13.10.2008 Ластаўка беларушчыны MAUZER у Вiцебску
Рэдка адгукаюся на прапановы наведаць канцэрты ў гарадох, апанаваных аґентамі імпэрскага ўплыву, да якіх адношу і Вiцебск, наскрозь атручаны маскальскім “Славянскім кірмашом”. Але абвестка ў гасьцёўні «AntiShowBiz» пра ўдзел 11 кастрычніка гурта «MAUZER» у віцебскай вечарыне «Будзьма!» прывабіла мяне акурат сваёй парадаксальнасьцю.
Гурт нядаўна пазбыўся абрыдлага прасавецкага дадатку «таварыш», і гэта пацьвярджае імкненьне музыкаў да ўслаўленьня беларушчыны ня толькі ў межах агульнакраёвых кампаніяў. Цікаўнасць расла, бо чуў я гэты калектыў і на прэстыжнай сцэне “Амбасовішча”, і на вялікім пляцавым сэйшну «BeFree» ў Львове (Украіна), дзе музыкі раскатурхвалі тысячны натоўп.
Што ж яны пакажуць у маленькай задушнай “Зэбры”? Сярод выступоўцаў, якія адкрывалі канцэрт, былі нейкія далёкія мне рускамоўныя гурты “HELLOCOST” ды “CHI WANGA”, без ценю радзімы ў душы. Падзівіўся я i на беларускамоўнага вядоўцу, што неўзабаве пачаў рэклямаваць будучую прэзэнтацыю альбома падрасейскага гурта “Фляўс і Кляйн”, чым вызначыў асабiстую прыналежнасць да антырупліўцаў беларускага культурніцкага фронту.
Засмучэньне маё не мінала аж да хвіліны зьяўленьня на дробненькай сцэне клюба Яна, лідэра MAUZER. Чарговы раз я пераканаўся, што групу ня толькі слухаць варта, але й глядзець. Імідж увальны. Проста карцінка Пікаса на сцэне! З гукамі ледзь ня Баха! Разнастайнасць складаных хардкоравых пасажаў! Неверагодным мэлядыстам паказаў сябе ґеній Уладзь, сталы ґітарыст групы. І хоць ён нават не сваяк Піту Паўлаву, але талент ня меншы. Як кранулі публіку ґітарныя партыі ў новых кампазыцыях MAUZER, а мне асабіста прыемна было прыгадаць першае сваё знаёмства з гуртом у менскім “Акварыюме” ў 2004 і адзначыць для сябе іхні прагрэс.
Стары ґіт "Брудная вада" не адразу мяне прашыб, але зь цягам часу. І так глыбока! Мой настрой нібыта перадаўся натоўпу гледачоў. Моладзь зь непасрэднасьцю, зь якой выцягваюць з кішэні насоўку, разгарнула бел-чырвона-белыя сьцягі, адначасова вітаючы куміраў мілымі сэрцу выгукамі “Жыве Беларусь!” А першыя гукі шэдэўру – песьні “Беларусь будзе вольнай” – змусілі й мяне адарвацца ад барнай стойкі, дзе я ласаваўся бутэрбродамі з бэконам, запіваючы іх цудоўным мясцовым півам. І нездарма. Ластаўкай беларушчыны Ян кінуўся са сцэны на кволыя дзявочыя рукі, спавітыя гумкамі “За свабоду”, і каб не пасьпеў я падхапіць музыку, ляжаць яму пад сотнямі патрыятычных ног. Гэта стала эмацыйным пікам і ляґічным фіналам канцэрту.
Ластаўка беларушчыны MAUZER у Вiцебску (Вядомы музычны крытык, публіцыст і паэта, Вітаўт Мартыненка, октябрь 2008)
Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий: