11.08.2006 Міжнародны фестываль сучаснае паэзіі ПАРАДАК СЛОУ
1. Вуліца Магілёўская
Як прыехалі з Анкаю Упалаю ў Менск, адразу пабеглі ў фальварак "Добрыя мысьлі”, што знаходзіцца на вуліцы Магілёўскай 12, дзе праводзілася прэс-канферэнцыя і адначасова прэзентацыя новай кнігі паэм Алеся Разанава “Каб мелі шчасьце ўваскрасаць і лётаць” і даваліся адказы на пытаньні па “яйкаквадратах”.
Аказваецца, новы лягатып МТС прыдуманы не расейскімі дызайнерамі, а менскімі паэтам Алесем Разанавым і мастаком Віктарам Маркаўцом ажно амаль чатырнаццаць гадоў таму.
“З аднаго боку, “Яйкаквадраты” – універсальная формула, якая да ўсяго мае дачыненьне, з другога – выявы, зьвязаныя з нацыянальным космасам і традыцыяй,” – надрукавана ў часопісе “Мастацтва”, №4, 1993г., ст. 4648.
Ці зьбіраюцца паэт і мастак падаваць заяву ў суд – ніхто на сустрэчы так і ня ўцяміў... Кожны прысутны атрымаў у падарунак кнігу; кожны жадаючы мог папрасіць аўтограф аўтара:
- Як табе падпісаць: як усім ці асабіста? – Алесь Разанаў мае выгляд старога коршуна...
- Як жадаеце, - адказваю, не жадаючы залішне блішчэць тэарэтычнай налепачкай “малады паэт з Магілёва”.
Засяроджана нешта піша, – даволі доўга – пытаецца прозьвішча... Як вынік:
“Як усім і яшчэ асабіста Віталю Рыжкову. 4.08.06 Р.А.”
Забыў сказаць: як я запытаўся, Алесь Разанаў зірнуў на мяне так, што... Позірк гэты чалавек мае асаблівы. Зірнуў - і нібы высмактаў з душы нешта... А, можа, мне й здалося. Ужо гады з тры цьвёрда ўпэўнены: не Рыгор Барадулін, а менавіта Алесь Разанаў ёсьць першым прэтэндэнтам зь Беларусі на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры.
2. Калбаскі па-магілёўскі
Менск сустрэў дажджом, таму паблукаць па горадзе не ўдалося. Паехалі з Анкай ізноў на вакзал, дзе пайшлі ў сталоўку. Убачыў у мэню “калбаскі па-магілёўскі” – а дарагія ж!.. – і не стрымаўся: “Дайце дзьве...”
Гадзіны дзьве-тры бавілі час на вакзале.
3. “Накрычал-накрычал на фсех і пашол курыць...”
Пакуль шукалі музэй М. Багдановіча, абышлі Траецкае прадмесьце кругом... Во, фэрмеры!..
Па праграме я павінны быў выступаць ажно адзінаццаты, – прадапошні, - перад хэдлайнерам Андрэем Хадановічам, але выступаў усё ж дзесятым. Але – крыху падрабязьней.
Першыя пяць удзельнікаў вельмі ўразілі: Зьміцер Строцаў, Джэці (Вера Бурлак), Віктар Жыбуль, наш Дзіма Дзьмітрыеў і – хай сабе! – Глеб Лабадзенка...
Строцаў зьдзівіў, прынамсі мяне, даволі цікавай манэрай чытаньня: падалося падобным на “інвэрт” аўдыа-запісу; Джэці – акторскі талент на твар, глядзець і слухаць цікава; Жыбуль – як мінімум, прыкольна (болей – на слых цяжкавата...); Дзіма Дзьмітрыеў (“масла масленае”, як ён сам піша пра свае імя й прозьвішча) – я ўражаны; Лабадзенка – э-э-э, ну, скажам, што добра, але я не Вішнёў...
Пасьля, на жаль, пачаліся вершы, як на мясцовым “Плястылінавым бусле” апошнім часам... З рэдкімі прасьвятленьнямі.
Я ж, пакуль чакаў сваёй чаргi, пасьпеў і перахвалявацца, і расчаравацца ў сваіх вершах, і узрадвацца, што я хоць ня горшы буду...
Выходжу да мiкрафона... Раблю яго зручнейшым дзеля свайго росту й кажу:
- Перш, чым пачну чытаць, у мяне ёсьць просьба... Вы ўжо стамiлiся - таму не патрэбна пляскаць у ладкi...
(У гэты час А. Хадановiч1, якi сядзеў на галёрцы дзесь, уздымае мне вялiкi палец рукi, маўляў, маладзец! Здагадаўся.) Iмгненна рэагую:
- ...паберажыце далонi для Андрэя Хадановiча!
У залі сьмешкi; Хадановiч уздымае абедзьве рукi з узьнятымi вялікімі пальцамi.
Адчытаў вершы. Яшчэ раз зiрнуў на ўзьняты вялiкi палец Хадановiча... i iмгненна на вулiцу - папалiць.
(Сам характаразаваць сваё выступленьне ня буду!)
Пасьля мяне вершы чытаў адзiн з арганiзатараў фэсту "Порядок слов", а за iм i сам Хадановiч-хэдлайнер...
Пасьля свайго выступу падышоў да мяне, сьціснуў руку й падзякаваў за вершы.
На вулiцы падышоў таксама. Кажа:
- Чытаў у “Нашай Нiве”, што ты ўсiх "парваў" у Ляўках... Цяпер я ўжо пабачыў, як гэта робiцца...
Анка Упала назаўтра кажа: “Хваляваўся-хваляваўся, патом вышал, на всех накрычал-накрычал і пашол курыць!..” (Дарэчы, заўважыў, што за Анкай Упалай трэба пастаянна запісваць – дужа жжоць!)
На другі дзень фэсту мы таксама прышлі. Людзей чамусь было паменей (прынамсі, пакуль мы былі). Зьбеглі раней, і мо таму пачулі толькі двух нармальных паэтаў – адзін з Расеі, другі з Казахстану...
ВОжЫК, , август 2006
ЗЫ: Ад’язджаючы, бачылі на вакзале ў вакно менскую бабульку-бамжыху ў ярка-зялёных штанах і ярка-чырвоным швэдары... Патрыяцізм!!!
ЗЫ: А.Хадановiч – вядомы менскі паэт, перакладчык (з французскай, украінскай, польскай), літаратуразнаўца, крытык... і наогул: ого-го!
Міжнародны фестываль сучаснае паэзіі ПАРАДАК СЛОУ (В.Вожык,
, август 2006)Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий: