4.12.2006 Лiгавое пабоiшча: ЦЖР vs НАША РАДЗІВА (1:0)

Шоў-бізнэсовая прастора горада падзелена, як пасьляваенны Бэрлін, на зоны ўплыву розных мэдыя-груповак. Узброеныя мафіёзныя банды пэрыядычна ладзяць шоў-разборкі . Чарговая разьня адбылася 30-га лістапада ў клюбе “Ліга”. Гэтым разам на арэну выйшлі непрымірымыя ідэйныя супернікі: арагнізатары канцэрту – магілеўская філія НАШАГА РАДЫЁ (транснацыянальная карпарацыя, своеасаблівая фінансавая піраміда) і госьці ЦЭНТР ЖЫВОГА РОКУ (таталітарная рэлігійная сэкта фундамэнталістаў-контр-культуршчыкаў, дзейнічае на чыстым і сьляпым фанатызьме). Чым усё скончылася? Колькі пралілі крыві і вынесьлі трупаў? Старалася быць незалежным насіральнікам, але аб’ектыўнасьці, як вядома, не бывае...

“Поверь, друг, - это НАШИ в городе” – даверлівым, ласкавым тонам убіваюць табе ў вушы яшчэ на ўваходзе. Ты падымаеш галаву і бачыш над сабою, над сцэнай чырвоныя сярпаста-малаткастыя сьцягі. Адводзіш позірк ўбок – зь вялізных экранаў глядзяць на цябе тупыя твары пэрсанажаў лялечнага мульціка. Аднастайны рытм бье па тваіх барабанных перапонках, агеньчыкі мігцяць перад вачыма, і ты ўжо сам – амаль такі ж, як яны, гэтыя мульцяшныя зомбі-марыянэткі,– дохлы, падатлівы, інэртны, у галаве апілкі. “Ты – ў НАШЫМ канцэрце ў НАШЫМ клюбе.Ты ў НАШЫМ палоне, ТЫ – НАШ! НАШ-Ш! НАШ-Ш-Ш!” – мантрай круціцца ў тваёй галаве, і гэта ўжо дыягназ, зь ім табе жыць. Такіх, як ты, тут бітком набіта, вас многія дзясяткі. Мэ-э-э! І вы, наіўныя жывёлкі, нават ня ведаеце, якія лясныя драпежнікі зацясаліся сёньня ў ваш загончык. Будзе горача.

Гурты, што выступаюць сёньня, зьяўляюцца альбо з нацяжкаю лічацца “НАШАрадыйнымі”. ЦЖР ў выглядзе атрада баевікоў покуль схавалася і пачне адкрыта агрызацца бліжэй да канца паці.
Першай на сцэну-балькон выходзіць скандальны і каля-ска-панкавы гурт ЗАТОЧКА. Каманда ўжо займела сабе славу бязбашанных хулюганаў і ненавісьнікаў усялякай папсы. Рэпэртуар – адпаведны, дзікі і безтармазовы, складаецца з вострасацыяльных песенек (“Не будь, Ваня, гопником”, “Ужас нах”, “Хулиганы”). А зь нядаўняга часу ЗАТОЧКА палезла ў палітыку, напісаўшы песеньку “Хоккей” – антыгімн самаму дзяржаўнаму віду спорта (пра тое, як “На лёд выходит белорусский президент”). Фанаты (пераважна ЦЖРаўскія партызаны) правакуюць ЗАТОЧКУ выканаць гэты ўжо легендарны гімн. ЗАТОЧКА паддаецца на правакацыі. Нашарадыйны гукарэжысэр старанна выдзірае з пульта праводзьдзе – і ЗАТОЧКА сьпявае фактычна бяз гуку. Але скандал выходзіць цудоўны, фанаты на танцполе падпяваюць антыўрадавы тэкст. Фэерыя! НАШЫ, здаецца, селі ў вялікую брудную лужыну! Яшчэ адна дзікая выхадка ЗАТОЧКІ: гурт выкідвае на танцпол кучу новенькіх “дзесяцірублёвак”. Па чутках, гэта ўсе грошы, якія ЗАТОЧКА атрымала за выступ! Сапраўдныя юныя панкі (такіх каля сцэны аказалася ад сілы чалавекаў пяць) адразу кідаюцца ўсё зьбіраць.

Пальля канцэрту наша рэдакцыя сабрала запісачкі і размовы, прызначаныя музыкам і лічыць сваім правам іх абнародваць. Вось першая:
Для ЗАТОЧКІ:
“Спасіба, бля!” (sms ад нейкага Вовачкі з НАШАГА РАДЫЁ)
Запіска:
“Мы фсё пасчыталі. Роўна чытырыста піісят сем рублёф. Гдзе астальное? ЗАТОЧКА, сколька вам заплацілі, штобы вы ісполнілі вашу врыдзіцельскую песьню?І не із фонда лі Сораса?Інцярэсна, інцярэсна...” (Вашы паклоньнікі)

Канцэрт чамусьці працягваецца, нягледзячы на спробы яго сарваць. На сьвет божжы выпаўзае адносна маладзенькі гурток АЙОВА. Вытанчаная паненка – на вакале. Усё, як трэба – плаксівая сьлёзная любоўная лірыка, (“Ищу тебя, смотрю тебя, люблю тебя…” и г.д.). Вакал – з замахам на Зямфіру, размахваньне рукамі – а-ля Нака. І ўсё-ткі вакалістка вельмі стараеца, выкладваецца няблага – гэта аграменны плюс. Мінусікі: амаль поўная адсутнасьць уласнай індывідуальнасьці, нейкая недаробленасьць голасу, неразборлівасьць тэксту (гэта разрдражняе, бо некаторыя вылаўленыя ў агульнай кашы фразы гучаць разумна, напрыклад “Надо ли это мне? Надо ли это всей планете?”). На танцполе – пераважна публіка памаладзей, прычым шмат дзяўчынак, па выгляду яўна фанацеючых ад рокапопсу. У канцы выступу Айова нават зусім па зямфіраўску вапіць у мікрафон, нават з башкірскім акцэнтам: “Мы обязательно вернёмся!”. Віншую, адным клонам болей!

Запіска з залі:
“Шаноўная АЙОВА! Я закахаўся. Я ўзрушаны. Толькі мне не хапае пальчыкаў. Я ў Менску бачыў, як дзевачка Iра працавала пальчыкамі... А дзе вышыя пальчыкі, спадарыня Рамазанава?..” (Паэт Ножык)

Каб быць зусім дакладнай, адзначу, што арганізатары НАШАГА фэсту пастараліся ўва ўсю, каб народ не засумаваў і не разьбегся. Таму й запрасіў забіваць дзiркі між выступамі гуртоў чэмпіёна магілеўскай лігі КВЗ каманду МАГУ. Любы б на іхным мейсцы закіс бы – хлопцаў апранулі ў фірмовыя майкі НАШАГА РАДЗІВА і прымусілі таўкаць жарты. Ня вельм сьмешныя, пашлаваценькія (дамінуючыя тэмы: мужчынскія геніталіі, жаночыя мэнструацыі і задніцы – унісэкс). Дзякуй камандзе КВЗ – незалік...

Калі сэнс панку заключаецца ў піве, пазытыве і досыць лёгенькай, нескладанай музыцы, то наступныя выступоўцы – сапраўдныя пункеры. Менскі гурт С НОГ НА ГОЛОВУ. Яны таксама мне нагадваюць сабою невялічкую пародыю – каб не хадзіць далёка – на ЛЮМЕНА дыГРЫН ДЭЙ.Толькі мажорней, лягчэй, каб не сказаць – папсовей. Пратэсту, ні эстэтычнага ні сацыяльнага – няма ні ў іміджы, ні ў музыцы, ні ў тэкстах. Вядучыя тэмы: піва, адпачынак зь сябрамі, змаганьне з жыцьцёвымі цяжкасьцямі, пераважна шляхам на іх забіваньня... Але народу падабаецца. Публіка ў цяльняшках і майках-чыгіварках (ну, панкаімітатары) трасе патламі ды ланцугамі, танчыць нешта падобнае да пога, на вядомай песенцы “100% позитива” танцпол ператвараецца ў неразбраць што – ці то рэгі-карагодзік, ці то рэгі-паравозік.

