25.08.2006 Admarozki VS Dazhynki. Песьнi Свабоды у Менску

Яшчэ задоўга да непасрэднага правядзеньня фэст піярылі надзіва фанатычна: ня ведаю, як іншыя населеныя пункты, а Менск быў спрэс завалены усялякай рэклямнай макулятурай. Я ледзьве зьбёгла, калі мне спрабавалі ўвапхнуць стосік чырвона-белых улётачак чацьверты раз за якіх дзьве гадзіны. Так што ня ведаў пра гэтае чарговае “бясовішча” хіба астатні ламэр. “Ну, - кажу каляжанцы, - ня будзем калхозьнікамі, паехалі!”

“У Менску – ападкі, а ў Магілёве – панкі!”

Як і ўсе нармальныя амаралы, дабіраемся стопам. Першы вадзіла, дзед на “зэпары”, усю дарогу хапае нас за лыткі ды спрабуе давесьці, што нашая родна плянэта Зямля паходзіць ад … малпы. На ўсялякі выпадак пагаджаемся. Пасьля 20 кэмэ на памаранчавым, што сымбалічна, аўто транспартнай службы, да самага Менску слухаем у трэцяга кіроўцы ДЗЯДЗЮЛЮ, назіраем за бусламі абапал дарогі ды лахаем на гераічную калёну “”дажынкаўцаў” – камбайны ўперамешку з ментавозамі. На выпаковую нягеглую іншамарку праз “мацюгальнік” крычыць ахоўнік дажынак “ф калону не вклінівацца! Абганяць аператывна!”. Зазначу, што фантом дажынак будзе перасьледваць нас ажно да канца фэсту. Падбіраючыся да Менску ды пазіраючы на змрочна-шэрае неба, рыхтуемся да яшчэ аднаго “мокрага фэсту” (першы быў месяц таму ў Крупках). Але нічога, да абеду неба расчышчаецца – арганізатары добра папрацавалі.

Атмарозкі зноў на плошчы.

Так, пэўна, мог бы пачынацца спэцвыпуск бэтэшных навінаў наступнага дня: “падлеткі-даўны на плошчы Бангалор бухалі, калоліся ды ўступалі ў палавыя кантакты”. Так, думаю, дзе тут выдаюць пяцьдзесят баксаў ды бырла? Дзе тут “адмарозкi”?.. але бачу толькі пару сотняў пераважна мiрных 15-20 гадовых чалавечкаў, што кучкуюцца па нешматлікіх лавах. Дарэчы, падзея, з нагоды якой ладзіцца фэст – абвяшчэньне сувэрэнітэту эРБэ раўнюсенька 15 год таму. Вось такая яна, наша “свабода”, 15-гадовая тынэйджэрка ў драным джынсе. На сцэне пакуль рыхтуюцца нашыя магілеўскія “маўзэры” . Янка сьвеціць сваімі сэксапільнымі цнатліва-белымі майткамі, Ufo нэрвова паліць зь нейкай жалезнай хрэновінай пад пахаю, а ўсе астатнія удзельнікі гурта ствараюць уражаньне рэпэтуючых “зорак”. Вакол сцэны заколапочана бегае дзядзька ў камуфляжы, з выглядам “ціпа за галоўнага” (значна пазьней пазнаю ў ім лідэра P.L.A.N.’а - Андрэя Плясанава) Перад сцэнаю шыхтуецца ачапленьне – дзяўчыны ды хлопцы нефармальнаг выгляду з бэйджыкамі “Дружына”. Віртуёзна рэпэтуе P.L.A.N., пад акампанэмэнт якога народу заўважна прыбывае (у кульмінацыйныя моманты канцэрту колькасьць людзей сягае за тысячу). Зьяўляюцца бел-чырвона-белыя сьцягі, і прыблізна тады ж па пэрымэтры плошчы пачынаюць сноўдаць гайдукі ў форме і са-срацыямі.

Сікайце ў пакеты!

Нарэшце на эшафот выпаўзае страшны,калматы, барадаты гібрыд лесавіка з неандэртальцам, і толькі па чорай майцы з чарапушкамі магчыма пазнаць у гэтым абаяльным страшыдле Аляксандра Памідорава. Вядоўца зычыць усім “добрай і шчасьлівай пятніцы” і просіць згарнуць і не высоўваць сьцягі, ня тое гасьцінныя гарадскія ўлады разгоняць усіх па хатах. Таксама заклікае народ берагчы сябе ды свае рэчы ад “правакатараў – аматараў дажынак” ды праз адсутнасьць біяклазэтаў ды сьметніцаў сікаць у плястыкавыя пакеты. Ну і, канешне, пару словаў пра угодкі незалежнасьці. Неўзабаве фэст стартуе.

Сьвята не ПАПСАваць!

Адкрывае мерапрыемства досыць маладзеньнькі гурт Band A. На вакале – хлопчык зь дзяўчынкаю. Выконваюць тры песенькі. Першай – нешта там пра свабоду, другая – “Дзень сурка” і трэцяя без назвы. Першыя выгукі з натоўпу “Жыве Беларусь!”, якія, ясны перац, не сьціхаюць да самога фіналу.
Працягваюць фэст непасрэдныя ўдзельнікі падзеяў 15-гадовай даўніны, мастадонты ды легенды – гурт P.L.A.N., і хваля пазытыву зносіць дах як у простых сьмяротных, так і ў “дружыны”, усе пачынаюць малаціць у ладкі ды кідацца перхацьцю. Толькі вось не разумею, чаму гэты мажны дзядзька Плясанаў так крычыць: “Е-е-есьці хачу! Е-е-есьці давай! ”. Гэнэралаў зьмяняюць навабранцы – ПАРТЫЗАНСКАЯ ШКОЛА . Вядоўца пераконвае, што для іх, навучэнцаў разагнанага ліцэю, словы “свабода” ды “незалежнасьць” – не пусты гук. “Свабода, дзе нас ніхто спыніць ня зможа, бо разам мы, і мы пераможам!” – у рытмах рэпу выкрыкваюць “школьнікі-партызаны”. Пакуль рыхтуюцца наступныя выступоўцы, Памідораў заклікае піпл устрымацца ад ужываньня сьпіртавых напояў (па плошчы ціха праносіцца “Позна…”) і высочваць тых, “хто хоча ПАПСАваць нам сьвята” (“Так, - злобна азіраюся, – дзе тут Смолава і Ксеня Сітнік?!”). Сьцягі, што забаранілі разгортваць, хітрыя апазыцыянэры альбо закручваюць вакол сябе і так носяцца па Бангалоры, альбо трасуць імі перад самай сцэнай, каб ніхто не бачыў. Нехта нават прыперся з чырвана-белым парасонам.

Слухай мяне – застанесься жывым!

Неўзабаве невукі кшталту мяне дазнаюцца, што 91-ы год, акрамя нараджэньня нашай незалежнасьці, вылучыўся узьнікненьнем рок-каманды, якая выступае наступнай – КРАМА. А яшчэ днямі лідэр гурта Ігар варашкевіч сьвяткаваў свае народзіны (шкада, што не 15-годзьдзе, было яшчэ адно супадзеньне). Сьпярша музычныя сымбалі закідваюць нам свае алдовыя гіты – “Камэндант”, “Будзь разам з намі”. “Што дапаможа нам – рок-н-рол!” –цьверда ўпэўненыя “крамнікі”(а я раней думала: “рок-н-рол цябе не ўратуе”). Апасьля – дзьве навюткія кампазыцыі – “Слухай мяне – застанесься жывым!” (бу-у-у, як страшна!..) ды “Усё жыцьцё – дзіўны сон”. На заканчэньне – традыцыйныя “Бяжы, хлопец!” ды “Гэй, там, налівай!”. Тым часам да сцэну ціхай сапай падбіраюцца Лявон Вольскі ў адміральскім кіцелі з залатымі прыбамбасамі ( ух-ты, “генэрал айчыннага року”!) ды Піт Паўлаў і тырчаць там аж да свайго выхаду з адсутным позіркам (“Хто зоркі? Гэта мы зоркі?! Ды не, мы проста па аўтографы падыйшлі…”) Пад даўжэзныя ды ачмурэнна цудоўныя гітрныя сальнякі ды дзіка прыгожы вакал Ігара Варашкевіча нават дружына губляе апошнія тармазы ды гоцае так, што бэйджыкі проста адлятаюць і зьнікаюць пад ботамі сваіх жа ўладальнікаў.

Рок-н-рол нам дапаможа!

Тут надыходзіць афіцыйная частка мерапрыемства, і з-за кулісаў “выходзіць на сцэну хісткай паходкай” бэнээфаўскі правадыр Вінцук Вячорка, распавядае нешта пра нехалежнасьць, пра “скамянелую і загнілую савецкую імпэрыю”, заадно аўтарытэтна запэўнівае, што “рок-н-рол нам дапаможа” (ага, не спадзявайцеся: Захад нам ужо не дапаможа…), “бо гэта музыка незалежнасьці і праўды” (уяўляю сабе, зараз Вянцук хапае ў рукі электруху і гарланіць храпатым прапітым вакалам штось з раньніх “ролінгаў”…). Але Вячорка жорстка абламвае мае мроі, з надрывам крычыць “Мы не баімся іх турмаў!” ды сакрамэнтальнае “Жыве Беларусь!” і тэхнічна скіпае.

Ну што з табой рабіць, калі ты , сука, ня хочаш быць беларусам?!
Вядоўца хапае ў рукі чырвоную гітару, і адразу становіцца ўдвая дзічэйшым. Памідор/OFF выдае нам свае пазытыўныя страшылкі пра “сівое ліха” ды “”палавыя вычварэньні на фоне тэлевізіі”(там яшчэ лірычны герой доўга глядзе порнаканалы, а далей я вечна не разьбіраю) і, канешне, “Шабаны” (ну, усё, я пасьля такога трылеру ў гэты Гарлем ні нагою!). А калі ён пачаў вапіць: “Ну што з табой рабіць, калі ты, сука, ня хочаш быць беларусам?!”, я з жахам узгадала, што не маю пры сабе нічога такога “патрыятычнага” – ні значкі, ані сьцяжка… Ажно джынсавая стужка на патлах дыбам стала – пабьюць, злобныя нацыяналюгі, далібог!

Я хачу цебя зьесьць!

Тут нам абвяшчаюць пра зьяўленьне нейкіх “зорак у элегантных строях” ды “з эстраднымі фрызурамі”. Ну, усё, думаю, капцы – энэрэмы. Але тут на памосткі выпаўзае вечна лысы Кулінковіч у колхазным балотным швэдэдэры. Фэны давай пішчэць: “Камбайн! Камбайн давай!”, А Кулінковіч ім: “Ну, мы ж не дажынкі сьвяткуем!”, зьдзірае швэдэр, а там маднючая саколка з “шаснаццаткай” і як зараве: “Прыйшоў наш час, вітайце нас!”, так што нават мікрафон на дзьве сэкунды заглух. NEURO DUBEL распавядаюць нам нейкія дзікіа гераічныя баляды пра маодзядуна, усамубэнладэна ды самураяў, што перайшлі граніцу ля ракі. Эмоцыі натоўпы сягаюць вышэй за цывілізаваны ўзровень, і дружына ледзьве пасьпявае скручваць сьцягі ды іх абалдзеўшых уладальнікаў, што рвуцца да сцэны. На нагах ня можа стаяць і сам лідэр “дзюбялей”, з воплем “я ахотнік, ты сайгак!” і “я хачу цебя зьесьць!”, заблытваецца ў дроце, валіцца долу і качаецца па сцэне, шыхт у шыхт як Ягорушка Летаў у гады далёкай бурнай маладосьці. Як толькі мікрафон ня зжэр – загадка. Вось ён, глядзіце, сапраўдны твар беларускай музыкі! На разьвітаньне – супэрмэга гіт “Гузік” ды патасна-аптымістычная “Я памру тут” (вось, уяўляю зноў, выкатвае на сцэну іржавы камбайн, давіць Кулінковіча, і застаецца ад яго “толькі гузік” – вось гэта было б шоў!).

Мэталу давай!

