24.09.2007 Фестываль “Права быць свабодным” паспяхова адбыўся!

22 сентября в Луцке (Украина)состоялся фест белорусской мзыки ПРАВА БЫТЬ СВОБОДНЫМ. Белорусской публике, ехавшей на этот фест пыталась помешать милиция: автобусы, направлявшиеся на Украину были арестованы, находящиеся в нем граждане переписаны и возвращены в Минск. В одном из автобусов оказались и два журналиста из ЦЖР, которые так и не попали на фест...
Однако фест все-таки состоялся и без ЦЖР-овцев!

Фэст беларускага року “Права быць свабодным” паспяхова адбыўся, нягледзечы на шматгадзінныя затрымкі і дагляд на мяжы аўтобусаў з музыкантамі і арганізатарамі ды затрыманымі ля Менску аўтобусамі з людзьмі, што ехалі на фестываль. Вось што думаюць музыкі пра экстрымальны даезд і ўзровень арганізацыі фэсту “Права быць свабодным”.

Znich, Алесь Таболіч

Даезд: Я не разумею, чаму трэба затрымліваць людзей, што едуць на фэст за свае грошы слухаць сваю музыку. Уражанне, што трэба слухаць толькі тое, што паказваюць па ТБ, а рок-н-рол слухаць нельга. Нас на мяжы выводзілі па 5 з аўтобуса і правяралі цалкам усё. У мяне ім чамусьці не спадабалася газета “Беларусы і рынак” і падараныя на фэсце маечкі – іх проста канфіскавалі! “Права быць свабодным”: Народ класны! Арганізацыя спадабалася – бачна, што людзі робяць робяць гэта шчыра і ад душы. Калі нас паклічуць ізноў – паедзем абавязкова!

Neuro Dubel, Аляксандр Кулінковіч

Даезд: Я лічу, што гэта поўнае бязладдзе, якое не паддаецца нармальнаму тлумачэнню. У гэтай сітуацыі можна толькі паціснуць плячыма і выпіць чарку гарэлкі.“Права быць свабодным”: Я няшмат пабачыў, бо мы прыехалі за 15 хвілін да выступу і з’ехалі адразу ж па ім. Не спадабалася, што танцпол быў вельмі далёка ад сцэны. Гэта перашкаджае кантакту музыканта і гледачоў. Што тычыцца гуку і святла, то яны былі добрыя.

ULIS, Вячаслаў Корань

Даезд: Пераехаць праз украінска-беларускую мяжу было цяжэй, чым праз беларуска-польскую! Прычым, ніякіх намёкаў, што робіцца гэта спецыяльна для нас – не было. А затрыманні людзей, што ехалі на фэст – гэта ўвогуле незразумела што.“Права быць свабодным”: Фэст прайшоў нармальна. Добрыя тэхнічныя умовы, публіка слухала, адзінае, што надвор’е было асенняе, таму музыкам было крыху цяжкавата выступаць, асабліва бліжэй да вечара. Наступны фэст мяркуецца праводзіць летам. Я лічу, што фестываль мае перспектыву і ўсе падставы праходзіць штогод.

Indiga, Руся

Даезд: Калі мы ехалі праз мяжу, то схлусілі, што едзем не ў Луцк, а ў госці, таму атрымалася праехаць нармальна. Аднак, на зваротным шляху быў дагляд, што не вельмі прыемна. Аднак, для мяне было сюрпрызам, што пры гэтым памежнікі вельмі выбачаліся за свае дзеянні. Гэта сведчыць пра тое, што нават людзі, што працуюць на мяжы, мытні хутка будуць на нашым баку.“Права быць свабодным”: Арганізацыя была на ўзроўні. У гэтым плане “Права быць свабодным” на дзве галавы вышэй за Басовішча. Нас сустрэлі, накармілі і правялі. Гэты фэст - яшчэ адна нагода сустрэцца аднадумцам, што хочуць слухаць добрую музыку.

