16.10.2006 “О декаданс, случайные встречи...”. Акустычны вечар-2

Халодным і дажджлівым восеньскім адвячоркам усе настройвала на правядзеньне цёплай сямейнай сустрэчы, утульных “пасядзелак”, хаця без дэканасу, як заўжды, не абыйшлося. Маленькая залька БРУ сустракала піпл музыкай ды песьнямі. Да самога пачатку і між выступамі паэтаў-музыкаў эфір забівалі запісы ненавязьлівай мантры, прэзэнтаванай гукачом Дзянісам Манёнкам, з надзвычай складаным тэкстам (бясконцы рэфрэн: “акустический концерт, акустический концерт ...”) – ды фанаграмных запісаў гурта БЕЗ НОТ, без саміх БЕЗ НОТ на сцэне. Дэкор памяшканьня таксама выглыдаў дзіка. Дзіка эстэтычна: сьцены былі завешаныя нейкімі зялёнымі анучамі ды няўцямнымі, але страшна сымбалічнымі малюнкамі маладога майстра Аляксандра Пушкіна. У рэклямках акустычнага вечару значыўся размаіты венегрэт піянэраў і мастадонтаў магілёўскага андырграўнада: юныя паэты Улад Лісін і Маша Казека, поп-зорка Янка Маўзэр, Віктар Дэа (гурт ТЕХНИКА БЕЗОПАСНОСТИ), а таксама муз.мэтры і мясцовыя аўтарытэты Кірыл “Фан”Смышляеў ды Аляксандар “Gurr” Гур.

Улад Лісін: “Я – лишь нелепость и стихи мои – шутка”

Канфэраньсье ў бурачковым гальштуку – Павал Яравікоў, кумір дзяўчынак-тынэйджэрак, заклікаў народ паводзіць сябе прыстойна ды абвесьціў першага выступоўцу – “маладога пэрспэктыўнага паэту” – Улада Лісіна. Улад, ляўрэат паэтычнага конкурсу “Плястылінавы бусел”, змрочны і калматы хлопчык з засяроджаным выразам твару, няўлоўна нагадваў нейкага маладога Лермантава, калі б той жыў у 21-м стагодзьдзі і захапляўся ПИЛОТам. Паэта з палаючым пазіркам прачытаў крыху дэпрэсіўныя вершыкі: пра ружы, сьмерць, каханьне ды кроў, пра “утро...хмурое, скользкое“; сьцьвярджаў, што “боль и любовь – это всё-таки клёво” нагадаў шматлікім твоцам, якія сабраліся ў залі: “хватит творить, все и так знают, что мы твари”. Янка Маўзэр, седзячы ў першым шэрагу, вынес прафэсыйны дыягназ прачытанаму: “сур’ёзныя эма-вершы”. Ня ведаю, як там “эма”, але Улад ад шчырага сэрца са сцэны заявіў: “Я – лишь нелепость, и стихи мои – шутка”. Пакуль ёсьць праўдзівая самаіронія, талент ня здохне.

Янка Маўзэр: “Ты – мая цішыня, я – тваё ні*уя”

“З карабля на бля”, паводле ўласнага ж выразу (хлопца ў гэты дзень літаральна адарвалі ад здымкаў кліпу ), на сцэну ўзыйшла беларускамоўная глямурная зорка Янка Маўзэр, лідэр вядомага гурта TAV_MAUZER, у нязьменных ружовых кальсонах. Герой нацыянальных барыкадаў адразу ж заявіў, што палітычных вершаў ён ня піша (на другім шэрагу наіўнае дзяўчо ў такой жа ружовай кофтачцы ў захапленьні запляскала ў ладкі). Таму Ян распачаў чытаньне з суіцыдальнага вершаванага твора “Мухі” (уласна мне запомніўся цудоўны калямбурчык: “яе не турбуюць мае мастурботы”), працягнуў сацыяльнай замалёўкай “Жанчына” (пра цяжкія сумкі, чэргі, бытавуху – лёс “сярэдняй жанчыны маёй айчыны”).

Незвычайным лірызмам была прасякнутая прасьпяваная каля-эмавым хлопчыкам Маўзэрам песенька “Дэбрай ночы, Янка” – ды яшчэ й та-акім пяшчотным дрыготкім голасам і пад та-акі маркотны гітарны акампанэмэнт.... у мяне, праўда, заказытала ў вачох і носе... З того, што яшчэ ўразіла: вельмі вобразнае “прыдзецца піць мне даколі горкі напой адзіноты?”, “бывай, каханая, я буду зьбіраць аскепкі неабачлівага сэрца”, а таксама кароткі, ды ёмісты амурны верш з шасьці словаў: “ты – мая цішыня, я – тваё ні*уя”.
Наогул, як запэўніў аўтар, усе прачытаныя ім творы прысьвечаныя тэме каханьня – мабыць, у гэтую плыню ня ўпісваўся хіба зачытаны Янам маніфэст TAV_MAUZER’а кавэр на Маякоўскага: “Спыні размовы, зарадзі маўзэр!”.

Маша Казека: “Я сегодня буду молчать красиво”

Неаб’ектыўна прэзэнтаваная П.Яравіковым як “молодая, но уже неперспективная”(Павал потым прасіў прабачэньня), узьнялася на канцэртны эшафоцік заўжды сарамлівая і да чырвані ўсхваляваная Маша Казека, таксама ляўрэатка “Плястылінавага бусла”. “Я сегодня буду молчать красиво, чтобы вы не могли ничего сказать” – мне падалося: на некалькі, хвілінаў паэтка пераўвасобілася ў высакородную хваравітую дарэвалюцыйную паненку, якую зьядае непадзеленае пакутлівае каханьне да маладога зухаватага гусара і забівае немагчымасьць выказацца інакш, як вершамі, што пішуцца ў інтымны дзявоцкі альбом-дзёньнік. Зоры, неба – нехта абзаве гэта заезджана-банальным, але няхай першы кіне ў мяне гнілы памідор, калі сам не пісаў нешта падобнае ў сшытак пад падушку. Паэтка Маша выносіць гэта на суд публікі – сьмеласьць, але яно таго варта, бо ідзе ад сэрца,з глыбіняў душы, прасякнутае непадробным болем і, як мінімум, гучыць літаратурна. Таксама спадабалася надзвычай актуальная думка Марыі: “Каждая звезда где-то в глубине мечтает стать голубой”

Аляксандр “Gurr” : “Наливай, сколько той жизни!”

Прадставіўшыся Аляксандзерам Саладухам, працягнуў вечарыну вядомы бала-гур Аляксандр “Gurr” Гур, прадстаўнік гурта ГУРРЕАКТИВ, напару з бубначом Яўгенам Зьверавым. Пасьля выкананьня саладухаўскіх гітоў для расьпеўкі “здраствуй, чужая мі-ілая” і “па-ацылавать мне хочэцца парня ў густых усах”, рэактыўны дуэт грэў душы і вушы публікі энергічнымі ды гарачымі песенькамі, кшталту “Скоро будет зима”. Гур са шчасьлівым і замілаваным выразам твару паглыбіўся ў роздумы пра “нелюбімы” ім блатны шансон. Суправаджаючы гэты працэс лірычнымі турэмна-казарменнымі куплетамі: “Я встретил тебя босую, худую, безволосую”, “Лицо твоё немытое и грудь твоя небритая”, “Ты говорила о любви, и слюни изо рта текли”. Потым музыкі крыху зьмянілі накірунак на рокэнрольныя сьпевы пра джынсы, “жувачкі” ды парнаграфічныя часопісы, ранішні пахмел, барныя стойкі ды “опрокинутую на ковер капусту”; ад чаго прыхіпованыя дзяўчынкі на першых шэрагах у экстазе затрэсьлі ботамі, а чырвона-чорны сьцяг ЦЖР, таксама ў экстазе, тросься-тросься ды зусім зваліўся. Напрыканцы свайго даўжэзнага, але надзвычай пазытыўнага й жыцьцесьцьвярджальнага выступу Гур і Яўген зайгралі дарожна-цыганскія баляды, з рамантычнам бразгатаньнем бубнаў ды бадзёра-бязбашанным наўсёнаплюйствам: “Наливай, сколько той жизни!”, ад якіх, незважаючы на васеньскі дажджлівы сплін, захацелася, паводле назвы гураўскай песьні, “Жить да жить”.

Віктар Дэа: “А мне подарили вчера гонорею, и вот почему я сегодня так счастлив!”

Працягваў дарыць людзям атымізм Віктар Дэа, прадстаўнік шырокавядомага ў вузкіх колах гурта “ТЕХНИКА БЕЗОПАСТНОСТИ”. Ня ведаю, як каму, а мне ён вельмі нагадваў усім сваім выглядам ды манэрамі “анплагдавага” Курта Кабэйна: позірк задратаванага перадозамі гранжа, вар’яцкая ўсьмешка, старая кохта, засаленыя патлы і акуляры ў стылі Чарапахі-Тарцілы – не акаацца немажліва!

Вельмі гранжова і асацыяльна гучала “сам выбери цвет своего флага, воткни его в небо ты, доходяга” и “солнце село давно, правда, не на колеса”. Аўтар сам празнаўся ў адной зь песень, што ужывае ў якасьці допінгу ліпавую гарбату, але разам з тым “акрыляецца” буржуінскім напоем *** (ня буду рабіць рэкляму марцы “Чырвоны бык”). Прызнаньняў у песеньках Віктар наогул зрабіў шмат. Напрыклад, “а мне подарили вчера гонорею, и вот почему я сегодня так счастлив!” альбо “мне тошно оттого, что мне ужасно тошно”. Па ўсім бачна, што Дэа – адданы цэжээравец, бо напісаў, па чутках, гімн роднай арганізацыі: “Не подходи, оно живое, оно не дастся в плен живое, оно воняет, хрипит и воет!”. Скончыў Віктар песенькамі на тэму неба, лятаючых караблёў, крылаў ды палётаў.
Сапраўды, “Чырвоны бык” паэтаў акрыляе (і крышачку акрыўляе)!

Кірыла Смышляеў: “Мы не пьяніцы ды не бамжы – “сінявокая”, мы твае сыны!”

Кірыла “Фан” Смышляеў, асоба ў магілёўскіх музычных і калямузычных колах, мала сказаць, легендарная, у акустыцы не выступаў ужо гады два. Выйшаў Фан з гармонікам, ад чаго адразу патыхнула чымсьці простым ды мужыцкім. Галантны музыка нагадаў прысутным пра Дзень маці ды не забыўся амаль палову рэпэртуару прысьвяціць любай жонцы. Як заўжды, беларускасьць Фана прасілася на волю: ў вядомай ягонай расейскамоўнай песеньцы, “Каханая”, адзінае беларускае слова – таксама “каханая” – паўтаралася рэфрэнам і гучала пяшчотна, натуральна ды цёпла.

Кірыла прасьпяваў свае старыя творы (“Старость”, “Сумоту”) ды навюткія, напрыклад, “Беларусь сінявокаю”, дзе гучна заяўлялася: “Мы не пьяніцы ды не бамжы – “сінявокая”, мы твае сыны!”. Сьпяваючы ды граючы на гітары і баяне папераменна, Фан аніяк ня мог уседзець на невялікім сцэнічным зэдліку, усё цягнуўся кудысь уверх – відаць, шырокая беларуская душа не памяшчалася ў вялікім целе музЫкі ды рвалася вонкі. Магутнаму вакалу сьпевака, здавалася, цесна было ў маленечкім памяшканьні – здавалася, ён здатны ахапіць хоць вялізную залю “Grand opera”.

У фінале свайго выступу Кірыла Смышляеў выканаў тры кампазіцыі гурта ПОГОДНЫЕ УСЛОВИЯ, таксама прасякнутых нябесным блакітам, у якіх распавядалася пра пілётаў ды іхныя самалёты: “я без крыльев карабкаться в небо устал”, “я буду ждать, когда прилетит мой золотой самолёт” і ўсё такое рамантычнае-аэракасьмічнае. Апошняй прагучала новая песенька Фана, у якой заклікалася: “лежать, просто лежать, не вставать”. І як цяжка пасьля такога было ўздымацца, пакідаць цёпленькую-ўтульненькую, надыханую разамлеўшым зборышчам залю, і выпаўзаць пад сырую бязьлітасную імглу... Такі б “акустычны вечар” – штовечар!

Фото Брюнетки Ксю.

“О декаданс, случайные встречи...”. Акустычны вечар-2. (Ziaziula, Инфо-центр

, октябрь 2006)


Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий:
Укажите ваше имя на сайте Центр Живого Рока.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.

Рассказать друзьям