20.01.2007 Анка Упала: Жэншчына-загадка зь пяром у галаве

Яна пасьпела набыць вядомасьць у літаратурных колах Магілеве. Зорным стаў для яе 2006 год. Менавіта ў мінулым годзе яна сарвала безьліч авацыяў на шматлікіх паэтычных фэстах. На Крапівенскім полі гэтая вытанчаная паненка раскладала вогнішча і паліла дзеясловамі сэрцы людзей, разам з паэтам Віталем Рыжковым ляпіла з помст-мадэрнісцкія КВАДРАЯЙКІ, выступала на разагрэве ў ОСІМІРА на акустычным канцэрце ЦЖР і нават была заўважаная ў позьні час сутак на прыпынку Канцавым. Самым апошнім пэтэвэшнікам горада вядома, што ніхто так выкшталцона, як яна, не карыстаецца чысьцюткай трасянкай. Але шмат сакрэтаў зь ейнага жыцьця застаюцца пакуль неразгаданымі. Дык паспрабуем раскрыць ейныя душэўныя таямніцы і прыўзьняць вуаль загадкавасьці з гэтай пэрсоны.

Хто такая Анка Упала, чаму так завецца і як нізка ўпала?
Псэўданім я прыдумала год 7 таму. Недзе на другім курсе МДУ (Магілёўскага ДУ:). Вырашыла ўзяць вядомае імя і адкінуць першыя літары. Вагалася паміж Аляксандрам Пушкіным і Янкам Купалам.

Журналіст Лёлік Ушкін ужо ёсьць.
Відаць, менавіта па гэтым прынцыпе псэўданім Лёліка і створаны. Сама спачатку думала, ці я буду Упала, ці я буду Ушкіна. Ушкіна мне па гучаньні не спадабалася.. Ну, і неяк ня блізка. А імя Янка Купала арганічна пераўтварылася у жаночае. “Брукі прэврашчаюцца... прэврашчаюцца... “ Happy)

Адкуль нараджаюцца такія паэты ў нашым горадзе? Раскажы пра этапы станаўленьня сябе як творцы.
Як паэт я была заўсёды адна. Сама ў сваім саку варылася. Першая літаратурная спроба была, калі я ў 10-й клясе ўдзельнічала ў конкурсе “Лепшы вучань года” і напісала паэтычны сцэнар пра школу. Мы гэтую сцэнку ставілі разам з клясам. Быў посьпех, усе сьмяліся. І накірунак неяк сам сабою вызначыўся і цягнецца ўжо колькі год.

І працягнецца шчэ доўга?
Ня ведаю, я ня Ванда. Гэта ў Вожыка трэба спытаць, ён прарок сваёй айчызны.

Вы з паэтам Віталем Рыжковым зрабілі свае “квадраяйкі”. Якія яшчэ творчыя праекты былі альбо плянуюцца?
У Віталіка была прапанова зрабіць праект “Моцарт і Моцарт”. Калісьці ў нас адбыўся дыялёг наконт таго, каму больш патрэбная кніжка Балахонава. Я запыталася: “Чаму гэта табе, я ня мне?” Вожык кажа: “Я – Моцарт!” А я тады хто, прабачце?! “А ты – Ліля Брык”, — кажа Віталь. Не хачу Ліля Брык! Хачу Моцарт! Пра Моцартаў тое жарты, вядома, не хацелася б, каб хтосьці сур’ёзна прыняў такія заявы. Увогуле, які б праект не атрымаўся, з майго боку гэта абавязкова будзе праект для людзей з пачуцьцём гумару.

А ты такая несур’ёзная? Віталь – прарок, а Анка Упала – дурніца ад паэзіі?
Я не кажу, што я дурніца. Мне проста цікава пасьмяяцца.

Вось ёсьць жа вясёлы клоўн, а ёсьць сумны – ты хто?
Мне здаецца, дзяўчына не павінна быць клоўнам. Я не хачу быць ні Яўгенам Петрасянам, ні Клярай Новікавай. Дарэчы, мне б не хацелася, каб хлопец, які мне падабаецца, чуў у маім выкананьні вершы, кшталту “Жэншчына зь вядром на галаве”. Жанчына, напэўна, павінна быць сур’ёзна-загадкавая.

Своеасаблівае спалучэньне: такая высакародная паненка і чытае такія вершы... калгасныя.
Не лічу свае вершы калгаснымі. Тэматыка ня тая. А трасянка гучыць па рознаму, гледзячы хто ёй карыстаецца.

Проста ёсьць такі стэрэатып.
Ёсьць. Але мне б хацелася, каб беларуская літаратура адыйшла ад сялянскай тэматыкі, бо ў 21-м стагодзьдзі гэта не актуальна. Беларусь больш нельга назваць аграрнай краінай. Пераважная большасьць насельніцтва гарадзкое і ня будзе чытаць пра зямлю.

Ды пра гэта ўжо ніхто ня піша – з нармальных пісьменьнікаў.
Не піша, канешне, але стэрэатып застаецца. Усё роўна, спрэс і побач трапляюцца творы, кшталту - “Зямелька мая...”. Нібыта клясычныя. Гэта нецікава.

Маюцца ж Хадановіч, Арлоў і г.д.
Цудоўна, што з’яўляюцца такія аўтары. Усе такія розныя. Я калі пачынала пісаць – ня ведала, што ёсьць такі накірунак – постмадэрнізм і не чытала постмадэрністаў ніколі. І толькі некалькі год пасьля маіх першых літаратурных спробаў прачытала Данііла Хармса. Была уражана, асобнымі тэкстамі, напіснымі нібыта мной аповед пра курукіцу, прыкладам. Як гэта, адкуль узялося? Напэўна сапраўды час нараджае накірунак. Значыцца, ёсьць патрэба ў соцыюма, прадстаўніком якога я зьяўляюся, менавіта ў такім самавыражэньні. Таму ў розных мясьцінах зьяўляюцца людзі, якія упісваюцца у адзін накірунак. Мне казалі, што мае тэксты падобныя да Таццяны Талстой. Але ізноў-такі Тацяну Талстую чытала, калі ўжо напісала большасьць з таго, што параўноўваюць з яе рэчамі. Тое нейкія паралелі, а не калі адзін у другога эстафетную палачку пераймае. Гэта ня так адбываецца. Хаця здаецца, я нахлусіла, пра тое, што нічога не паўплывала. Даўным даўно адно маленькае апавяданьне трапіла мне прама ў сэрца. Гэта было апавяданьне Nicely Nicely Clive Джона Ленана. Напэўна той, хто прачытае, ўсё зразумее.

Але ў цябе ёсьць і вершы.
Зь вершамі добра выступаць. Ты ж ня будзеш са сцэны кавалкі з раманаў чытаць. Апавяданьні можна – некаторыя. Вершаў у мяне зусім мала. Ды і ня стаўлюся я да сваіх вершаў сур’ёзна, як і ўвогуле да сваёй маленькай творчай спадчыны. Проста ўзьнімала несур’ёзнымі вершамі сабе настрой. А атрымалася, што другім яны таксама настрой узьнімаюць. Але мне, пэўна, цікавей ствараць,прозу. Вось бы стварыць што-небудзь вартае!

Як ты звычайна пішаш – за кампутарам ці як, напрыклад, Маякоўскі, на хадзе?
Алоўкам на паперцы часьцей. Віталь Рыжкоў звычайна на хадзе піша. А як можна прозу на хадзе пісаць?

А вершы?
Вершы? Дзе заўгодна. Аднойчы ехала ў аўтобусе, уздоўж сьцяны йшла жанчына ў сьмешнай шапцы – нібыта вядро. І склаліся першыя радкі: “Жэншчына зь вядром на галаве, вы каво уздумалі пугаць ім? Мы ведзь вам за эпатаж не плацім, жэншчына зь вядром на галаве!” Занатавала прыдумку ў мабільнік, а дома запісала на паперу і запісала астатнія радкі.

