10.11.2006 Панк-вясельле: party на рок-хаце

Чуткі пра шлюб двух прадстаўнікоў мясцовай творчай эліты – паэткі Каці Самігулінай і музыкі Валеры даўно распаўзьліся ня толькі сярод багемных колаў горада эМа***, але й праніклі ў народ, і нават за межы абл.цэнтра. 29 кастрычніка адбылася непасрэдная рыгістрацыя Каця-Валеравых адносінаў. Але згадайма, што днём раней зьнішчальная бура ў выглядзе вялікага Хэдлайн-фэсту ўварвалася ў горад, і ўвесь мясцовы нэфармалітэт масава ачухваўся ад нанесеных траўм. Таму грандыёзную панк-вечарыну з нагоды вясельля было вырашана замуціць толькі 6 лістапада, калі людзі, у тым ліку нашыя творчыя эліты, справяцца з запоямі, заліжуць раны і вернуцца да рэальнасьці.

Свой камэнтар даў нам ганаровы сьведка і тамада вечарыны Лёха Абармот, заўзяты ўдзельнік руху дэградантных інцялягентаў нашага гораду. “Наогул, калі падлічыць, ад моманту рэгістрацыі прайшло раўнюсенька 9 дзён. У магільным горадзе эМ*** здавён пайшла традыцыя спраўляць 9 і 40 дзён, а таксама гадавіны па шлюбах. Таму мы так падабралі час правядзеньня. Дарэчы, да мейсца збору маладажонаў даставіў шыкоўны чорны катафалк....sorry, лімузін”.

Што й казаць, party была заплянаваная як дзіка закрытая. Мейсца – панк-хату РОК-ХАОС (ці то ХАУЗ – па глухасьці не разабрала) – называлі выключна шэптам і на вушка. На ўваходзе – каб ніякага быдла, крый бог, не зацясалася ў арыстакратычнае панкаўскае кола – была пастаўленая ахова ў выглядзе атраду тынэйджараў-карацістаў з прывакзальнай шашачнай сэкцыі. Па чутках, фэйс-кантроль і дрэс-код былі настолькі строгімі, што не прапусьцілі нават саму сьведку Машу Казеку, бо тая забылася дома іракез і берцы. Запрошанай публіцы, якая пад’ехала да патрэбнага прыпынку на “рагатых” кадзілаках, прапанавалі модны атракцыён пад назвай “застацца ў жывых”, падчас якога госьці маглі з камфортам памерзнуць на прыпынку і прайсьці тэст на спартовае арыентаваньне па прыватным сэктары ў пошуках рок-хаты. Нарэшце, калі ўсе былі ў зборы, туса стартавала.

Сутрэла ўсіх шырокавядомая ў вузкіх колах каманда МЮБИЛЬНО-ИНДУСТРИАЛЬНЫЙ ЦИРК, выканаўшы для сугрэву замерзлых тусоўшчыкаў “весёлую песню про чукчей – “Humana”. Любоўная лірыка, відаць, каб упісвацца ў фармат вечарыны, была выкананая ўсімі без выключэньня выступоўцамі. Асаблівае захапленьне ў слухачоў выклікаў геніяльны рэфрэн Віталя Ворана – змрочнага панка-стылягі ў чорных акулярах: “На завалинке сидели три горбатые старухи”. Відавочна, гэта прысьвячалася тым траім, што папівалі алькагольныя кактэйлі на падлозе – маладая пара ў кампаніі аўтаркі. З радасьцю адзначу, што хайтэк нарэшце дакаціўся і да нашае дзяроўні, бо на шырокаэкранным наварочаным кампутары, які служыў дэкарацыямі, увесь час круцілі папсовыя ды айранбішныя кліпы.

