25.12.2006 Osimira, або Каханак пані Філі

І да чаго ж наш народ любіць розных варажэй, калдуноў і шаптух! Зьвярніце ўвагу, ніводная кніжная лаўка не абойдзецца без “Таро”, “Прадказаньні па руцэ”, “100 лепшых рэцэптаў прысушкі” і г.д. Мо таму так фанатычна-пяшчотна адносяцца магілеўцы да гурта “Osimira”. Не ў тым сэнсе, што ўсіх нас прываражылі… Аднак 16 сьнежня заля панi Філярмоніі ледзьве не развалілася пад нашэсьцем берцаў і тухляў прыхільнікаў восіміраўскага шаленага танца.

Прыйшлі ў Магілеў шаманы, адкеля такія бяруцца – навукай нявызначана. Казалі, што у турнэ былі, зараз зь Венгрыі шпацыруюць. І, зразумела, адразу выстраілася да іх чарга: ад аднаго жонка сышла, у другой хранічны дэпар. Сядзяць сабе шаманы ў Шаманьніку і мяркуюць: каму вурган прапішуць тры разы на тыдзень, каму канглес ці акарыну выдадуць, сімулянтаў калюкаю адганяюць. Надакучыла. Вырашылі правесьці агульны сэанс “а-ля Кашпіроўскі” (у афіцыёзе “Канцэрт гурта Osimira”).

Напачатку шабас-party зьмяістыя шаман па сувязях з грамадскасьцю Андрэй Палаўчэня і ягоны асабісты белперакладчык Костусь Канцавы зачаравалі жабку-залю сваімі “хірургічнымі” інструмантамі (сур’езная лекцыя хвілін на сорак):
Дуда – галоўны рэцэпт доўгага жыцьця. Кажуць, што дудар жыве 80 год, не меней (70 зь іх ен, праўда, наладжвае інструмант).
Шархуны, бразготкі – сваім шапаценьнем лякаюць розных чартоў і чартушак, а зь імі хваробы і хворых у дадатак. Можна рабіць самім зь медзі, гліны і дрэва (кажуць, добра дапамагае ад бээрэсэмшчыкаў).
Пішчык (чаротка) – для цудоўнага настрою. Па словах Костуся, яго былая дзеўчына, напрактыкаваная, прызнала чаротку за лепшае рашэньне праблем. Вам слова, а вы гук, вам тыраду, а вы дудзіце і страху не маеце. Паспрабуйце, мо водпуск ці прэмію выпішчыце.
Скудучча – добры антыдэпрысант нямецкага паходжаньня. Прыкіньма, зьбіраецца ўсе сяло і пафігістычна грае нейкі матыў на невялічкіх трубках зь гліны. Крышнаітам такая медытацыя і не сьнілася.
Сурма (трэмбіта, альпійскі рог) – даўгая трубішча з хвойнай пароды. Звычайна выкарыстоўваецца на сходах, пахаваньнях. Сваім мелядычным і глыбокім гучаньнем супакойвае смутак і выклікае ўспаміны. У свой час грала на хаўтурах Васіля Быкава. “Вельмі добра што традыцыі адраджаюцца,” – падзяліўся з заляй Канцавы.

Аднак чаго вартыя для варажбы карты ў руках алькаголіка? Таму осіміраўцы на практыцы прадэманстравалі свае рэцэпты і магічныя таленты. Дзеля гэтага на сцэну выйшаў увесь шаманскі калектыў як заўжды ў дэманічна-парнаграфічных адзежынах. Па чарзе на пярэднім пляне дэманстравалі свае прывабнасьці то Андрэй у скуры невядомага зьвера, то напаўголы А.Бендасаў, то басаногі бляндын бас-гітарыст. Жаночая палова залі не ведала, куды ей глядзець, і глытала сьлінкі. Мужчынскі асяродак таксама кайфаваў, гледзячы на ільняныя сукенкі і іх зьмесьціва (Кацярыну Донду і Ларысу Прэабражэнскую). Затое Костусь увесь час дзесьці летаў, напэўна, з-за адсутнасьці сваей ўлюбенай крывулі. Гэта такі жрэчаскі посах, што задае (па словах гаспадара) духоўны рытм музыке. Абавязкова абкручаны стужачкамі, травамі, дубовымі вяночкамі, званочкамі і іншым прычындальлем.

І вось шабас пачаўся. Хворыя ды нядужыя паўскоквалі са сваіх фатэляў і кінуліся танчыць на правадох. Гэта былі не мірныя карагодзікі і нават не канкан. Гэта былі сапраўдныя рытуальныя русальчыны, купальскія і калядныя, паганскія скокі. Ходзяць чуткі, што пасьля такіх энергічных рухаў прыбіральшчыцы знайшлі забытыя ў залі тры мыліцы, два залатыя зубы і адзін сызвалосьнік.

Між іншым на гэтай імпрэзке былі прадстаўлены і новыя кампазіцыі. Напрыклад, прынялі “на ўра” аўтэнтычную песеньку “На дарожку” зь пяшчотным “…пашлю мілай тэлеграмай…(далей неразборліва)…я знайшоў сваю бутэльку” (для тых, хто вывучаў фальклер па Кадышавай). Што залішні раз указвае на сапраўдную прарадзіму тэлеграфа і астатніх халадзільнікаў. Фольк-мадэрн цьвіце і патыхае гумарком.

Для самых фанатычных вернікаў і грахаблудаў таксама знайшоўся кавалачак пад назвай “Вырай” (або беларускі рай). Першыя ажно запішчалі ад такога вяселага гульбішча зь анеламі-блюзьнерамі ў скурах і без, грахаводнікі ж толькі смакталі лапы, прадчуваючы прывабненькія катлы з ворывам ацечственнага вырабу.

На жаль, новых кампазыцый было няшмат, усе збольшага старая аптэчка. Аднак магілеўцы ніколі не стомяцца трэсьці косткамі пад юр’яў, ярылак, палескі танок і дурніц. Існуе, праўда перасьцярога, што пасьля некалькіх такіх сэансаў ужо проста не застанецца чым бразгаць і каму.

Не для камітэтчыкаў: а потым уся заля дружна таньчыла пад гімн будучай беларуска-армянскай iнтэграцыi “Пчолікі”. Паколькі Расея зажала газу, а ў сяброўскім Кітаі занадта шмат ратоў, вырашана хаўрусіць зь Арменіяй. У ёй такія файныя кампазітары! Па-осіміраўску гэта называецца паліткарэктнасьць.

І яшчэ віншуем шаноўных Osimira-ўцаў зь афіцыяльным статусам “каханкаў” нашай пані Філярмоніі, пад крылом якой яны зараз зарэгістраваны (наканец-такі). Вельмі прыемны цуд. Увесь фан-клюб гурта спадзяецца, што цяпер часьцей будзе бачыць сваіх улюбенцаў, і прапануе паспрабаваць сябе на Эўрабачаньні. А чаму б не, шаноўныя панічы і паненкі? Хай Эўропа пасмакуе не толькі Агурбашаўскай кілбасы ды Ксенiсiтнiкаўскай сардэлькi, але і беларускага фольку у бонусе з прывабнымі кабецiнкамi (замест пэнсыянэркi Паліны Смолавай)!

Osimira, або Каханак пані Філі (Z`uma, ж-л МАРАЗМЫ ЖЫЦЦЯ, декабрь 2006)


Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий:
Укажите ваше имя на сайте Центр Живого Рока.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.

Рассказать друзьям