20.05.2008 Интервью с MAUZER: «Беларуская альтэрнатыва – «палітрок»?»

Апошнім часам на музыкальных форумах іх удзельнікі часта ствараюць тэмы кшталту «Музыка па-за палітыкай», «Музыка і палітыка» і г.д. Гэтая тэма ўзбуджае цікавасць не толькі аматараў беларускай музыкі, але і афіцыйнай улады да беларускай альтэрнатыўнай плыні ( «чорны» спіс рок-каманд, перашкоды ў арганізацыі канцэртаў, запрашэнне музыкаў да Праляскоўскага). Наконт сумяшчэння
музычна-палітычнай дзейнасці кожны мае свой погляд. «Sum 41» на ўвесь свет пяе, што Джорджу Бушу варта адсячы галаву, а гэтым часам Эрык Клэптан кажа, што лепей аддасць перавагу «абсалютна маральнаму ўроду, які валодае фартэпіана…толькі не людзям, які енчуць па нашых лёсах з гітарамі наперавес». Але мы ў Беларусі. На нашай музычнай прасторы музыка і палітыка вельмі часта існуюць побач. Чаму? Мы вырашылі спытацца ў Янкі Маўзэра – вакаліста групы Mauzer.

– Ва ўсім свеце мяркуюць, што андэграунд – музыка пратэсту. Але чаму склалася так, што ў Беларусі гэту музыкальную плынь успрымаюць як палітычны супраціў?
– Я зараз падумаў пра сваю любімую панк-групу Глюкі. Яны і пра дзяўчынак пяюць, і пра прэзідэнта. Але я не ўспрымаю іх як палітызаваную каманду. Так, у групп такога кшталту бывалі праблемы з выступамі. Але прычына таго – тупарылыя арганізатары канцэртаў. Не, не арганізатары. Улада, якая лепей «перабдзіць», чым «недабдзіць». Карацей, лепей не дапусціць таго, што патэнцыйна можа несці
небяспеку. А можа каму-небудзь на больш высокім узроўні не падабаецца беларуская мова, якая таксама можа несці небяспеку: «Вы нічога кепскага не робіце, але вы робіце гэта па-беларуску. Таму ў вас закладзены прыкметы дурасці, а мы гэтую дурасць не будзем дапускаць». Адсюль розныя перашкоды у арганізацыі канцэтраў. Але ў апошні час нават мы іх ўжо не адчуваем.

– Dj Скот Брэдфрад лічыць, што палітыка ў музыцы дапамагае маладому пакаленню знайсці сваё месца ў рэальным жыцці. Ты згодны з ім?
– Што такое палітыка ў музыцы? Калі мы займаемся прамоўшнам якойсьці палітычнай партыі, і наша мэта – перамагчы на выбарах, то гэта кепска. Іншая справа, калі выканаўца, аўтар ставіць у песні нейкія рэальныя праблемы.
Ён можа пець пра палітыку так, як пяюць пра наркотыкі, вайну. Ён піша пра тое, што яго хвалюе. Калі творцу хвалюе палітыка, ён мае права закранаць гэту тэму. Але калі музыка пачынае служыць палітыцы – гэта нізка.

– Чаму беларускамоўныя каманды ўспрымаюцца як заведама палітызаваныя?
– Дык беларуская мова ў нас палітызаваная. Прэзідэнт рускамоўны, улада – рускамоўная. А ўсё беларускамоўнае апрыоры павінна быць апазіцыйным. Але нехта ж павінен зрабіць беларускую мову моднай, і , дзякуй богу, што такія ёсць. Дарэчы, адзін паляк у мяне спытаўся: «А колькі чалавек у вас размаўляе на беларускай? Недзе мільён?» Я ўсміхнуўся і кажу: «Тысячаў дзесяць у лепшым выпадку».
Ён вельмі здзівіўся…

– Давай звернемся да сустрэчы генералаў беларускага року N.R.M., Палац, Крама, Нейра Дзюбель з былым галоўным ідэолагам краіны Праляскоўскім. Пасля гэтай падзеі фанаты вылілі шмат крытыкі на музыкаў. Наколькі яна была абгрунтаваная?
– Калі чалавека нехта запрашае, то чаму не схадзіць, не паразмаўляць? Тое ж адбылося і з музыкамі. Яны падумалі: «А чаму не схадзіць, гэта ж не КДБ, позва не трэба». Схадзілі, паразмаўлялі. Цяпер забароны беларускамоўнай музыкі нібыта не існуе. А крытыка…Я не бачу тут праблемы. Людзі не хочуць слухаць беларускую музыку? Яны не задаволеныя тым, што музыкам дазволілі займацца
творчасцю? Не думаю. Тут іншае. Людзі самі ўспрымаюць беларускамоўных музыкаў як тых, хто павінен быць у супраціве. А што такое «павінен»? Я разумею, што двойчы два павінна быць чатыры. А ў сітуацыі з музыкамі я не бачу слова «павінен».

– У 1990-х гг. было модна слухаць беларускамоўныя групы, хадзіць на мітынгі-канцэрты. Зараз сітуацыя крыху змянілася. Напрыклад, мітынг-канцэрт 2 красавіка гэтага года (на які запрашалі і вас) праігнаравалі і музыкі, і слухачы. Чаму?
– Ды там арганізацыі ніякай не было. Я наогул не зразумеў нагоду палітызаванай імпрэзы 2 красавіка на Бангалор. Мы не выступілі там па многіх прычынах, але галоўная – наш канцерт у «Рэактары». А астатнія чаму не выступілі… Можа, падумалі, што лепей не граць на такіх імпрэзах. Можа, кагосьці абламала маленькая колькасць народу.

– А можа, публіка стамілася ад палітызаванай музыкі?
– Канешне, стамілася. Варта паглядзець, колькі людзей зараз ходзіць на мітынгі-канцэрты. Можа, хтосьці пераключыўся на нешта іншае. Я, напрыклад, беларускі нацыяналіст, але я не стану піць беларускае нясмачнае піва толькі таму, што яно беларускае. Тое ж самае адбываецца і з музыкай.

– На твой погляд, што зараз адбываецца на беларускай музычнай прасторы?
– На мой погляд, зараз нічога не адбываецца. Толькі апатыя і вяласць.

– З боку каго?
– З боку добрай музыкі. Мне цяжка меркаваць, чаму гэта адбываецца: ці то беларусы такія бесталанныя, ці то ім не хапае рашучасці і волі дзеля нейкіх дасягненняў, ці то зараз перыяд адпачынку ( і ў гэтым адпачынку павінна нарадзіцца штосьці новае, клёвае).

– Дарэчы, якія планы на будучыню у Mauzer?
– Шмат. З самых рэальных – стаць багатымі, знакамітымі, пераехаць у Нью-Йорк, збіраць залі па дваццаць тысяч чалавек і выпусціць дзесяты альбом! Гэта самыя рэальныя! Пра большае нічога не скажу.

– На станаўленне творчасці вашай групы палітыка
паўплывала?

– Безумоўна. У маё жыццё палітыка ўвайшла рана, калі я вучыўся ў другім класе. Тата мне расказаў, што Ленін кепскі. Для мяне гэта быў культурны шок. З таго часу я цікавіўся палітыкай. Але пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў перастаў.

-Чаму?
– Таму што адное і тое ж. Не цікава.

– Але групу Mauzer усё роўна ўспрымаюць як палітызаваную каманду. Вы згодны з такім вобразам?
– У нейкай ступені мы ўсе палітызаваныя. У кожнага ёсць свае грамадзянскія пазіцыі. А наконт нашай творчасці… Мы ж не спяваем: «Мі-лін-ке-віч» або «Лу-ка-шэн-ка» (пяе на матыў песні з к/ф “Бураціна”). Мы пяем пра чалавечыя якасці, зараз больш пра сэкс. І нават калі я спяваю «Беларусь будзе вольнай», то я яе сабе пяю. А потым розныя людзі ўспрымаюць яе, як каму зручней.

– Што павінна адбыцца, каб беларускую музыку не атаясамлівалі с палітыкай?
– Эвалюцыя. Ці рэвалюцыя. А можа людзі павінны пачаць глыбей успрымаць некаторыя песні. Але я заўважыў, што часам глыбокія песні ўспрымаюць павярхоўна, а ў неглыбокіх шукаюць нейкі схаваны сэнс, што жудасна робіцца…

– Дык ці павінна музыка «ўзаемадзейнічаць» з палітыкай?
– Не, не павінна. Але можа… Варта адзначыць яшчэ адзін момант: усё ў свеце глыбока ўзаемазвязана. Можа менавіта пагэтаму сцвярджэнне «разумнага, добрага, вечнага» праз вершы і песні – таксама палітыка…

Интервью с MAUZER: «Беларуская альтэрнатыва – «палітрок»?» (Екатерина Богнат, май 2008)


Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий:
Укажите ваше имя на сайте Центр Живого Рока.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.

Рассказать друзьям