:B:N:, Алесь Лютыч

Даезд: Затрыманні – гэта іх праца. Вядома, мы ж паехалі не за рэчамі на базар. Што з гэтым рабіць? Усе добра ведаюць, што. Урэшце, мы ўсё ж даехалі! Нешта, праўда, у нас шукалі, але не знайшлі і адпусцілі.“Права быць свабодным”: Спадабаўся. Добра зайгралі. Усё атрымалася. Фестываль прайшоў на ўзроўні, не горш як Басы. Лічу, што ёсць перспектыва – трэба працаваць і працаваць!

Сьцяна, Андрэй (лідэр гурта)

Даезд: Затрыманняў можна было чакаць. На Басах таксама часам бываюць праблемы з даездам. Уладам не патрэбны яшчэ адзін такі галаўны боль на год, таму яго і стараліся не дапусціць ужо на самым пачатку. Але калі такая ўвага да фестывалю – значыць, ён патрэбны!“Права быць свабодным”: Ідэя цікавая. Польскі варынт – “Басовішча”, а украінскі – “Права быць свабодным”. Няхай ён таксама будзе. Фестываль арганізаваны добра і пакінуў станоўчыя ўражанні: гук, сцэна, тэхнічныя дробязі, гатэль – усё было прадугледжана. Шкада толькі, што, у выніку затрымак на мяжы, выступы былі скарочанымі.

Krama, Ігар Варашкевіч

Даезд: Мытня была сумным бокам фестывалю і проста здзекам беларускіх уладаў – нас трымалі каля 8 гадзін у той бок і назад: даглядалі рэчы, забралі пашапарты.“Права быць свабодным”: Усё было дастаткова нармальна, асабліва для першага разу. Спадабаўся і канцэрт, і сам горад – Луцк. Добра, калі “Права быць свабодным” будзе праходзіць рэгулярна.

Tav.Mauzer, Янка Маўзэр

Даезд: Да затрыманняў людзей па дарозе ў Луцк стаўлюся адмоўна, як і любы нармальны чалавек. Чаго можна дасягнуць, перашкаджаючы музыкам і гледачам даехаць да фэсту? Відаць, проста працуе пэўная сістэма. Калісьці яе стварыў чалавек, цяпер сістэма ўжо сама сябе стварае і даходзіць да абсурду.“Права быць свабодным”: Фестываль пакінуў самыя лепшыя ўражанні. Быць можа, я пасягну на святое, але мне ён спадабаўся нават лепш, чым “Басовішча”. Класны гук, сцэна, апаратура, людзі, добрыя каманды выступалі, слухачы станоўча паставіліся да беларускіх гуртоў - і украінскія, і беларускія.

І заключнае слова ад аднаго з арганізатараў
Аляксей Лукашэвіч (StudFarmat):
Мы вельмі задаволеныя тым, што, нягледзячы на праблемы на мяжы, сам фестываль адбыўся на ўзроўні. Былі невялікія тэхнічныя праблемы, з-за якіх канцэрт пачаўся крыху пазней і крыху раней скончыўся, таму гурты не змаглі сыграць праграму цалкам. Але гук, святло, сцэна – усё было добрай якасці. Людзі таксама вельмі добра адрэагавалі. Падыходзілі ўкраінцы, беларусы, гурты пыталіся, ці будзем рабіць фэст у будучым годзе. Выступалі са словамі падтрымкі мясцовыя ўлады, беларусы, што жывуць ва Украіне. Акрамя таго, людзей на фестывалі знаёмілі з іх правамі (што можна назваць арыгінальным ходам на такіх мерапрыемствах). Са сцэны, праз інфармацыйныя бюлетэні, спецыяльныя нататнікі ўсе прысутныя маглі даведацца пра цэнзуру, сітуацыю з музыкай на Беларусі, правільныя паводзіны пры затрыманні міліцыяй і г.д. Людзі вельмі ахвотна слухалі і разбіралі інфармацыйны матэрыял – сабе і сябрам.

Фестываль “Права быць свабодным” паспяхова адбыўся! (Дар’я Гарошка, Инфо-центр

, сентябрь 2007)


Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий:
Укажите ваше имя на сайте Центр Живого Рока.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.

Рассказать друзьям