Запіска:
“Аддайця цексты, гопнікі можорные”. (КОРНІ)

КАРПЭН ДЗІЯС выціскаюць зь сябе ўсё, што ёсьць. Нават на экранах каля сцэны дэманструюцца ўжо ня мульцікі, а відэапрэзэнтацыя гурта. Вакалістка ўвесь час клапоціцца пра якасьць гуку. Па рэпліках між песьнямі разумею, што КАРПЭНДЗІЯС сьпяваюць пра веру ў Бога, але калі пачынаю аналізаваць тэкст (тут іх можна крышачку лепей разабраць, чым у АЙОВЫ, і вакал больш прафэсыйны) – пра веру амаль нічога не знаходжу, толькі ўскосна – пра неба, крылы і каханьне. Але адухоўленасьць у гэтым, бясспрэчна, ёсьць. Напрыклад: “раскрою крылья, и душа порвет земное притяженье”, альбо ачмурэнная песенька, падчас якой я забываюся на ўсё: “Там, где края нет”. Гэта, канешне, ня нова – спалучэньне жарсткаватай музыкі і прафэсыйнага, мэлядычнага жаночага вакалу (ну, да ідэалу, канешне, было далёка), цяжкога рытму і ўзвышаныхга тэксту. Але дзейнічае, як трэба быць – танцпол не застаецца абыякавым, адрываецца ў цывілізаваных межах.

Размова, запісаная ў VIP-зоне:
- Уваў, класная цётка!Бяру на бэк-вакал. (Найтвіш)
- Дура гацічыская, убіры свае каравыя кіпцюры!Ужэ занята! (Эванэсінс)
- Ідзі ў *раку! Вампірыха дзяўбанутая!!(Н)
- Сама ты упырыха!!Ведзьма касматая!(Э)
- Мымра безгалосая!!!(Н)
- Трах-цібідах! Здохні, жаба!!!(Э)
- Дзевачкі, ня сорцесь. Уважця старушку, аддайця мне. Я зь іё чылавека зьдзелаю ( Алка Барысаўна)
(далей ідуць неразборлівыя мацюкі і выдзіраньне валасоў і вачэй,ляцяць кавалкі манікюру і макіяжу)

ГУРРЕАКТИВ адразу абяцае: “мы почти не будем петь про водку”. І, канешне ж, ніхто ім ня верыць. Хлопцы выдатна падпадаюць пад усе свае песенныя самахарактарыстыкі: “мы – вольные туристы, себя свободе отдадим”, “мы торчим, словно овощи на грядке”. Па, мойму, калі не лічыць ЗАТОЧКУ, яны адны на гэтым балі мертвай папсы і рока-попсу – фантан жывой энергіі! І самы сьмешны жарт за вечар выдае менавіта Аляксандр Гур, іхны лідэр. Публіка ўзрываецца, адтоптвае ногі, рукі і іншыя часткі цела. Раадасны віскат, дзікія скокі, эйфарыя. Гур драйвуе на 300%, хіты: “Отстань!”, “Про охоту”, “Почему Я?!”, ну, і, канешне, на закуску – “Синдром”. Ад ГУРРЭАКТЫВУ патыхае здаровым, добрым і бязбашанным раз’peace’дзяйствам, дзікунскім рок-н-ролам, счасьцем і ЖЫЦЬЦЁМ!

Запіска:
“Мы не разабралі, шо эта вам “папала ў задніцу”. Калі шо, дапаможам. Хоць клізмай. Хоць шо” (Вашыя фанаты. Санітары гарадзкой практалагічаскай клінікі)

ХУТКІ СМОЎЖ. Хлопцы чарговы раз даказалі, што ім адзін пень, дзе выступаць: хоць на Дажынках, хоць “ЗА Беларусь!”, хоць на папсаваценькіх канцэрціках. А яшчэ пасьля гэтага лідэру гурта, аказваецца, нібыта не падабаецца, што ягонае прозьвішча – Лукашэнка. Так мы й паверылі! Як бы сказала ЗАТОЧКА, “На лёд выходит белорусский президент!”І калі толькі Лукашэнка і таварышы пачнуць апранаць сьвіткі з чырвона-зялёным арнамэнтам і саламяныя капелюшы?

Аднак, калгаснае псэўда-кантры у нас заўсёды было ў модзе – і народ заводзіцца, каўбасьня ў нашым сельклюбе стаіць несусьветная!. А як гэта разумець? Спачатку Лу сьпявае (яўная дзяржпрапаганда чаркі ды шкваркі):“Ёсьць гарэлка- будзем піць!”, а потым кажа са сцэны фанату: “Будзеш піць гарэлку, дзеўкі любіць ня будуць!”. Хапае і вясёленькіх песенек (“ Ехалі казакі”, “Не хачу дадому”, “Як у нашай вёсцы”). Асабіста сапраўды шчырай, душэўнай лічу толькі адну выкананую імі песьню, дарэчы, упершыню, да немагчымасьці сумную – “Купальскую”. Праймае да сьлёз, але шкада, што толькі адна такая цудоўная песенька. Эх, вось і яшчэ адны патэнцыйныя “Сябры” намалёўваюцца!

Запіска:
“Гдзе эта вам такую, как у міня, прычоску зьдзелалі і пачаму вы пад нас косіця? Страна на дваіх ня дзеліцца. Убірайцесь, паганыя канкурэнты!” (Фактар-2)
“Вы не хацелі бы выступаць у міня на разагрэве?” (Ваша Верка Сьмярдзючка)

Вядучы (Вовачка з НАШАГА РАДЫЁ) абвяшчае іх як гурт ЗВЕРИ. Па-мойму, ЭF-5 намнога горш бо, здаецца, прэтэндуюць на званьне ня проаста рок-, а панк-рок-гурта. Нагадваюць сваіх папярэднікаў, С НОГ НА ГОЛОВУ, тым, што пад прыпанкаваную музыку сьпяваюць абсалютова мажорна-папсовенькія песенькі для тынейджэрак (пра “поцелуи и конфеты”, пра Новы год – “В новогоднюю ночь загорятся огни, и в сердцах людей запылают они”), кідаюцца са сцэны вопраткай і складаюць сцёбы пра “Фабрыку зорак”: “Фа-абрика звёзд – это предел моих мечтаний!”. Сьмех сьмехам, а калі сапраўды возьмуць без кастынгу? І ў фармат цудоўна ўкладаюцца...

“На ніво сматрэць нівазможна. Гліст какой-та!” (з вуснаў адной цінэйджаркі на танцполе- пра ЭF-5 )

Нарэшце, даюць чаду й ЦЖР-аўскія засланцы. З абсалютова імбіцыльнымі выразамі твару
паскудныя андэграўндшчыкі пускаюцца ў пляс, вырабляюць папсовыя і рэпэрскія танцы пад самой сцэнай, заводзяць ўсю публіку і ў зале ўжо проста так ніхто не стаяіць – дыска-малярыя ахапіла клюб! Без гэтага флэшмобу, ініцыяванага канкурэнтамі, наўрад ці дабілася НАША РАДЫЁ ад народа такога шалёнага выкіду энергіі! Кульмінацыя выступу ЭF-5 становіцца імправізаваны мужчынскі стрыптыз у выкананьні аднаго з ЦЖРаўцаў. Хлопец распранаецца да майткоў, залязае на вышку ля сцэны і там вырабляе такія па!.. Здаецца, танцы топлес становяцца для магілеўскіх канцэртаў традыцыйнымі! Абмен уражаньнямі працягваецца й дасюль. Рэзананс ад НАШАРАДЫЙНАГА канцэрту не сьціхае, але асноўнае шоў зрабілі канкурэнты – ЦЖР! Таму гэтую перамогу мы запішам на іх рахунак!

Фото Брюнетки КСЮ

Лiгавое пабоiшча: ЦЖР vs НАША РАДЗІВА (1:0) (Зязюля, Инфо-центр

, ноябрь 2006)

Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий:
Укажите ваше имя на сайте Центр Живого Рока.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.

Рассказать друзьям