20.04.2010 Quo vadis, Басовішча? (Ірына Барысевіч)

Жанчыны – хітрыя стварэньні. Не пасьпелі сьцішыцца кпіны ды абурэньне на адрас гурта The Toobes, якія, як выявілася, беларускай мовы не разумеюць і ўвогуле казахі, як Кася Кузьміч (на фота), новая старшыня Беларускай Асацыяцыі Студэнтаў (БАС) кажа пра мажлівае запрашэньне іх на Басовішча-2010 – легендарны фэстываль музыкі маладой Беларусі ў Польшчы. Басовішча пройдзе 16-17 ліпеня, традыцыйна – на Беласточчыне, у лесе каля мястэчка Гарадок. Вось у ім, у лесе, і хаваюцца ўсе хітрыкі Касінай задумы – выманіць “ворага” на зручную для бойкі тэрыторыю. Дзе ж яшчэ разгуляцца сапраўдным беларускім помсьліўцам з партызанскай крывёй у жылах, як не ў беларускім лесе на польскай тэрыторыі, на якой нашыя законы ня дзейнічаюць – лічы, анархія? Гэта ў Менску Сяргей Будкін – рафінаваны інтэлігент, а на Басах – ведаем-ведаем – яго не разьбіць, не спыніць, не стрымаць. Першым напхае нашым вундэркіндэрам шышак у дупу…

Напраўду, усё вышэйнапісанае імкнецца быць падобным да жарту – цяжкага ды няўклюднага. (Хаця якія тут жарты? Польскае піва выклікае ў беларусаў надзвычайную чульлівасьць; на пазамінулым Басовішчы стаўся героем адзін з нашых суайчыньнікаў, які на заяву польскага сабутэльніка “Беларусь – ды гэта ўвогуле не краіна” ня зганьбіўся звыклым для нашых змагароў працяглым падборам недарэчных аргумантаў пра нейкую там гісторыю, а проста сунуў апанэнту ў вока). Што ж напраўду кіруе новым кіраўніцтвам БАСу?

Хутчэй за ўсё, гэта добры намер – асьвяжыць Басы, зрабіць іх сучасным, актуальным, разнастайным фэстывалем. Кася й паплечнікі хочуць увесьці ў праграму не прадстаўленыя раней музычныя стылі, дапоўніць фэст іншымі відамі мастацтва – усё па звыклых на сёньняшні дзень законах пабудовы “добрага фэстывалю”. “Адметнасьць Басоў найперш ва ўнікальнай атмасфэры”, - перакананая Кася. Пэўна, забываючыся, што атмасфэру ўкладаюць ня толькі лес, возера ды культавы “Кілер-бар” у Гарадку, але яшчэ й людзі, што прыяжджаюць на фэст, ды іхнія чаканьні. А чаканьні, прынамсі тых, хто едзе зь Беларусі – пабачыць ды пачуць цяперашні стан беларускамоўнай музыкі. Як сябе адчуваюць “старычкі”, ува што ператварыліся тыя, хто “падаваў надзеі”, чаго цікавага ёсьць у асяродку моладзі – вось тое, што заўжды вабіла беларускіх наведнікаў. Такога ўнікальнага зрэзу немажліва пабачыць НІДЗЕ ні ў Беларусі, ні па-за яе межамі – акрамя Басовішча.

Куды ж брукуецца шлях добрымі намерамі БАСу? Open Space, The Blackmail, The Toobes, Ляпісы ў якасьці хэдлайнераў. Не хапае неблагой эўрапейскай зоркі, каб атрымаўся гэткі Be2gether для бедных. А па сутнасьці – безаблічны фэстываль-сераднячок, незразумела для каго і незразумела навошта. Не зьдзіўлюся, калі былыя заўсёднікі Басоў, атрымаўшы бясплатны шэнген, пасьпяхова праедуць міма Гарадка, адправіўшыся наўпрост на Грунвальд...

На гэтым асучасьненым фоне ўзноўлены конкурс маладых гуртоў выглядае заасадам зь няведамымі зьвярушкамі, якіх прыцягнулі “для атмасфэры”. Нашто вымагаць ад гуртоў, якія і так сьпяваюць па-беларуску (што для вялікай колькасьці ад іхняй агульнай невялікай колькасьці – ня так проста і натуральна, дарэчы), увесьці ў без таго кароткую мажлівасьць сябе прадставіць “песьню на верш Ларысы Геніюш”? Калі ўжо зусім па шчырасьці, дрыжыкі бяруць, як уяўляю сабе некага накшталт “Тлусты Лусты”, што равуць страшным голасам пародыю на які-небудзь асабліва пяшчотны верш паэткі. Было б, напраўду, больш лягічна прапанаваць падобнае заданьне Open Space, The Blackmail ці The Toobes. Мову, можа, і ня вывучаць, але ўяўленьне пра беларускую культуру атрымаюць…

Я, натуральна, магу памыляцца. Але нешта мне падказвае, што стаўленьне да конкурсу маладых, як да нейкага “атмасфэрнага рарытэтнага элементу”, а не як да сур’ёзнай барацьбы за пэрспэктыву на беларускай сцэне, праз пару гадоў прывядзе да поўнага адмаўленьня ад традыцыі ягонага правядзеньня. Бо ня будзе каму ўдзельнічаць. Хіба што пачаць даваць шанец юным англамоўным камандам, косячым пад The Toobes, з патрабаваньнем – для паліткарэктнасьці – ўвесьці ў праграму песьню на беларускамоўны верш.

Сёлета для ўдзелу ў конкурснай праграме Басовішча трэба выканаць наступныя ўмовы:

- падрыхтаваць 20-хвілінную беларускамоўную праграму выступу, у якую будзе ўваходзіць песьня на абраны верш Ларысы Геніюш (яе дэма-запіс рабіць неабавязкова, дастаткова будзе выкананьне ў межах выступу на Басовішчы);

- да 15 траўня (уключна) даслаць заяўку на адрас [email protected]. У склад заяўкі мусяць уваходзіць: анкета, пяць дэма-запісаў песень ды відэа з канцэрту ці рэпетыцыі (ці спасылкі на відэа).

Акрамя конкурсу, плянуецца правядзеньне Вольнай сцэны. Каб узяць удзел у ёй, трэба да 30 траўня даслаць заяўку на адрас [email protected], у якую ўвойдзе анкета ды чатыры дэма-запісы гурта.

Фота Волі Кузьміч, generation.by

Quo vadis, Басовішча? (Ирина Борисевич, Инфо-центр ЦЖР, апрель 2010)


Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий:
Укажите ваше имя на сайте Центр Живого Рока.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.

Рассказать друзьям

Хе-хе, нас тоже зовут, хотя просят чтоб хотя бы пять песен были на белорусском.