Лёгка было здагадацца, кім заткнуць дзірку паміж выступленьнямі НЭЎРА ДЗЮБЕЛЯ ды NRM – правільна, нашымі родненькімі маладымі й пэрспэктрыўнамі “маўзэрамі”. TAV_MAUZER, якога Памідораў тут жа абзывае “адным зь лепшых гуртоў нашай краіны і ўвогуле Эўропы”, бадзёра высоквае на сцэну, хлопцы хапаюцца за сваю музычную зброю, і давай смажыць шаноўную і парадкам ачмурэлую публіку. Піт Паўлаў, што наіўна стаў ля калёнкі, адскоквае, схапіўшыся за вушы – ага, гэта вам не калыханку слухаць! Гучаць, вядома, даўно ўжо ўсімі да дзірак заслуханыя “Я застануся”, ды “Будзь тупым”. Хто шалее больш – народ ці выступоўцы – сказаць цяжка. Ян Маўзэр, як заўсёды, скача на самым крайку сцэны ды махае рукамі, іхны сэмплер Ufo трасецца ды як толькі
не разьбівае голаў аб сваю жалезную хрэновіну з кнопкамі… Народ, што цікава, крычыць “Мэталу давай!”. Ян у ружовай маечцы a-la “сьмерць Філіпа Кіркорава”абвяшчае песьню пра “аднаго з найпапулярнейшых пэрсанажаў найноўшай гісторыі Беларусі” – “Гітлер капут” (а я думала – “Паца-ваца”…). Выгукі “Ма-гі-лёў!” выклікаюць“Брудная вада” ды “Беларусь будзе вольнай” са складанкі “Песьні свабоды”, прысьвечаная гераям Кастрычніцкай плошчы.

Цемра прыйшла на Бангалор

Усё, гэта амаль што кульмінацыя, і наш канфэрансье абвяшчае, што і разам зь ёй “прайшлі пачвары” … ( ага, напэўна, энэрэмы!) – але не, усё тыя ж “фанаты дажынак”. Аднак чакаць даводзіцца нядоўга, і NRM купуюць пляцоўку. Натоўп рэагуе, прама скажам, неадэкватна, крычыць, вішчыць ды вые, а самыя нахабныя зноў выцягваюць сьцягі - цэльных штук пяць. Усё пачынаецца з гітоў–“Хавайся ў бульбу” ды “Катуй-ратуй”. Куміры “прагрэсыўнай моладзі” асабліва не арыгінальнічаюць, нічога ня бьюць, не ламаюць, нікуды не падаюць, голымі па сцэне ня носяцца – але выходзіць усё роўна міла ды з густам, звыклая каўбасьня. А як жа – гэта ж NRM…Дружына зноў забівае на службовыя абавязкі, але кайф усім абламвае Ян Маўзэр, які просіць прыбраць штандары, бо, дадае Лявон “усіх павіньцяць нахрэн”. Сьцягі на дзіва арганізавана згортваюць усе, акрамя самага ўпёртага маладзёна, на якога навальваюцца суседзі (цікава, ці адразу затапталі труп беднага хлопца…) Ну, раз “шоў”, то “маст гоў он”, і супакойвае вар’ятаў “Паветраны шар”. Пасьля выкананьня разнастайнаг антыкварыяту, накшталт “Партызанскай” і “Юра, ёлкі-палкі, Коля”, гучыць наўё – лірычна-дэпрэсыўная песеньнка пра Мінск і Менск, падзяленьне усяго на дзве часткі, у тым ліку й грамадзтва – “падваеньне асобы зрывае нам дах”. Тут на лаву перада мною ўскоквае парачка нахабнызх тыпаў і трасе сваімі гапарскімі дупамі, растаўкаць якія не ўяўляецца магчымым. Так што пасьпяваю разгледзець толкі засаленыя патлы і ў меру мокры фэйс Вольскага ды задумена-сур’ёзную, суворую міну Паўлава. Адыграўшы свой “джэнтльмэнскі набор”, толькі што без “Трох чарапах”, як іх не прасілі, улюбёнцы публікі традыцыйны граюць на разьвітаньне “Лёгкія-лёгкія” і абяцаюць зноў сустрэцца на Бангалёры. Разыходзіцца піпл апэратыўна, “невялікімі групамі па 2-3 мільёны”, як заклікаў Памідораў. Паліцаі чамусь галопам носяцца па сьцежках – мо, ў пошуках бомбы ці пакунка гераіну. А можа, захацелася, па старой памяці, паганяць хоць парачку адмарозкаў, а то калі яшчэ будзе нагода…

ЗЮ. Едзем назада. Адна з машынаў сустракае нас блатным шансонам: “не пуска-ает дамой міня злой валагодскій ка-анвой”, каб “хоць сва-абоды глаток да-ахнуць”. Ну, вось, крыху “да-ахнулі”, дос, ня тое будзе перадоз. Да наступнай плошчы, адмарозкі!

Ziaziula

Admarozki vs Dazhynki. Песьнi Свабоды у Менску (Ziaziula,

, август 2006)


Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий:
Укажите ваше имя на сайте Центр Живого Рока.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.

Рассказать друзьям