5 дыскаў, што страсянулі белрок
Альбомаў сёлета ў беларускай рок-музыцы было нямала. Прычым у асноўным ад груп "другога эшалёну" ды таленавітых дэбютантаў. Вылучым сярод іх пяцёрку дыскаў, якія добра страсянулі нашу музычную прастору ў 2005 годзе.
Глюкі "Humanoid"
Сьвежы глыток добраякаснага магілёўскага панк-року. На пачатку дыску на далёкім фоне ідзе "Песьня пра каханьне" N.R.M., потым нехта кажа: "Ацтой!", націскае на "стоп" і граюць "глюкаўскія" "Ападкі": маўляў, недзе дажджы, недзе ападкі, ну а ў Магілёве - панкі. "Глюкі" зьбіраюць поўныя залі ў сваім родным горадзе і часьцяком гучаць на "Нашым радыё" - мясцовай філіі буйной расейскай рок-радыёстанцыі. Як усе першыя альбомы самабытных каманд з досьведам, альбом зьмяшчае моцны гітовы матэрыял. Дадае праграме шарму тое, што гэта першы беларускамоўны дыск у гісторыі горада, дзе прэзыдэнт вучыўся.
Cьцяна "Басовішча-2005"
Дыск берасьцейскіх рок-герояў складаецца з усіх дастойных песень каманды за апошнія пяць год. Назва - даніна буйнейшаму беларускаму рок-фэсту, што праходзіць на польскай зямлі. "Сьцяну" там паважаюць і шануюць. Ужо які год яны выступаюць у якасьці хэдлайнэраў разам з "Крамай", "Neuro Dubel" і N.R.M. А вось у Менску яны дагэтуль лічацца "маладымі і падаючымі надзеі", таму аддаюць перавагу выступам у родным горадзе і суседняй Польшчы. Стылістычны спэктр - ад джаз-рока да стыльнага гард-кору. Нязьменна адзінае - беларуская мова.
Саша і Сірожа "Ска-ты"
Вясёлы ды нахабны дуэт сёлета запеў. Прычым усур'ёз. "Ска-ты" - гэта смачна сыграны рок-н-рол з разьбітным саксафонам і разьдзяўбанымі гітарамі. У музычным пляне вядомым тэлепэрсанажам дапамагла група "Метеор". Што праўда, музычныя знаходкі "Сашы і Сірожы" прыйшліся не да спадобы беларускім чыноўнікам. Клюбная прэзэнтацыя дыску ў Менску была адменена тэлефанаваньнем зьверху. Гэта толькі пайшло на карысьць дуэту: іх дыскі літаральна разьмялі з паліц дыскарняў, а слава "забароненых" дайшла да Кіева, дзе "СаСі" толькі замацаваліся ў статусе сапраўдных герояў.
"Прэм'ер Тузін"
Усё самае лепшае ў беларускамоўным року за апошнія год-паўтара. Песьні для складанкі адбіралі прафэсыяналы беларускага шоў-бізнэса і наведнікі сайта "Тузін Гітоў". Фаварытка студыі "Гран-пры" Ганна Мушык тут пяе на верш Купалы, малады андэграўндны праект Siver - на Куляшова, а Лявон Вольскі сола - на вершы Караткевіча. Але гэта ўсё ў МР3-частцы. Асноўную частку складаюць песьні - пераможцы мэгатура на "Тузіне", раней нацыянальнага, а цяпер слушнага гіт-парада. Слухайце сваё!
J_Морс "Моё солнце"
Складанка з гітоў, рарытэтаў і кліпаў групы, выдадзеная, калі тая ўзыйшла на вяршыню папулярнасьці: ззаду тры пасьпяховы дыскі, наперадзе - тур па Беларусі (у кастрычніку "морсы" сабралі аншлягі амаль ва ўсіх гарадах краіны). Першы наклад дыска разышоўся яшчэ перад яго менскай прэзэнтацыяй. Пісьменьнік Уладзімер Арлоў асабліва адзначыў адну зь песень групы - "Глядзі": "Гэты твор нагадвае мне полацкі канцэрт тады яшчэ "Лявонаў" 37 год таму. Тады "Александрына" далучыла мяне да беларускага нацыянальнага космаса, вось чаму хочацца слухаць "Глядзі" як мага часьцей".
5 дыскаў, што страсянулі белрок (Сяргей Будкін, "Деловая газета", декабрь 2005)
Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий: