15.09.2006 Асаблівасьці нацыяналістычнага шабасу

Сёлета фэст на Крапівенскім полі, што пад Воршай, таксама вядомы ў колах яго ж прыхільнікаў як “беларускі нацыяналістычны шабас”, меў мізэрныя шансы апраўдаць гэты свой нефармальны назоў. Талерантнасьць мас зьдзіўляла: ня білі ні за расейскую мову, ні нават за выкананьне ГРАЖДАНСКОЙ ОБОРОНЫ. Апроч таго, на полі тусілі цэлых два Вожыкі – магілеўскі і “БУХОЙ”.
Хто ня ведае – тутака ў 1514г. нашыя продкі на чале з Канстанцінам Астроскім секліся з маскоўскімі войскамі за стратэгічна важную Смаленскую браму. Кажуць, батл выйшаў эфэктны і надзвычайна плённы – ахвяраў былі дзесяткі тысячаў з абодвух бакоў. Перамагла … не, ня дружба, а гераічныя ліцьвінскія лыцары. Вось такая мілая і зьлёгку крывавая гісторыйка, Дзень вайсковай славы Беларусі – своеасаблівае тутэйшае “Кулікоўскае поле”. А з 1991 тут амаль штогод ладзяцца нефармальныя канцэрты з выступам бардаў і паэтаў, пікнікі на прыродзе і, канешне ж, сьвяточны дэнс.

Плюралізм у выбары спосабаў дабрацца да непасрэднага палігону натыкаўся на банальную праблему блёкпастоў. Наш мікрааўтобус быў, як і большасьць іншых, спынены даішнікамі дзеля праверкі дакумэнтаў. Мы, шчасьлівыя пасажыры аршанскай маршруткі, са спачуваньнем назіралі за кампашкаю няшчасных стопшчыкаў, таксама спыненых “санітарамі трасы”. Арыгінальную адмазку “А мы, эта ... бульбу едзем капаць…” так і не давялося выкарыстаць – дзядзечкі ў форме, відаць, тырчэлі на дарозе з самае раніцы і сапраўды закалупаліся разьбірацца са шматлікімі “бульбакапальшчыкамі”, абвешанай “незарыгістраванаю” сымболікай. Мазгі бедненькіх копаў (хаця, думаю, органы мысьлення ў іх завуцца “коп-чыкамі”) да вечара зусім згарэлі на рабоце – так, што служкі закону і ворагі апазыцыянэраў нават дапамагалі выпіхваць з бруду аўтобус. Што характэрна, магілеўскі.

Пакуль шаноўнае спадарства рыхтавала глебу да “шабасу” – раскідвала намёты ды расьцягвала па кучках дровы (арганізатары прывалаклі цэлую гару дошак – яўна павыламалі платы ў суседняй вёсцы Гацькаўшчыне). Ня ведаю, як іншыя барды-паэты, а наша “гордысьць і краса” Віталь Рыжкоў, пакуль усе нармальныя людзі раскладалі вогнішчы, качаліся па траве і мэдытатыўна сузіралі нябесны блакіт, заклапочана наводзіў канцэртную прычоску, рэпэтаваў палаючы натхнённы позірк ўдалечыню і засяроджана складаў праграму выступу. На тле гэнай багемнасьці Анка Упала па-пралетарску завіхалася ля дохлага сьмярдзючага кастрышча. Як і сьлед жанчыне ў грамадзтве традыцыйных каштоўнасьцяў, Анка павінна была прыкрываць тылы і на выпадак правалу земляка забясьпечыць трыюмф Магілева.

Паводле завядзёнцы, усе шчырыя вернікі і проста аматары патусавацца папляліся да вялізнага крыжа, што стаяў на ўзвышэньні, каб паслухаць беларускамоўную імшу. Паганцы, атэісты і сымулянты зьнізу назіралі вясёлку, што нечакана праступіла ў небе раўнюсенька над крыжам акурат падчас малітвы. Аднак на гэтым цуды ня скончыліся: напрыканцы гэтага несанкцыянаванага рэлігійнага акту, як толькі піпл засьпяваў “Магутны Божа”, на халме матэрыялізаваўся сівабароды Аляксандр Мілінкевіч. Гламурная зорка палітсцэны адразу пачала раздаваць інтэрвію і фоткацца з жадаючымі. Праўда, на ноч застацца адмовілася (і правільна, а тое павінцілі б усё кодла, ды й легендарныя Аршанскія турмы якраз недалёка).

А дзевятай распачалося непасрэднае шоў. Сярод вядоўцаў і арганізатараў былі Андрэй Мельнікаў, магілевец Ігар Мухін ды яшчэ некалькі цьвярозых суб’ектаў.
Пасьля караценькага разагрэву ад сьвятароў Беларускай аўтакефальнай царквы і ўлюбёнца тамтэйшай публікі – барда Андруся Мельнікава ў шынялі, пакуль у народа яшчэ фурычылі верхнія чакры і ён быў у стане адэкватна ўспрымаць прыгожае пісьменства, адзін за адным павыпаўзалі прадстаўнікі Магілева. Сьпярша спадар Мухін усталёўваў кантакт з аўдыторыяй, затым наш Вожык (В.Рыжкоў) бязьлітасна растрэльваў усіх сваімі “зялёнымі чалавечкамі” і “роспачамі”, а на заканчэньне вытанчаная Анка Упала бязьлітасна дабівала тых, хто яшчэ выжыў, зьнішчальнаю сатыраю і дэкадансным эпатажам.

Гэта, здаецца, былі адзіныя выступоўцы без музычнага суправаджэньня. Шчыра казаць, у душу пачалі закрадацца ідэі капітуляваць да цёплага вогнішча – ну што мы там яшчэ ня бачылі?... Палова гледачоў такі скіпнула. Усю рэшту вечара са сцэны не сыходзілі разнастайныя і разам з тым аднастайныя барды і бардаўкі, сярод якіх мала за што магло зачапіцца вуха выкшталцонага мэлямана. Як адно з праемных выключэньняў, уразіў сваёй сьмеласьцю й самаахвярнасьцю хлапчуковы дуэт з Барысава (гурт БУХОЙ ЁЖЫК у няпоўным складзе). Дрыготкімі галаскамі, пад нязграбны дваровы акампанэмэнт у стылі “дзьве струны-тры акорды” і з патрыятычнымі выразамі твару падлеткі выканалі летаўскую “По плану”, а калі ўбачылі, што іх дакладна не пабьюць (хто забыўся на спэцыфіку мерапрыемства, гл. 1-ы абзац), то прасьпявалі расейскамоўную песеньку “Беларусь – наш дом” і штосьці сваё таксама пра Чарнобыль і ахвяраў радыяцыі.

Самае цікавае, што неўзабаве, як толькі адгугнеў належнае бард з Рэчыцы, на сцэну выпаўз сам … Летаў з гітараю. Праўда, потым высьветлілася, што ніякі гэта ня Летаў, а вядомы сваёй арыгінальнасьцю ды зычным голасам паэт і перакладчык на беларускую мову твораў Міцкевіча Серж Мінскевіч, аўтар дзіцячай кніжкі “Прыгоды” ці то “Какоса-маракоса”, ці то “Какаса-маракаса” (адтуль падрастаючае пакаленьне можа даведацца, якім шляхам размнажаюцца какасы-маракасы) – зьмест гэтай кніжкі у песенным варыянце якраз і выклаў нам Серж. Апасьля спадар паэта зусім азьвярэў (пад відавочным узьдзеяньнем ня будзем удакладняць якіх прадуктаў, каб не рабіць рэкляму айчынным вытворцам гарэлкі ды піва), у сцэнічным экстазе затрос даўгімі рок-н-рольнымі патламі, пачаў дзіка скаліцца і крычаць у натоўп нешта зусім авангардна-асацыяльнае, тыцкаючы пальцам у пярэднія шэрагі і пераконваючы ўсіх,: “Вы біямаса! І та біямаса! І ты!”. Міла, з густам і ў меру агрэсыўна. Карацей, прыгожа выйшла.

Цудоўным быў выступ Тацяны Беланогавай, студэнткі БДПУ і пераможцы конкурсу “Бардаўская восень - 2004”, тэксты і голас літаральна гіпнатызавалі слухачоў. А для паўнаты эфэкту трэба што? Правільна, шоў. І не абы якое, а вогненнае. Пад акампанэмэнт Тацяны сьціплае і бяскрыўднае з выгляду дзяўчо махала перад насамі шаноўнае публікі палаючымі штуковінамі. Акрамя Тані падтрымкаю аўдыторыі скарысталася бардаўка Ірына, якая выступала дуэтам са сваёй псінкай, здаецца, Джэсі. Пакуль кабета чульліва распавядала ў мікрафон верш пра драматычныя сакавіцкія падзеі, Джэсі то насілася перад сцэнаю, то спрабавала ўскараскацца на саму паэтку.

Тым часам цывілізаваная частка мерапрыемства спакваля стала пераходзіць у нецывілізаваную. У адрозьненьне ад папярэдняга году, калі вызначаўся пераможца конкурсу – ім апынуўся Андрэй Хадановіч, за што й атрымаў жалезную квадратную карону, – эканомныя арганізатары вырашылі абмежавацца кніжачкамі-брашуркамі, якімі ганарова ўзнагародзілі некаторых выступоўцаў. Такая вось гнюсная несправядлівасьць. Для тых, хто ўпарта не жадаў разыходзіцца па намётах і вогнішчах, Андрэй Мельнікаў яшчэ крыху ненавязьліва пабрынькаў на гітары і пагундзеў сабе пад нос, імітуючы саксафон. Калі нарэшце прагналі апошняга барда, моладзь расчысьціла прастору ля сцэны і гоцала пад усялякіх энэрэмаў да трох ночы.

Усё, што рабілася пасьля, апішам вобразна. Мяркуючы па маштабах гулянкі, пасьля дзікіх танцаў і традыцыйных дэгустацыяў алькагольных вырабаў рознай ступені моцнасьці, нараніцу навакольле мусіла выглядаць, прама скажам, ня лепей, чым пасьля славутай Аршанскай бітвы 492 гады назад. Тым шчасьліўчыкам, каму давялося разьвітацца з Крапівенскім полем, не дачакаўшыся цяжкага й пакутлівага золку, пашанцавала ня ўбачыць псыхадэлічнай карціны “ці то сьвіньні елі, ці то шляхта балявала”.

ЗЮ. А наогул, можна зірнуць на ўсё гэта, як на дужа арыгінальнае сьвяткаваньне хэпібёздэя Ігара Фёдаравіча Летава (10 верасьня, хто забыўся, ламэр), О’К? І няхай мяне пабьюць нацыяналісты.

Фотакор Анка Упала

Асаблівасьці нацыяналістычнага шабасу (Ziaziula-ваенна-палявы карэспандэнт,

, сентябрь 2006)

Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий:
Укажите ваше имя на сайте Центр Живого Рока.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.

Рассказать друзьям