.
ОСІ сваім ідэалам не здрадзілі. Але гучаньне крыху адрозьнівалася ад нядаўніх выступаў гурта ў Магілеве. Не хапала хіба што цудоўнага гумару й блазанства, як на акустычным канцэрце, эма-панк-анархіі, як на Хэдлайне, драйвовасьці ды разьдзяўбайства, як на Магатэксе. Аднак на гэты раз OSIMIRA паказалі вельмі высокі ўзровень майстэрства і гарманічнасьці гучаньня, адладжанасьці і дасканаласьці, дакладнасьці спалучэньня ўсяго арсэналу інструмэнтаў. Нават рэчы са старой праграмы – з альбому “Прошча” ўспрымаліся інакш – больш яскрава, востра.
Напачатку ОСІМІРы правялі для гледачоў маленькі музычны лікбез: падрабязьненька пазнаёмілі са сваімі фантастычнымі інструмэнтамі – дудкамі, калюкамі, сурмамі, вурганамі ды ўсялякімі акарынамі; паведамілі што ў беларускай музычнай культуры мужчыны традыцыйна граюць, а жанчыны пяяюць. Канцавы, як заўжды пасароміў тых, хто вывучае фальклёр па Кадышавай. І заадно прэзэнтавалі новых удзельніцаў гурта – аўтэнтычных дзевачак-падпевачак Вольгу&Вольгу.
Штатны байкар і стоўп гурта Костусь Канцавы прызнаўся, што іхны калектыў сур’ёзны і нават постмадэрнісцкі. Таму ніхто не зьдзівіўся, калі сур’ёзны супрацоўнік тэлебачаньня Андрусь Палаўчэня абвесьціў: “Кінакампанія 13-е стагодзьдзе кокс прэзэнтуе – “На дарожку”! ” і сур’ёзны калектыў пры абласной філярмоніі раптам пачаў граць несур’ёзнае рэгі пра нейкую тэлеграму, якая “не даходзіць да май мілка”. Глядацкая заля тыт жа паддалася на пазытыўныя вібрацыі, ашчэрылася ўзьнятымі ўгору рукамі і падтрымлівала музыкаў дружнымі пляскамі і хістаньнямі – таксама сьвята, толькі джарастафарскае...
Меліся ў асіміраўскай кішэні як шалёныя, экспрэсыўныя ды стыхійныя кампазыцыі – для ног, так і больш спакойныя ды мэлядычныя – для вушэй. Разам з творамі з альбому “Прошча” прагучалі новыя музычныя здабыткі гурта. Напрыклад, некалькі кампазыцыяў, адмыслова прысьвечаных Калядам: магічная “Рай”, проста звышчароўная “Каза” і самая, напэўна, містычная “Каляда”. Вельмі раю ўдзельнікам гурта схапіць торбу паболей(кожнаму) і з гэтым кавалкам праграмы пабадзяцца па горадзе ў калядныя сьвяты. Думаю, давядзецца выклікаць як мінімум самасвал, каб адвезьці дахаты ўсе пачастункі ад удзячных слухачоў. Я б сама аддала б апошні шматок сала за такія гарныя й душэўныя песенькі. На ўсялякі выпадак музыкі вырашылі падмацаваць посьпех купальскай музычкай – паводле прынцыпу “рыхтуй сані ўлетку”. Заадно й лета сустрэнем.
“Я кожны раз мушу вызначаць, што мы – не акадэмічны калектыў, і таму танчыць можна! На праходзе, на мейсцах, падымайце рукі, ногі – усё, што падымаецца!” - нагадаў Костусь Канцавы. Моладзь павыпаўзала ў бакавыя праходы, ушчамілася ў куточкі зьлева ды справа ля сцэны, пад калёнкамі. І там, у рэзэрвацыі, кружыла карагоды, трэсла ўсімі канечнасьцямі й скакала вышэй за галаву! На песьні “Жыва”, якая гэтым разам гучала зусім па-афрыканску, танцоры ледзьве што ў транс не ўваходзілі. Усе гэта нагадвала племя тумба-юмба падчас рытуальнай пляскі вакол вогнішча – сапраўдная world. music. Як высьветлілася, OSIMIRA мелі ў запасе ня толькі “дыскатэчныя тэмакі” для раскілбасу. Былі ў кішэні музыкаў і “медлякі” для расслабухі (“Русальная”, “Вырай”), падчас якіх сапраўдныя кавалеры мелі шанец элегантна адтаптаць чаравікі дамам сэрца.
Карацей, праграма была маленькай ды ўдаленькай. Людзі, якія выходзілі на антракт не адразу дазнаваліся, што гэта ўжо фінал. Тыя, хто танчыў, ледзьве цягнулі ногі (з шчасьлівымі выразамі твараў). У грымерцы я скардзілася музыкам: “Яшчэ б крыху – мы б памерлі!” . “І мы – таксама!” – з задаволенай усьмешкай адпавядаў бубнач. Ага, затое зіму сустрэлі ў лепшых традыцыях паганска-хрысьціянскага ўрачыстага шабасу, прабачце за блюзьнерства. Можна ўжо й Новы год адзначаць!
Автор фото: АСАНА
Паганцы танчаць танцы (Ziazulia, ж-л МАРАЗМЫ ЖЫЦЦЯ, декабрь 2006)
Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий: