4.01.2010 Хрыстос прызямліўся ў Магілеве - і Waria засьпявала па беларуску
Пакуль “аксакалы” беларускай музыкі камянеюць у творчых адпачынках, а маладыя ня могуць даўмецца, чым зьдзівіць, пакуль уся несумленная Беларусь марна тужыцца і чакае перадвыбарнага ўсплёску моды на мову ды культуру, Магілеў стараецца за ўсіх адразу, штампуючы для сучаснасьці (а хтосьці і для гісторыі) беларускамоўныя гіты. Падумаеш-падумаеш – і разумееш, у якім горадзе сёньня прызямліўся б караткевічаўскі Хрыстос. Так ці інакш, для беларускамоўнага року Магілеў ужо нават не сталіца – Мека. І што б вы бяз нас рабілі, дарагія мае менчукі?..
Адны пішуць па-беларуску, іншыя асвойтваюць перакладніцкае майстэрства – часьцей за ўсё, канечне, ня ўласнае. Кажуць, удзельнікі магілеўскага гурта, які па-беларуску займеў бы рамантычны назоў “Дзеці Сутарэньняў”, смачна і па-панкаўску пляваліся ў адказ на параду перастварыць тэксты беларускай. А вось сьпявачка Waria і яе гурт, наадварот, прынялі прапанову аб перакладзе прыязна. Песьняй “Где-то там” – удзельніцай складанкі магілеўскага року “Галяктыка MOROK” – зацікавіўся полацкі пісьменьнік і літаратурны дзяяч Алесь Аркуш, які ў сваім Жывым часопісе заклікаў перакладчыкаў папрацаваць над перастварэньнем тэксту беларускай. І, трэба сказаць, Вары моцна пашэнціла, бо ахвоту зрабіць пераклад выявіў Сяргей Балахонаў. Гомельскі пісьменьнік-постмадэрніст, аўтар раману “Імя грушы” нярэдка бавіць час за перакладамі з розных моваў на беларускую песень, і робіць гэта, мякка кажучы, зусім няблага. Вельмі ўдала, як на мяне, быў пераствораны сёлетні “тузік” Эўрабачаньня – Fairytale Аляксандра Рыбака, але асаблівую папулярнасьць набыў пераклад “Волшебного кролика” Юры Дземідовіча з таямнічым радком: “Чароўны трусік малюе крэйдай плюсік”. Юра, праўда, адмовіўся сьпяваць такі варыянт, матывуючы тым, што дзеці з ягонага ансамблю сьмяюцца з “трусіка”. Але ж мы з вамі ведаем: яны проста баяцца “плюсіка”, які ёсьць сымбалем крыжа.
Дык вось, што да песьні “Где-то там”, адпаведна – “Недзе там”. Сама Waria распавяла, што ініцыятыва перакладу песьні была ня ейная асабістая, але ідэя данесьці ўласную творчасьць да беларускамоўнай аўдыторыі прыйшлася даспадобы, тым больш, што пераклад напраўду ўдалы. Ацаніце самі:
“Недзе там”
1.
Колькі пачулі ўжо ды колькі напішам мы песень пра зло і дабро
Крэваў заклён – спаконвечная музыка там над высокай гарой
Дзівіцца з нас і чаруе за рослай травой.
Прыпеў:
Недзе там ў вышыні
Спеў жалейкі узнік,
І па ўзгорках нясе
Цеплыню красавік.
Прыйдзе ён да цябе
І папросіць зайграць
Пра каханне й вясну
І пра час красаваць.
2.
Ціха ліюцца танюткія гукі – слухаў бы іх і збярог.
Хочаш падстаў свае кволыя рукі, каб несці іх на разлог
І ўсім дарыць у беспрасвецці дарог.
(Пераклаў з рускай у 2009 г. Сяргей Балахонаў)
Сьпявачка пераканала рэдакцыю, што аб скарэньні “Тузіна Гітоў”, на якім ужо нэрвова перасмыкваюцца пры слове “Магілеў”, яшчэ ня думалі – толькі пра ратацыю на беларускамоўную аўдыторыю. Але і такі варыянт будзе разглядацца ў будучыні.
Пераклад песьні незваротна пазычаны з ЖЧ Сяргея Балахонава. Там жа можна паслухаць і скачаць песьню "Недзе там" гурта Waria.
Фота - з кантакту.
Хрыстос прызямліўся ў Магілеве - і Waria засьпявала па беларуску (Инфо-центр ЦЖР, январь 2010)
Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий: