Жывыя "Глюкі"

Песьня "Ападкі" магілёўскай каманды "Глюкі" - пераможца 6-га тура на "Тузіне Гітоў". Сваімі рэфлексіямі з нагоды перамогі дзеляцца лідэр групы Аляксей Паронкін і дырэктар Віталь Шум.
Навічок 6-га тура на "Тузіне Гітоў" - песьня "Ападкі" магілёўскай каманды "Глюкі" - досыць нечакана шмат для каго адразу ж узбралася на першую прыступку, дзе і пратрымалася два тыдні. Вакаліст групы Аляксей Паронкін кажа, што яны даўно мелі жаданьне ўзяць удзел у "Тузіне Гітоў", але не былі належным чынам падрыхтаваныя. "Калі мы запісалі свой першы альбом "Humanoid", сталі адчуваць сябе болей упэўнена", - кажа музыка. Прэзэнтацыя альбому адбудзецца 9 сьнежня ў магілёўскім клюбе "Joker". Увойдзе ў дыск і адзін з галоўных гітоў групы, пераможца 6-га тура - песьня "Ападкі". А.Паронкін усьцешаны перамогай на ТГ: "Магчыма за нас галасавалі, бо мы граем гэткі модны ў сьвеце і занядбаны ў нашай краіне каліфарнійскі панк", - разважае ён.
Дырэктар групы Віталь Шум зьвяртае ўвагу, што рэгіянальныя каманды маюць у "Тузіне Гітоў" куды большы посьпех. "Лічу правінцыйныя групы - лепшымі. Даўняя завядзёнка: жыцьцё віруе ў сталіцы, а духоўнасьць буяе ў правінцыі. Толькі ня ў той правінцыі, дзе тры крывыя хаты, і нават не ў райцэнтрах, дзе часьцяком узровень індывідуальнай культуры не дазваляе музыкам граць нешта акрамя дубовага панка ці мэтала. Абласныя гарады - вось залатая сярэдзіна".
Што да сталіцы, то Шум мае такое меркаваньне: "Сталічныя групы часьцяком маюць усё - адданасьць стылю, традыцыям, музычны прафэсыяналізм, але ня маюць той іскрынкі, якая здольная запаліць. Няма духоўнасьці, актуальнасьці. Ім няма пра што сьпяваць. Сапраўднае жыцьцё, рэальная праблематыка сучаснасьці маюць месца недзе ў баку ад цэнтра цывілізацыі. Само паветра ў сталіцах спрыяе хіба толькі нараджэньню зьмярцвелага ўжо эстэцтва".
На меркаваньне Шума, у сталіцы жывое аніяк ня можа заквітнець: "Масква хоць паглынае пэрыфэрыйныя таленты і пасыянарыі, раскручвае іх і выдае за свае, а Менск існуе аўтаномна". Ні Шум, ні Паронкін не сумняваліся ў перамозе "Ападкаў", хоць гэта была першая спробы выйсьці за межы свайго роднага гораду, няхай і ў віртуальную прастору.
Тое, што маюць "Глюкі" - гэта ўпэўненасьць у сваіх сілах. "Большасьць менскіх музыкаў - "вядомых і зорных" - не знайшлі бы сябе ў рэгіёнах, хіба ў дарагіх кабаках, а "Глюкі" трывала стаяць на рок-сцэне".
Пры канцы нашай размовы і Аляксей, і Віталь дзякуюць усім, хто галасаваў за "Ападкі" і яшчэ раз запрашаюць сваіх прыхільнікаў на прэзэнтацыю свайго дэбютнага альбому 9-га сьнежня.

Жывыя "Глюкі" (Сяргей БУДКIН, "Тузін Гітоў", декабрь 2005)


Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий:
Укажите ваше имя на сайте Центр Живого Рока.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.

Рассказать друзьям