14.01.2009 Revolver: драйв, які не згасае

На пачатку 90-х гэты гурт быў у шэрагу лідэраў беларускага року, а ў гіт-парадах змагаўся за лідэрства з «Крамай» і ULISам. Гурт Revolver існаваў толькі пяць гадоў, запісаў тры альбомы і музыку да спэктаклю ды апярэдзіў свой час на гады. Але цяпер пра гэты гурт мала хто згадвае. Пра забытую легенду магілёўскага року і беларускага Джагера — Анатоля Варламьева, што пайшоў з жыцьця чатары гады таму, піша Зязюля.

«Я знаю это, я иду к этому! Длинный путь среди жестяных коробок. Я знаю это, я иду к этому! Тянется скука и алкоголь следом», — так распачынаецца апошні альбом «Столкновение» гурта Revolver. Ужо пайшоў 11 год, як няма гэтай рок-банды, некалькі гадоў таму сыйшоў з жыцьця і аўтар згаданых радкоў — Анатоль Варламьеў. Але драйвовая рок-н-рольная музыка, яскравыя сымбалічныя вершы засталіся. Яны гучаць так жыва, як мала што з творчасьці сёньняшняга магілёўскага андэграўнду. На жаль, зорка, што зьзяла ў мінулым, вельмі хутка стала зьнічкаю — успыхнула ярка і згарэла ўшчэнт. Пра гэты гурт, які ў свой час зрабіў сапраўдны творчы прарыў у Магілёве ды праславіўся на рэспубліканскім узроўні, цяпер мала хто згадвае — нават у родным горадзе.

Творчы шлях Revolver быў кароткім (1993—1998), але плённым. Не пасьпеўшы ўзьнікнуць, напрыканцы 1993 году ён увайшоў у дзясятку лепшых беларускіх гуртоў у гіт-парадзе «Rock Island». На рахунку каманды тры запісаныя альбомы: «Джунгли» (1993), «Crash» (1994), «Столкновение» (1997). Апроч таго, чатыры песьні гурта з апошняга альбома былі ўключаныя ў складанку «Восточный рубеж», выдадзеную напачатку 2000-х. Тэксты пісаліся на дзьвюх мовах: ангельскай і расейскай.

Удзельнікам Revolver належала ідэя стварэньня перадачы «Скрыня Пандоры» тэлеканалу «Магілёў-1», гурт таксама супрацоўнічаў з Магілеўскім абласным драмтэатрам. У студзені 1998 году каманда ўдзельнічала ў магілёўскім фэсьце «Скажы СНІДу — не!» і заняла на ім першае месца. На вялікі жаль, Revolver усяго некалькі разоў выступаў у родным горадзе. Збольшага каманда вандравала па краіне ды нават здолела «прарубіць вакно» ў сталіцу РБ. Па сьведчаньнях прадстаўнікоў старэйшага пакаленьня магілёўскіх музыкаў і аматараў року, гурт вылучаўся сваім драйвам, харызматычнасьцю, музычным майстэрствам, а таксама добразычлівасьцю ў адносінах да маладых калег па сцэне.

Дзіўна ды сумна, што пра саму каманду і ейную творчасьць надзвычай хутка забыліся. Спатрэбіліся значныя высілкі, каб адшукаць хоць нейкія запісы і фотаздымкі гурта, які зьнік толькі каля дзясятка гадоў таму. Калі ў 2005 годзе ва ўзросьце 41 году памёр ад цырозу лідэр гурта Анатоль Варламьеў, у магілеўскай рок-тусоўцы ўзьніклі (ды тут жа зьніклі!) ідэі ўшанаваньня памяці паэта і музыканта. Спадчыну так ніхто і не перавыдаў, нэкралёгаў на музычных сайтах мне знайсьці не давялося, пра нейкія трыб’юты нават і гаворкі ня можа ісьці. А на магіле Анатоля зараз няма нават помніка або крыжа.

У складзе Revolver у свой час гралі: Анатоль Варламьеў (вакал, музыка, тэксты), Сяргей Нікалаенка (лідэр-гітара, музыка), Віктар Рынкевічус (гітара), Сяргей Козыраў (бас-гітара), Сяргей Кісялёў (бубны — пазьней ягонае месца заняў Уладзімер Тэвасян). З двума ўдзельніками гурта мне давялося паразмаўляць і дзякуючы ім аднавіць частку яго гісторыі.

Віктар Рынкевічус, экс-гітарыст Revolver, зараз грае ў дуэце Rinko і мае сваю студыю гуказапісу.

— Як утварыўся Revolver?
— Гэта адбылося недзе напачатку лютага 1993 году. Да гэтага мы з Толікам Варламьевым сустрэліся ў Машынабудаўнічым інстытуце і ў 1986 году стварылі рок-гурт «Представь себе». Пасьля я і Сяргей Нікалаенка гралі ў гурце «Проезд запрещён», і наша музыка нагадвала Pink Floyd. А Толя разам з клявішнікам Маркам Эпштайнам, які зараз зьехаў у Амэрыку, стварыў гурт «Конвент», стылістычна падобны на Emerson, Lake & Palmer. Мы існавалі як супернікі, але на адным з фэстаў «Дыялёг» мы вырашылі аб’яднацца. «Проезд запрещён» распаўся, мы перайшлі ў «Конвент». Адначасова зьмяніўся накірунак: арт-рок, які пасьля ператварыўся ў гітарны рок. І ў 1993 годзе мы пачалі граць нешта а-ля U2 з налётам панка, а песьні сталі карацейшымі.

— Што азначае назва Revolver?
— Назву прыдумаў Толік Варламьеў. Я думаю, гэта ў яго было зьвязана збольшага з барабанам, які можна круціць нібыта сьпіраль, канцэпцыя пастаяннага вяртаньня да чагосьці. Да таго ж, Толіку падабаўся альбом Beatles «Revolver».

— Як наконт творчага наватарства Revolverа? Ці не займаліся вы проста перайманьнем заходняй музыкі?
— Па шчырасьці, «зьдзёру» ніякага не было. Толік быў музычным калекцыянэрам і меў багата запісаў, якія даваў таксама слухаць і нам. І кожны з удзельнікаў гурта меў свае музычныя захапленьні. Напрыклад, для Толіка ідэаламі былі Beatles ды Rolling Stones, Нікалаенка захапляўся Pink Floyd. Адпаведнай была і наша музыка. Мы выкарыстоўвалі ў сябе ўсё самае лепшае, што было на Захадзе: элемэнты гранжу, арт-року, джазу. Мы былі адзіным гуртом у Магілеве, хто граў такую музыку.

— Ці адрозьніваліся альбомы стылістычна?
— Так, прынамсі, у «Джунглях» быў своеасаблівы вясёлы гард-рок, некаторыя кампазыцыі гучалі, як у Bon Jovі. «Crash» меў ужо налёт панку, запісаны з наўмысна бруднай гітарай. А вось альбом «Столкновение» — больш канцэптуальны, прадуманы.

— Чаго дасягнуў Revolver за час свайго існаваньня?
— Ад самага пачатку, з 1993 году, мы пачалі актыўна выступаць, езьдзіць у Менск. У 1993 годзе нават увайшлі ў дзясятку лепшых гуртоў у перадачы «Rock Island», паводле галасаваньня. Мы тады занялі чацьвертае мейсца, нас апярэдзілі «Крама», ULIS ды яшчэ нехта. Але па віне некаторых музыкаў, мы не маглі гастраляваць пастаянна, і паступова адыйшлі ад тусоўкі. Хаця ў свой час, нам даводзілася выступаць на адной сэцне і з «Чайф», і з Максам Пакроўскім, і з той жа «Крамай», і з многімі іншымі вядомымі гуртамі.

— Як вы думаеце, чаму гурт распаўся?
— Хтосьці любіў прыкладацца да алькаголю, хтосьці пагуляць, у кагосьці былі дзеці. У 1998 годзе, калі Revolver ня стала, я і Сяргей Козыраў заснавалі гурт Rinko, які выпусьціў ужо 9 альбомаў. У апошнім зь іх, «Край-магнит», выкарыстаная песьня Толіка — «След (20 лет спустя)». Зараз я працую яшчэ і гукарэжысэрам, маю сваю студыю і дапамагаю ў запісах маладым гуртам.

Сяргей Нікалаенка, экс-гітарыст Revolver, зараз зрабіў сваю студыю гуказапісу.

— А ці былі вы, удзельнікі Revolver, бунтарамі?
— Бунтары — гэта тыя, хто нясуць нешта новае, ламаючы старое. А мы не зьбіраліся нічога ламаць, мы проста гралі ў кайф. Імкнуліся прынесьці задавальненьне як самім музыкам, так і публіцы. І збольшага людзі менавіта слухалі нашую музыку, хаця былі і тыя, хто проста скакаў пад сцэнай. Гэта заўважаў нават Віця Рынкевічус, які пастаянна казаў: «Мне падабаецца, што нас слухаюць». Я, аднак, больш люблю, калі людзі проста адрываюцца. Калі энэргетыка каманды прымушае скакаць, гэта азначае, што яна добрая. А калі людзі толькі слухаюць — мабыць, ім проста нудна. А нас, музыкаў, сапраўды пёрла на сцэне, бо ўсе былі энэргічныя, зараджаныя.

— Згадайце самыя яркія выступы.
— Напрыклад, выступ у Рагачове, на маёй радзіме — першы і адзіны ў гэтым горадзе. Гэта было ў той час, калі мы ўжо запісалі 2 альбомы. Канцэрт ладзіўся ў зале завода «Дыяпраектар». Гэта было цудоўна! Нас выдатна сустрэлі, вырвалі сем шэрагаў седзіваў. Мы таксама езьдзілі і ў Віцебск, і ў Менск. У Менску нават гралі на нейкай нуднай забаўляльнай перадачцы «5 зорак».

— Зь якімі «крутымі» бандамі вы выступалі?
— З гуртамі «Буржуазия», «Крама», ULIS, «Мама дала банку», «Рукастый перец», «Ногу свело» ды іншымі. І гэта была тая плянка, ніжэй за якую мы проста не апускаліся.

— Вы неяк супрацоўнічалі зь мясцовым драмтэатрам?
— Гэта была надзвычай цікавая праца, не параўнальная нават з канцэртамі. Мы пісалі музыку да спэктаклю «Эти свободные бабочки». Адбывалася своеасаблівае зьліцьцё калектываў. Гэта была курсавая праца студэнтаў, і яны выкладаліся максымальна. Ды ў нас — гэта першая музыка для спэктаклю. У выніку атрымаўся цудоўны твор.

— Вам спадабалася тое, што вы зрабілі?
— Вельмі! Ды і людзі ў залі плакалі. Дзеяньне суправаджалася нашымі песьнямі, дзьве зь якіх мы потым зьбіраліся выдаць, але потым вырашылі, што ня варта. На гэтым нашая супраца з тэатрам скончылася, рэжысэр і трупа зьехалі, а мы працягвалі працаваць, як раней.

— Якое месца займаў Толя Варламьеў у гурце?
— Толік лічыўся і сапраўды быў лідэрам. Безь яго гурта б не існавала. Гэта былі б проста добрыя музыкі, і ня больш за тое. Іх трэба было згуртаваць вакол аднаго цэнтра, якраз гэтую нішу і займаў Толік. Ён пісаў і музыку, і тэксты, і мы проста дапамагалі яму ўвасабляць гэта ў жыцьцё. У яго быў крыклівы, напорысты вакал і не зусім ардынарныя паводзіны — гэткі «ўскрыты нэрв». Так, харызматыкі ў ім хапала, але без эпатажу.

Сваімі ўспамінамі пра Revolver падзяліліся і ягоныя калегі па мясцовай рок-сцэне:

Аляксандар Сташкевіч, лідэр гурта «Барон Мюнхаузен», Магілеў:
Гурт Revolver быў адным з самых моцных на той момант у Беларусі. Ды і сёньняшнім камандам ёсьць чаму ў яго павучыцца. Revolver быў адметны ўсім, але ў першую чаргу сваёй музыкай. Падача ў гурта была вельмі празаходняя, касмапалітычная, а-ля Rolling Stones. Я ўяўляю Анатоля збольшага як вельмі харызматычнага фронтмэна, гэткага магілёўскага Міка Джагера.

Юры Несьцярэнка, Wight Night Blues, Бялынічы:
Revolver у свой час быў, напэўна, адзінай камандай, якая ўважліва ставілася да свайго саўнда. Яны шмат над гэтым працавалі, шукалі свой гук, нягледзячы на самадзейныя ўмовы і самаробную апаратуру. Гэта была добрая рэжысэрская праца — у прыватнасьці, Сяргея Нікалаенкі. Гурт неабыякава ставіўся да гармоніі, мэлёдыі і рытму, сачыў за якасьцю сваёй музыкі. Вакал Толіка Варламьева выклікаў супрацьлеглыя водгукі. У яго была вельмі дзікая экспрэсія, але з прафэсійнага пункту гледжаньня гэта не адпавядала вакальным канонам. І ўсё ж, ён быў пазнавальным тварам гурта. На жаль, лёс Толіка быў трагічны, ён хутка «згарэў». Я быў знаёмы з Толікам, бываў у яго дома. І ня мог прадчуць, што ўсё адбудзецца так трагічна. Гэта нагадвае гісторыю з Сашам з гурта Gods Tower — у апошнія часы ён сядзеў у пераходах, граў на баяне.

Падрыхтавала Зязюля для Тузина Гитоу, а мы сперли.

Р.S. Вялікі дзякуй усім, хто дапамагаў рэстаўраваць памяць пра Revolver: С. Нікалаенку, В. Рынкевічусу, М. Васільевай, А. Сташкевічу, Ю. Несьцярэнку, К. Канцавому.

Revolver: драйв, які не згасае (Падрыхтавала Зязюля, стырено с Тузина Гитоу, январь 2008)


Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий:
Укажите ваше имя на сайте Центр Живого Рока.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.

Рассказать друзьям