19.12.2008 Музыкі супраць СНІДу
Своеасаблівым знакам салідарнасці з Міжнародным днём барацьбы са СНІДам стаў тэматычны рок-канцэрт “Анты СНІД 2008” у Полацку, арганізаваны мясцовым рок-клубам “LIVEinROCK”. Тое, што мерапрыемства адбылося толькі 14 снежня, амаль на 2 тыдні пазней за дату, калі ўвесь свет кажа пра праблему захворвання на ВІЧ/СНІД, толькі падкрэсліла штодзённую актуальнасць дадзенага пытання.
На канцэрце акрамя мясцовых камандаў сваю творчасць слухачу праставілі магілёўскі гурт “Калачиком рядом”, а а таксама госці з Віцебску- “Алмазны фронт”, “Hellocost”, і хэдлайнеры фэсту- “Kripa”. У наяўнасці прадстаўнікоў не толькі Полацку і Наваполацку, што ні кажы, ёсць вялікая прыемнасць: як бачна, “LIVEinROCK” пашырае межы сваёй працы і актыўна супрацоўнічае з музыкамі іншых рэгіёнаў. Карысць відавочная: ад абмену вопытам паміж арганізатарамі да папулярызацыі камандаў, якія працуюць далёка ад сталіцы. Выйграе, само сабою, і слухач.
...Дзякуючы таму, што канцэрт праходзіў у вялікай зале Полацкага ГЦК і жадаючыя мелі магчымасць сесці, публіка абсалютова спантанна, але даволі заўважна падзялілася на дзьве часткі.
Першая- вясёлыя, не заўсёды цвярозыя маладзёны з тых, хто яшчэ да пачатку імпрэзы забыўся на яе тэматыку і актыўна перамяшчаўся між крэслаў ці ваяўніча тоўкся ля сцэны ў чаканні гукаў, так бы мовіць, пацяжэй ды папрасцей. Зразумела, іх не мог не парадаваць выступ “Hellocost” (hardcore/rapcore) і “Kripa”, а таксама жыццярадасных хлопцаў з камандаў “Белый дом” і “Алмазны фронт”. Але сапраўдную істэрыку ў дадзенага падвіду прысутных выклікала з’яўленне на сцэне “Dewil Waltz” (герояў апошняга часу сярод прыхільнікаў кірунку black metal), што, лагічна, ніяк не магло спадабацца другой палове гледачоў.
Дарэчы, апошнія і сталіся прадстаўнікамі іншай, так скажам, інтэлектуальнай часткі публікі. Даволі прыемна было назіраць за не пазбаўленай адэкватнасці моладдзю, якая, з большага, ў седзячым становішчы назірала за рухамі на сцэне, відавочна адпачывала і...мерзла. Але жарты- жартамі, а менавіта тут, здаецца, разумелі, пра што спяваюць музыкі. Ва ўсялякім выпадку, намагаліся слухаць словы. Таму і гурт “Калачиком рядом”, які адчыніў канцэрт, і маладая наваполацкая каманда “Мастер и Маргарита”, і “Вольныя”- гарманічнае трыа з дзвюх гітар і скрыпкі- наш адказ Кінчаву ды Шаўчуку,- сталіся пачутымі. А значыцца, вядомая ісціна нават у змененым варыянце абсалютова адпавядае рэчаіснасці: калі тэксты пішуць, значыцца гэта каму-небудзь патрэбна.
Нельга не адзначыць выступ гаспадароў імпрэзы- гурта “INDRA”. На погляд шматлікіх гледачоў, са зменай басіста (зараз з камандай працуе Арцём Новікаў) каманда атрымала больш шчыльнае гучанне і- непасрэдна на выступе,- ўсплёск эмоцыяў ад залі. І не дзіўна, новы ўдзельнік не толькі гарманічна ўліўся ў калектыў, але й захапіў увагу прысутных непасрэднасцю і азартам сваёй ігры. Вось гэткі “Энерджайзер”...
А ўвогуле канцэрт атрымаўся цікавым. Бо заўсёды радуе разнахарактарнасць музычных кірункаў, эмоцыяў і сустрэча на агульнай сцэне доволі вялікай колькасці абсалютова не падобных адна на адну камандаў. Гэта- адна з асаблівасцяў тых імпрэзаў, якія ладзіць “LIVEinROCK”. Адзіная нязручнасць- 5 гадзінаў музыкі без перапынку, што вытрымаць даволі складана нават самаму ўдзячнаму слухачу. Таму выступлення апошняга гурта (а гэта быў ні хто іншы, як“Kripa”) дачакаліся далёка не ўсе.
...І напрыканцы яшчэ крыху пра тэматыку канцэрта.
У параўнанні з мінулым годам, парадавала тое, што на працягу ўсяго мерапрыемства на вялікім экране ля сцэны праліствалася падборка плакатаў з адпаведным зместам (дарэчы, змест быў не для слабых нэрваў і насамрэч уражваў ды прымушаў задумацца). Але, асабіста на мой погляд, атмасферу “антыСНІД” гэты ход арганізатараў сварыў не цалкам. Не хапала словаў. Не хапала масавасці. Не хапала згуртавання. У гэтым плане, як мне здаецца, стаўся б вельмі дарэчы традыцыйны сімвал сусветнай барацьбы са СНІДам- чырвоная стужачка, пра якую, нажаль, не было нават згадкі ні сярод музыкаў, ні сярод публікі. Што ж паглядзім, ці выправяцца ў гэтым плане і што новага прыдумаюць (а яны абавязкова прыдумаюць!) спадары з “LIVEinROCK” у наступным годзе.
Надзея Музыка
Музыкі супраць СНІДу (Надзея Музыка, Инфо-центр ЦЖР)
Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий:
- Войдите или зарегистрируйтесь, чтобы получить возможность отправлять комментарии