Тым часам вяршкі грамадзтва ўліваліся ў весялосьць поўным ходам. Нявеста й жаніх самааддана выплясвалі пога, тамада сядзеў у нірване, а сэкс-сымбаль магілеўскага шоў-бізнесу Рамэо Глюк нацягнуў на вушы маднючую белую шапачку і мірна соп у куточку. Віскат і рогат азнаменавалі зьяўленьне на пляцоўцы скандальнай і эпатажнай каманды ці то ЗАЧОТКА, ці то ЗАТОЧКА. Глямурны малады чалавек у клетчатай кепачцы, пішчэў нешта накшталт “За цэжээр!” . Што характэрна, практычна ў поўным адзіноцтве – не пачалі за ім скандзіраваць нават флягманы ЦЖР. Да таго ж, маладым чалавекам была зробленая прылюдна скандальная заява антыдзяржаўнага зьместу, прыводзіць якую ня буду, бо пасодзяць усю ЗАТОЧКУ. І хоць песенек у прыватнасьці мне разабраць як след не давялося, але канцэпцыя панк-хаоса хлопцамі была вытрыманая на “выдатна”.
Асабліва прыгожа выглядаў калектыў Віктара Дэа ТЕХНИКА БЕЗОПАСНОСТИ з супэрмэгагітом “Не подходи, оно живое!”. Менавіта ТБ можна прысудзіць, па-мойму, другое мейсца паводле стыльнай і моднай бруднасьці граньня .

Аднак у найбольшым экстазе білася публіка, калі на сцэну выпаўзьлі ўдзельнікі самага псыхадэлічнага ды ірацыянальнага ВІА за ўсё мерапрыемства – АБАРМОТЫ. Выступ гурта не паддаецца ніякаму асэнсаванаму апісаньню, бо тут мае вушкі ўжо не працавалі. Таму ім за выкананьне – золата нашага гіт-параду. Гэта шчэ раз даказвае сакрамэнтальную тэзу: “панкі жывы, панкі жылі, панкі х** на ўсё лажылі”. Жывы эпатаж і антыэстэтызм АБАРМОТАЎ ня вытрымалі нават масьцітыя й загартаваныя мэляманы і слупы мясцовай контркультуры. Па самых сьціплых падліках, дзесяткі два слабых вушкамі элегантна павыскоквалі з рок-хаты, як уджаленыя. “Забяры мяне адсюль!” – цытаваў TAV_MAUZERa дэпрэсыўны малады паэт ВОжЫК пад уражаньнем эстэтычнай атакі і неўзабаве таксама зьбёг. Як сьвярджаў ВОжЫК пасьля, зьнікненьне цэлага натоўпу народу ніяк нельга лічыць пляўком у бок маладых альбо арганізатараў. “Мы не жадалі сказаць калектыўнае “фу”. Проста баяліся спазьніцца на апошні тралей..., sorry, экіпаж. А шляхта, як вядома, пешшу ня ходзіць”.

Нягледзячы на тое, што рок-хауз значна апусьцеў, вясельле-весялосьць буяла ўва ўсю. Залатая моладзь ладзіла апантанаыя скокі і дапіваньне кактэйляў. Да пяці гадзінаў раніцы ў рок хаузе не сьціхала акадэмічная музыка, кшталту АГАТЫ КРИСТИ, РАМШТАЙНа ды СЬЛІПКНОТа. Гваздом праграмы было неаднаразовае выкананьне народнага шлягеру “Чорны воран” , што характэрна, самім Віталём Воранам. “Соседи не спят, им слышится стук копыт...” – гэтая песенька Цоя стала баявым лёзунгам сьвецкай party.

Дадам, што інтрыгаю вечара была загадка: абгрызеная палавінка якога дыска вісела на шыі ў тамады? Як высьветлілася, гэта быў навюткі сынгл СЕРДЦЕ ДУРАКА. Лёгка здагадацца, што такім чынам Ляксей піярыў творчасьць сваіх калегаў па рок-сцэне. У кулюарных размовах Лёха прызнаўся: “Мая любімая цытата з сынглу – “как будто дерьмом каким-то намазано”. Сказана шчыра, ад душы й сэрца”.

ЗЮ. Засталося толькі пазычыць Каці й Валеры пасьпяхова перанесьці пасьлявясельны адхадняк і распачаць сямейнае жыцьцё.

Панк-вясельле: party на рок-хаце (Ziaziula, инфо-центр

, ноябрь 2006)

Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий:
Укажите ваше имя на сайте Центр Живого Рока.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.

Рассказать друзьям