30.12.2008 Жарсьці па магілёўскім року

Сем год у Магілёве існуе нефармальная тусоўка “Цэнтар жывога року” (далей – ЦЖР). За час сваёй актыўнасьці сябры аб’яднаньня выдалі некалькі плытаў мясцовых рокераў, арганізавалі шэраг канцэртаў, запусьцілі ўласны сайт, etc. Ідэйны кіраўнік ЦЖР Віталь Шум спрабуе трымацца ад палітыкі як мага далей, бо хоча ўнікнуць “перафарматаваньня мазгоў”. Падчас гутаркі з Шумам склалася ўражаньне, што старэча Гі Дэбор са сваімі заклікамі рэвалюцыйнай барацьбы тройчы ня меў рацыі. Францускі філёзаф сьцьвярджаў, што мастацтва, замкнёнае на самавыяўленьні мастака, пазбаўленае ўсялякага сэнсу.

Могилёвские рок-новостиТворчыя моладзевыя суполкі часта зьяўляюцца аб’ектам для спэкуляцыі палітыканаў розных колераў і ідэалягічных арыентацыяў. Як толькі дзейнасьць нефармальнай суполкі набірае абароты, на гарызонце зьяўляюцца асобы, гатовыя заўжды зрабіць прапанову, ад якой цяжка адмовіцца. Напрыклад, паўдзельнічаць у сэмінарах альбо папрацаваць валянтэрам у камандзе якога-небудзь кандыдата. Дзякуючы разбудаванай сацыяльнай сетцы нефармалаў увесь жар можна загрэбсьці іхнымі рукамі. Апроч таго, заўжды прасьцей, калі ты не ствараеш якую-небудзь арганізацыю, а прыходзіш ужо да падрыхтаванай аўдыторыі.

Што да ўладаў – іх стаўленьне да самастойных творчых ініцыятываў моладзі даўно патрабуе напісаньня песьні з выкарыстаньнем ненарматыўнай лексыкі. Карацей кажучы, усё, што не БРСМ, – занадта падазрона. А калі яны яшчэ карыстаюцца папулярнасьцю ў мясцовай моладзі, дык гэта ўдвая дзіўна. Вось на гэтым самым месцы варта спыніцца, каб не прапусьціць першую драматычную пятлю...

Знаёмцеся, ідэйны кіраўнік нефармальнай суполкі “Цэнтар жывога року” Віталь Шум. Асоба ў пэўнай ступені адыёзная і дастаткова вядомая. Праўда, у вузкім коле. Герой нашага артыкулу не саромеецца моцных выразаў, усёй душой перажывае за сапраўдную музыку, а таксама ня надта церпіць сталічных.

На афіцыйнай старонцы ЦЖР morok.ru зьмешчаны ня толькі нарыс па найноўшай гісторыі магілёўскага року. Акрамя шматлікіх публікацыяў паплечнікаў і сябраў сп. Шума, на сайце можна пазнаёміцца з актуальнымі культурнымі падзеямі Магілёва, даведацца пра апошнія плёткі ды... проста парадавацца за абласны цэнтар – у яго ёсьць свой ЦЖР.

У 2006 годзе Магілёўская рок-сцэна вышпурліла на рэспубліканскі ўзровень некалькі файных камандаў. Сярод іх – бескампрамісныя панкі “Глюкі”, нацыяналістычна-глямурны “Таварыш Маўзэр”. Апошнія ў 2006 годзе атрымалі ўзнагароду на Рок-каранацыі ў намінацыі “Выканаўца году”. Акрамя згаданых камандаў, ЦЖР займаецца прамоцыяй некалькіх расейскамоўных калектываў. Зрэшты, як адзначае Віталь Шум, дзяліць рок паводле моўнай прыкметы ў Магілёве не прынята.

Віталь Шум падчас нашай першай размовы адразу зазначыў, што ЦЖР-аўцы прынцыпова трымаюцца як мага далей ад палітыкі: “Ніхто ня мае права выкарыстоўваць творчыя ініцыятывы ў якасьці гарматнага мяса. Плён ад такой бескарысьлівай супрацы я выпрабаваў на сабе. Дзякуй. Болей ня трэба”. Далей суразмоўца расказаў, што перад апошнімі прэзыдэнцкімі выбарамі ў яго былі праблемы. У выніку яму нават давялося пакінуць родны Магілёў ды атабарыцца на пэўны час у Маскве. На жаль, падрабязнасьцяў пра маскоўскія бадзяньні Віталя Шума пачуць так і не ўдалося.

Не занятыя палітыкай рукі сябры аб’яднаньня выкарыстоўваюць для арганізацыі альтэрнатыўных канцэртаў, выставаў маладых фатографаў і паэтычных вечарынаў. Усе гэтыя ініцыятывы, рэалізаваныя за амаль 7 гадоў існаваньня ЦЖР, істотна паўплывалі на разьвіцьцё магілёўскага року. Прадукты дзейнасьці аб’яднаньня матэрыялізаваныя ў кампакт-дысках мясцовых рокераў ды рэгулярных выпусках самвыдатаўскіх выданьняў.

Больш за ўсё сябры аб’яднаньня ня любяць “чмошнікаў”, якія арганізоўваюць канцэрты выключна дзеля прыбытку. Таму актывісты ЦЖР пасьпелі нажыць сабе нямала ворагаў. Нядаўна ідэоляга аб’яднаньня нават цягалі ў суд нібыта за паклёп, зьмешчаны на сайце. Сам Віталь Шум не надае гэтай падзеі ніякага значэньня. Аднак кажа, што органы замест расьсьледаваньня дадзенага інцыдэнту, распытвалі яго пра крыніцы фінансаваньня суполкі, а таксама пра тых, хто за імі стаіць. У нашай гутарцы зь Віталём Шумам інфармацыя пра нябачную пупавіну, якая цягнецца ад невядомых лялькаводаў да ЦЖР, не пацьвердзілася.

Папулярызацыя некамэрцыйнай музыкі ў Магілёве па азначэньні ня можа прынесьці вялікага бабла. Такі стан рэчаў Віталь Шум карэктна назваў “татальным безграшоўем”. Нягледзячы на разнастайныя перашкоды, каля ЦЖР стала трымаюцца 20 чалавек. “У вачах магілёўскай моладзі мы маем нейкую вагу, таму да нас падцягваюцца новыя людзі. За нашую актыўнасьць нас нават чамусьці параўналі з БРСМ,” – расказаў Віталь Шум.

ЦЖР – адкрытая пляцоўка для цікаўнай і ініцыятыўнай моладзі. У межах суполкі рэалізуецца мноства праектаў: аўтарская песьня, самвыдат, музычная і калямузычная журналістыка. Неўзабаве плянуюць запусьціць і незалежны тэатар. Што да наўпроставых сацыяльных акцыяў – ЦЖР плянуе супольна з Магілёўскім унівэрсытэтам імя А. Куляшова зладзіць дабрачынны канцэрт у падтрымку дзіцячага хосьпісу.

У Магілёве, канечне, рокерская субкультура існавала і да ЦЖР. У канцы 1980-х гг. гэты горад лічыўся неафіцыйнай сталіцай беларускай контаркультуры. Мясцовыя энтузіясты арганізоўвалі першыя ў Беларусі рок-фэсты саюзнага маштабу, на якія падцягваліся музыкі і журналісты з усіх ускраінаў імпэрыі. Магілёўскі музычны часопіс “Окорок” у канцы 1980-х гадоў выходзіў вялікім нават зь сёньняшняй пэрспэктывы накладам у 1000 асобнікаў. Пачатак – сярэдзіна 1990-х нічым добрым для магілёўскага року не адзначыўся. Таму зьяўленьне ініцыятыўных маладзёнаў-цэжээраўцаў істотна разварушыла правінцыйную багну. Шкада толькі, што большасьць пачынаньняў магілёўскіх актывістаў ня надта вядомыя ў сталіцы. Аднак гэта ўжо тэма для наступнага артыкулу.

Жарсьці па магілёўскім року (Яўген Крупка, часопiс Асамблея, декабрь 2008)


Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий:
Укажите ваше имя на сайте Центр Живого Рока.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.

Рассказать друзьям