Дэбілізацыя рушыць!

"Тузін Гітоў" прапанаваў некалькім экспэртам у галіне беларускай музыкі назваць лепшыя песьні, альбомы і падзею 2005 году. Першы з гэтага паважнага шэрагу адказвае шэф-рэдактар "Музыкальной газеты" Алег Клімаў.
Песьня году
"Partyzone" і Руся - "Маё сэрца" і ZET - "Белакрылы анёл" - дзьве лепшыя песьні году. Столькі пра гэта пісалася і казалася, і мной у тым ліку, што дадаць нешта новае не атрымаецца. У іх - сэзонныя "песьні году". А гэтыя - сапраўдныя і адвечныя.
Naka - "По нулям". Групу ў кантэксьце альбому цяжка ірваць на песьні, бо надта ўжо добры і канцэптуальны сам дыск. Але ж - мы не прызвычаіліся саступаць, таму - "По нулям".
UltraВожык - "Атлянтыда" - андэграўнд у абсалюце, выпадае, што сыходзіць да простых, эфэктных і дужа душэўных песень. Але, "поп-кампазыцыя" - чамусьці рука не ўздымаецца так напісаць.
Палац - "Кола грукатала" - надта люблю "Палац"... калі ён "палацаўскі". Без аніякіх ды-джэйскіх наваротаў. Калі белая кашуля нарасхлыст, калі фальцэт бабульчын, калі - гэй, там, налівай!..
Вайцюшкевіч - "Поўня" - вось пяе Дзіма у свой пэрыяд сэрэнадна-шансонных забубонаў "адну і тую ж песьню".
І не надакучвае. Больш за тое - устаўляе і чапляе! Майстар!
Глюкі - "Бывай" і "Сьвятла ня будзе". Выдатна дапаўняе песенную цямнечу, што адолела нашых рокераў у апошнія годы. Але вельмі здорава і з нэрвам! Ажно жуда бярэ!
Альбом году
"Partyzone" - "Сьмерці няма". Ужо год наццаць меў пэўнасьць у тым, што Яўген Цылікаў, пры ўсім сваім вялізарным таленце, ня здольны стварыць нешта прыстойнае і запамінальнае. З усіх нам вядомых сумных прычын. Добра, што памыліўся.
Кампіляцыя "Прэм'ер Тузін". Лепшая складанка беларускага андэграўнда, і за адно гіт-параду "Тузін Гітоў", з таго, што я чуў апошнім часам. А, можа нават і лепшая ў гісторыі нашай музыкі.
Глюкі - "Humanoid?.." Гл. ніжэй. Naka - "Тебе". У расейскамоўным беларускім року даўнавата не было такога, каб - ух, здорава як! Ух, здорава як! Ды яшчэ асноўны прыгожы жаночы вакал, ды яшчэ музыка, якая па-чароўнаму нефарматная, ды яшчэ сама стылістыка такая, што я і не прыгадаю, ці рабіў нехта нешта падобнае ў нас.
Трыб'ют Gods Tower - "Вартавыя вежы Багоў". Гомельскія героі дум-мэталу заслужана займелі кампакт-дыск-помнік, і, па традыцыі, не абавязкова нашай, - займелі пасьля свайго скону. Бо толькі дзяржгероям бюсты ўзводзяць пры жыцьці.
Падзея году
Адкрыў для сябе цалкам выдатную групу з Магілёву - "Глюкі", што выдала свой дэбютны альбом "Humanoid?..". У астатнім жа назваў бы 2005 год - годам "Нагуаля" і Лёні Паўлёнка - выступалі шмат і ярка, сталі нарэшце, і заслужана, Зьявішчам у беларускай субкультуры, і ня толькі.
І наогул
Разам з бязладдзем, што працягвалася сёлета ў дачыненьні да шэрагу вядучых айчынных альтэрнатыўных і часткова альтэрнатыўных музыкаў, варта адзначыць нейкае ажыўленьне менавіта ў менскай клюбнай рок-тусоўцы. Мяне асабіста, праўда, мала кранаюць, усе гэтыя навічкі і адносныя навічкі ска-, ска-панк-, панк- і брыт-поп-музыкі, але разам зь імі ў голас пра сабе заявілі абсалютна адмарожаныя, у лепшым сэнсе гэтага слова, выканаўцы, што граюць вельмі розную музыку.
Што яшчэ парадавала. Выявілася, што яшчэ можна ладзіць прыстойныя рок-фэстывалі, лякальныя і амаль маштабныя. Што можна выдаваць, адносна па нарастаючай, добрую музыку. І не абавязкова ў сталіцы, і легальна.
Што да афіцыёзу, тэле/радыёэстрады - замбаваньне насельніцтва працягваецца паскоранымі тэмпамі!.. Дэбілізацыя рушыць, таварышы! Асэнізацыя наадварот... Уявіце якую абсурдна-фантастычную сытуацыю: сольны канцэрт групы "Черника" ці Алены Грышанавай... Калі вы гэта здолелі ўявіць, то ўсё - гамбец, краіна безнадзейная. Зрэшты, яна і без таго безнадзейна...

Дэбілізацыя рушыць! (Олег Климов, Тузин гитоу, декабрь 2005)


Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий:
Укажите ваше имя на сайте Центр Живого Рока.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.

Рассказать друзьям