13.10.2006 ЯЙКАквадратура: ПОМСТмадэрнізм пускае бурбалкі
Прагрэс спараджае новыя гэамэтрычныя формы. Але асноўныя філязофскія пытаньні застаюцца адкрытымі. Памятаеце, як старажытныя грэкі ў паўзах паміж высакароднымі вакханаліямі пэрыядычна глядзелі мутным вокам у далёкае сіняе неба ды задуменна так, патасна, міжволілі кідалі: “Дык што там першаснае – яйка ці кура?”. Магілеўскія ПОМСТмадэрністы Анка Упала ды Віталь Рыжкоў (ВОжЫк) вырашылі аднавіць трыдыцыю. Творчаму тандэму не дае спаць спакойна эпатажныМТС-аўскі сымбаль – чырвонае яйка ў квадраце, – нібыта сплягіячанае ў беларусаў – паэта А.Разанава ды мастака В. Маркаўца. Аднак пытаньне трохі трансфармавалася, і нашых магілеўскіх любамудраў цікавіць: што натуральнейшае – квадраяйка ці яйкаквадрат? Гэта й сталася канцэптам вечарыны, што ладзілася на былым “Коле сяброў” 5 кастрычніка.
Усё гэтае кшталту-культурніцкае мерапрыемства ладзілася пад эгідай “Таварыства беларускай мовы імя Францішака Скарыны” ды сталася першым сумесным праектам ВОжЫКа ды Анкі. Занятыя былі ўсе мейсцы, і нават не хапала. З чаго відаць: праблема яек сапраўды хвалюе народ.
ВОжЫК: “Мы зрабілі правільнае яйка!”
Падзея мусіла падзяляцца на дзьве часткі, адпаведна колькасьці паэтаў-выступоўцаў. Напачатку Віталь акрэсьліў тэмат ды ідэалягічную накіраванасьць імпрэзы, агучыўшы інфарматыўную частку вечарыны: “Пачалося ўсё 14 ці болей гадоў таму, калі Алесь Разанаў, вядомы беларускі паэт і мастак Віктар Маркавец прыдумалі канцэпцыю ЯЙКАКВАДРАТАЎ. ЯЙКАКВАДРАТ – гэта сымбаль, квадрат нейкага колеру, й ў яго ўпісанае яйка. Іх насамрэч 6. Два беларуса прыдумалі раней за дызайнэра ангельскага МТС, раней за ўсіх прыдумалі гэты лягатып. Яны пішуць, што яйка не зьяўляецца геамэтрычнай формай. Яно – зьява. І таму, дзякуючы сваёй патэнцыі, свайму зараду, сваёй няправільнасьці, яны не ўмяшчаюцца ў квадратных абмежаваньнях і пераадольваюць геамэтрычную прастору рэчы ў сабе. У ЯЙКАКВАДРАТАХ узаемадзейнічаюць статыка й дынаміка, колькасьць і якасьць, карпускула і хваля, матэрыя і энергія. У выніку чаго, праходзячы інквадрацыйныя пэрыяды, яйка, накшталт лятаючай талеркі робіць свае квантавыя скачкі. Менавіта з таго МТС і абраў сабе гэты так званы “рэбрэндынг”. Яйка –гэта проста, зь яго ўсё сыходзіць. Яйка, квадрат – проста. Проста паглядзелі, проста падключыліся”
Пасьля ўводнае часткі, зазначыўшы, што паэтычны дуэт, па-першае, анічога не КУРЫў, па-другое, не рэклямуе пазначаную кампанію, і, па-трэцяе, што яны з Анкаю ня згодныя з усімі вышэйназванымі аўтарамі і таму зрабілі сваё, “правільнае яйка”, ВОжЫК прыступіў да дэклямаваньня некалькіх сваіх вершыкаў. І хоць прачытаныя творы ўсім (а мо, большасьці) не маглі не спадабацца, але з канцэптам іх зьвязвала, шчыра прызнацца, толькі асоба аўтара.
АНКА УПАЛА: Яйкі пакрасіла? Не?! Ну і дура!
Анка, якую ў прыватных размовах ейны паплечнік Віталь любіць называць “выкшталцонай маладой кабецінай”
“Ідэя КВАДРАЯЙКАЎ як ПОМСТмадэрновага праекту палягае ў засваеньні аўтарамі традыцыяў папярэднікаў у беларускай ды сусьветнай літаратуры ў пусканьні ў гэтую традыцыю каранёў ды бурбалак. Найлепш гэты працэс адлюстроўвае шклянка “Кока-колы”, калі вы ў яе дуеце праз саломінку. Для Віталя Рыжкова непераможным аўтарытэтам з’яўляецца Разанаў, і таму Віталь пускае бурбалкі ў бок ягонага праекту. А я пускаю бурбалкі ў вольны палёт. Нерухомы белы квадрат як сымбаль паэта – гэта сьветлыя літаратурныя традыцыі, куды Анка і Віталь наважыліся пусьціць паэтычныя карані. Чырвонае яйка, у якое ўштукаваны квадрат – гэта вялікая ірацыянальная бурбалка, і ў той жа час натуральнае курынае яйка. Толькі што яно чырвона-сьвяточнае, нібыта на Вялікдзень. Яно адначасова дэлікатнае й моцнае. Да таго ж, у мяне і ў Віталіка яно выклікае сьветлыя алюзіі з Куркай Рабай і маленствам”.
Выклаўшы асноўныя пастуляты сваёй КВАДРАЯЙКАвай тэорыі, Анка і ВОжЫК прадэманстравалі ілюстрацыю сваёй геніяльнай канцэпцыі ў выглядзе брутальнага плякату. На аркушы была выяўленая кура “заточаная пад выраб ЯЙКАКВАДРАТаў” – з квадратнай дупкай. З чаго астатніму імбіцылу мусіла стаць крыштальна зразумелая ўся ненатуральнасьць і шкоднасьць МТСаўска-разанаўскіх ЯЙКАКВАДРАТАЎ – яны траўмуюць кураў. А вось КВАДРАЯЙКІ магілеўскіх крэатыўшчыкаў – абсалютова бяскрыўдныя ды экалягічна чыстыя. Анка справядліва адзначыла, што ідэя малюнка прыйшла да аўтараў у цягніку да Асіповічаў, а натхніла іх нібыта Зязюля, што крычэла наўвесь вагон: “Мы едзем зАйцамі! Мы едзем зьЯЙЦАМІ!!”
Паводле схемы свайго папярэдніка, Анка Упала заглушыла філязофскі смутак прачытаньнем сваёй прозы ды вершаў, сярод якіх прагучалі творы, што акурат укладаліся ў канцэпты ПАМСТмадэрнізму ды КВАДРАЯЙКаў – пародыя на вожыкаўскі шлягер “Зялёны чалавечак”, а таксама вершы пра чырвоныя велікодныя яйкі ды празаічны твор па матывах неўміручай “Куркі-Рабы”.
Пакуль аўтары, адказаўшы на нешматлікія пытаньні ўдзячных слухачоў, раздавалі аўтографы, мэтаю высьветліць, ці здатныя Анка Ўпала ды ВожЫК думаць аўтаномна, паасобку, я дакалупалася да абодвух ды задала аналягічныя пытаньні паводле канцэпцыі КВАДРАЯЕК.
Чые яйкі больш абКУРАныя – вашыя, разанаўскія альбо эмтээсаўскія?
ВОжЫК: - МЫ не падзяляем разанаўскія і эмтээсаўскія. Дзеля нас гэта ўсё адно – гэта яйкаквадраты. А у нас – КВАДРАЯЙКІ. У нас – больш натуральныя, таму больш абКУРА ныя – у МТС і Разанава
АНКА: - Віталь жа патлумачыў, што мы не КУРЫм. Трэба пытацца ў Разанава, ці курыў ён перад тым, як ствараць яйкі свае квадратныя.
А хто нараджаецца з вашых КВАДРАЯЕК?
ВОжЫК: Мы насамрэч схавалі таямніцу. Акрамя таго, што яйка велікоднае, там квадратны жаўток. Таму нараджаюцца квадратныя кураняты
АНКА: - Адтуль нараджаецца квадраптушка. Квадрабройлер.
Што першаснае – квадратнае кураня альбо квадратнае яйка?
ВОжЫК: - Звычайна першасная – курыца з квадратнай дупай, якую вы можаце бачыць на постэры і перафарбаваць.
АНКА: - Першаснае, напэўна, квадраяйка, а потым ужо – квадрабройлер.
Якая атрымліваецца яешня – квадратная?
ВОжЫК: - У нас атрымліваецца нармальная, а у МТС, напэўна, квадратная
АНКА: - Бел-чырвона-белая і квадратная. Яе есьці ня трэба, а трэба вешаць на сьценку, цьвічком прыбіваць і любавацца.
ЗЮ. Нельга замоўчваць той факт, што калі пасьля вечарыны частка народу спусьцілася ў падвал, то знайшла там невычарпальныя запасы сапраўдных КВАДРАЯЕК – кардонных яйкавых латкоў, так што КВАДРАЯЙКІ – навокал, толькі трэба вучыцца іх адрозьніваць.
Але шчыра заклікаю: НЯ ЕШЦЕ ІХ! ЛЮБІЦЕ ІХ! Яйкі – нашыя браты малодшыя, бо зь іх вылупляюцца птушкі, кшталту Зязюлі.
ЯЙКАквадратура: ПОМСТмадэрнізм пускае бурбалкі (Ziaziula, Инфо-центр
, октябрь 2006)Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий: