23.09.2008 Ян Маўзэр: "Павiнен застацца толькi адзiн..."

Заўсёды прыемна, калі запрашаюць з канцэртам за мяжу. Пагуляць па вуліцах, атрымаць мора новых уражаньняў, дзяўчыне сьпінку памыць у душы… Ну і канцэрт адыграць. Але гэта несур’ёзна, бо тое, пра што ты сьпяваеш, цікавіць цябе – і ўсё. Мне здаецца, што цікавасьці да беларускай музыкі за мяжой няма ўвогуле. Гэта цікавасьць выключна палітычная.

Узяць, напрыклад, Польшчу. Мы вельмі ня любім там выступаць. Возьмем «Басовішча». Хто туды прыязджае (калі прыязджае)? Беласток – у лепшым выпадку. А так з Гарадку (гораду, дзе гэта адбываецца) прыходзяць на фэстываль мясцовыя жыхары проста пабухаць пад музыку. Гэта ж бясплатна. Сапраўды, чаму ж не прыйсьці адпачыць пад музыку? Усё весялей, чым, як цэлы год, адпачываць бяз музыкі. Большасьці палякаў абсалютова пасраць на групы, якія там выступаюць. Ёсьць выключэньні, але яны складаюць статыстычную памылку.
Адпаведнае стаўленьне і арганізатараў (не кажу пра ўсіх, але ў асноўным) да музыкаў, што бяруць удзел у канцэртах накшталт Дзён беларускай культуры ў Варшаве: вы тут ніхто, вы нічога зь сябе не ўяўляеце.

Нам палякі, напрыклад, кажуць: будзеце граць у гэтым дзярмовым клюбе, паступова, маўляў, набіраць вядомасьць і папулярнасьць, каб потым граць у нармальных кнайпах. Мы кажам: гэтая схема ня дзейнічае і ніколі дзейнічаць не пачне. Таму што, калі ты будзеш іграць у дзярмовых клюбах, цябе ніхто не пачуе і папулярным ты ніколі ня станеш. Дзейнічае толькі адна схема: ты выступаеш у добрым клюбе з добрым хэдляйнэрам. Першы раз табе нават за квіткі не заплацяць. Другі раз, калі ты спадабаўся, заплацяць за дарогу. Трэці – дадуць ганарар, бо ты ўжо зьбіраеш на сябе людзей. Яны гэтага не разумеюць. Яны і не павінны гэтага разумець – таму што яны займаюцца палітыкай, а не музыкай. І ў схемах папулярызацыі музыкі не кампэтэнтныя.

Можна сказаць, што беларускія музыкі самі на такое пагаджаюцца. Таму нас і выкарыстоўваюць. Магчыма — мы ж людзі простыя, кампрамісныя і недасьведчаныя. Асабліва ў першы раз. Вось, прапанавалі выступіць на «Басовішчы» — а да гэтага ты пра фэст чытаў толькі ў СМІ. Ну, канечне, зь вялікім задавальненьнем! Ці прапанавалі зьездзіць у Варшаву за ганарар — а ў Беларусі з ганарарамі праблематычна. Ну, канечне, зь вялікім задавальненьнем! Гэта камэрцыйныя вылазкі. Нягледзячы на тое, што там на цябе прыходзяць толькі беларусы. Немагчыма зьмяніць стаўленьне арганізатараў і публікі да ўсіх беларускіх музыкаў. Бо ўсе беларускія музыкі гэтага ня вартыя. Гэтага вартыя адзінкі. Яны і павінны біцца. Па-нармальнаму, як ва ўсім цывілізаваным сьвеце.

Нашыя музыкі ня тое, што зусім ня ўмеюць сабой гандляваць… У іх не хапае настойлівасьці, утрапёнасьці ў гандлі сабой. І гэта зразумела: яны нечага дасягнулі ў сваёй краіне. Гэта можа быць стымулам, а можа быць тормазам. Тормазам у тым сэнсе, што ты ўжо маеш нешта тут. Там жа давядзецца пачынаць калі не спачатку, дык зь нейкага ніжэйшага ўзроўню. І гэта заўсёды цяжэй.

Але шлях да посьпеху за мяжой ёсьць: пісаць клясныя песьні. Для музыкі самае галоўнае – ня добра граць, а ўмець пісаць клясныя песьні. Гітовасьць – вялікая праблема. І ня толькі ў папсе, якой у Беларусі няма – і гэта таксама праблема. Якую я, праўда, вырашаць не хачу, бо мне гэты стыль ня блізкі. Мы працуем у вузкім стылі – ня тым, у якім пяецца на кухнях. Мы – ня група «Кино». Але, разам з тым, я чуў, як сьпявае мае песьні пад мабільнік на прыпынку натоўп п’яных падлеткаў. А я хутка ішоў празь іх. І мне было прыемна. На маю думку, Mauzer – адна зь лепшых у сьвеце цяжкіх груп на цяперашні момант. Таму што цяжкіх груп, якія пішуць клясныя песьні, вельмі мала. Нават у самых цяпер папулярных камандаў матэрыял горш, чым у нас.

Некалі Піт Паўлаў выказаў абсалютна слушную рэч: мусіць зьявіцца адметны прадукт, які будзе выбуховым. Калі так, яго можна пачынаць прадаваць — у тым ліку і за мяжой. Калі не – гэта будуць «Леприконсы». Нічога, канечне, страшнага ў гэтым няма: у кожнай краіне ёсьць лякальна вядомыя групы. Па якасьці яны такія ж, як беларускія, — ня лепш і ня горш. Але сусьветна вядомымі зь іх робяцца адна-дзьве. Колькі мы ведаем брытанскіх групаў часоў «Бітлз»? А часоў «Ролінгаў»? А Брытанія – вялікая культурная краіна. Што ж мы хочам ад нашай беднай маленькай рэспублікі? Нам ня трэба генэрацыі рок- ці поп-герояў. Так не бывае. Мне здаецца, што для Беларусі хапіла б аднаго яскравага імя. Майго.

Обсудить статью и мерзкую (?) натуру Яна Маузера, проголосовать можно на

Ян Маўзэр: "Павiнен застацца толькi адзiн..." (Ян Маўзэр, для naviny.by, сентябрь 2008)


Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий:
Укажите ваше имя на сайте Центр Живого Рока.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.

Рассказать друзьям