6.08.2011 Тузiн Unplugged: Akute и Nevma в Минске

Тузин

6 жніўня ў Менску высадзіцца магілёўскі рок-дэсант. Гурты Nevma i Akute сыграюць свае экслюзыўныя праграмы, падрыхтаваныя для праекту "Тузін.Unplugged". Стас Мытнік абяцае прасьпяваць шмат новых песень ды магчыма пашырыць межы трыё, а Даніла Забэла рыхтуецца выканаць першую цалкам беларускамоўную праграму, якая атрымалася вельмі інтымнай.

Узыходжаньне Akute да вяршыняў беларускага року пачалося з прэзэнтацыі першага інтэрнэт-сынглу "Адзіноцтва" на "Тузіне Гітоў" у лістападзе 2009 году. Гэта была першая песьня, напісаная Ромам Жыгаравым пасьля распаду гурта "Глюкі", які так і ня здолеў рэалізаваць свой магутны патэнцыял. Але дэпрэсія мінула: за наступны год Akute сабрала практычна ўсе магчымыя рэгаліі на сваім шляху: перамаглі ў беларускім адборы на фэст Be2gether, сталі пераможцамі "Басовішча" і ўкраінскага "Вертифеста", ляўрэатамі Graffiti Open Music Fest, а іх "Адзіноцтва" трапіла ў лік галоўных песень у беларускай музыцы ў 2010 годзе. Можна з пэўнасьцю сказаць, што наступны іх сынгл – "Прамяні pt.2 (Sviaci)" сёлета трапіць у лік лепшых гітоў. На "Тузін.Unplugged" вакаліст каманды Стас Мытнік і басіст ды аўтар песень Раман Жыгараў хочуць вярнуцца ў часы раньняга Akute, калі яны па аналёгіі з New Order выкарыстоўвалі драм-машынку Alesis. Але прыедзе магілёўскі гурт поўным складам – утрох, разам з бубначом Паўлам Філатавым. "Мне самому надзвычай цікава, што атрымаецца па выніку на нашым выступе на “Тузін.Unplugged”, – кажа Раман Жыгараў. – Не выключаю, што мы нават пашырым межы нашага трыё". 6 жніўня Akute зробіць стаўку на новыя песьні, але ўсімі ўлюбёныя гіты будуць таксама. У тым ліку "Sviaci", якая ў сваім акустычным варыянце выглядае ня менш прывабна, чым у студыйнай вэрсіі.

Больш інтымнае гучаньне сваіх песень абяцае гурт Nevma. "Зараз поўнай хадой рыхтуем беларускамоўную акустычную праграму для “Тузіна”. Паколькі лад будзе павышэй, то нашыя песьні будуць гучаць без такога надрыву, больш спакойна, па-хатняму, а мо нават і прыгажэй", – кажа вакаліст каманды, былы саліст магілёўскай кансэрваторыі Даніла Забэла. Ён абяцае, што ў праграму абавязкова ўвойдуць усе песьні, якія ўдзельнічалі ў чарце на ТГ. У тым ліку і "Я ня веру табе", зь якой музыкі зрабілі фурор на "Басовішчы-2006", калі сталі ляўрэатамі фэсту і якая трапіла ў лік галоўных гітоў на ТГ у 2008 годзе, а таксама "Слоўнік" зь леташняга беларускамоўнага максы-сынглу гурта.

Весьці імпрэзу будзе Алег Хаменка, нязьменны вядучы радыёвэрсіі гіт-параду "Тузін Гітоў", якая ідзе на хвалях "Радыё Рацыя".

Канцэрт "Тузін. Unplugged" падтрымлівае грамадзкая кампанія "Будзьма беларусамі".

Канцэрт пачнецца ў 19.00 6 жніўня (субота) ў менскім клюбе "Графіці" (зав.Калініна, 16). Кошт квітка – 25 000 руб. (танцпляц), 30 000 руб. (столік). Колькасьць месцаў абмежаваная. Набыць квіткі можна ў клюбе загадзя з 18.00 да 22.00 штодня, акром суботы і нядзелі.

Інфалінія – +375 (29) 638-4444 / (33) 638-4444, skype, google: Diskoteq, ICQ: 531-07-353