Для чаго табе наогул пісаць і чытаць вершы – гэта для пэрфомансу?
Баўлю час. “Жэншчыну...” напісала, калі ў мяне быў дрэнны настрой, і каб палепшыць яго, склала “трыпціх”. І не зьбіралася больш на трасянцы пісаць. З таго часу і не пішу на ёй. На апошнім канцэрце прачытала “Пал Палыч Пірагоў ”, кавалачак з рускамоўнага твору. Чытала на трасянцы, хаця напісаны ён па-руску. Да гэтуль ня ведаю, ці варта перакладаць яго на беларускую...

Зараз плянуеш пісаць па-беларуску?
Я нічога не пляную. Не я абіраю мову – мова сама абірае мяне.

І трасянка цябе сама абрала?
Так. Сама сабе сьмяялася. Шчыра кажучы, я няшмат чытала свае творы прылюдна. Не аматар асабліва павыступаць. Уласна на сцэне – ўжо не саромлюся. Ведаю, што у некаторых лісткі ў руках дрыжаць, Вожык таксама хвалюецца. А для мяне самае цяжкае вырашыцца выйсьці, пераадолеўшы думку, што нікому гэта не патрэбна.

Глядзячы па рэакцыі залі – камусьці патрэбна.
Канешне. Потым мне прыемна. Калі бачыш такую шчырую рэакцыю, як на 4-ым акустычным канцэрце…

У цябё няма асабістых прыхільнікаў? Можа, хто кветкі дорыць за паэзію і прозу?
Калі я яшчэ вучылася ўва ўнівэрсытэце, былі людзі, якія казалі камплімэнты. А так, каб кветкі – не.

А зараз ніхто не падыходзіць па аўтографы?
Якія аўтографы? Аднойчы, калі я йшла на “Кола сяброў”, падыйшоў хлопец, пазнаў мяне і назваў “вядомай паэткай”. Але не магу сказаць, што імкнулася і імкнуся да гэтага. Пішу, каб сабе ўзьняць настрой і людзям. Не магу пісаць проста так, ні для кога – заўсёды для пэўнай аўдыторыі: для канкрэтнага чалавека, для сябе таксама альбо... Ну, заўсёды ўяўляю кагосьці на тым канцы інфармацыйнага канала:) Іх , уяўных, рэакыцыю “бачу”.
Я ня ведаю, якое ўражаньне складваецца ў тых, хто чуе ці чытае мае тэксты. Магчыма думаюць: от, адмарожаная! Насамрэч я ня здольная да адвязнасьцяў, мне гэта нецікава.

Якія праблемы хвалююць Анку Упалу і ці хвалюе, напрыклад, праблема нафтагазавай крызы ў Беларусі?
Імкнуся да таго, каб ніякія праблемы мяне не турбавалі. Раней хвалявала так многа дробязей... Але аднойчы зразумела: дробязныя праблемы не даюць мне жыць. І я вырашыла ад іх адмовіцца.
Хаця мне сумна, што беларусы сьпіваюцца. Людзі не чытаюць, тэлевізар, мне здаецца, менш пачынаюць глядзець…

Уласна, што там глядзець?
А дзе тады шукаць напаўненьне для душы? З гэтага пункту гледжаньня становіцца зразумелым, чаму так папулярныя ўсе гэтыя “Супэрлато”.

Чаму?
Таму што гэта мара. Гэта нешта, што напаўняе тваю душу сэнсам. Ты жывеш чаканьнем: “А раптам я выйграю шмат грошаў?” А гэта таму, што ў іх не напоўненае жыцьцё. Чалавек – гэта ж не жывёла. Яму патрэбна нешта акрамя спаталеньня фізычных патрэбаў – а няма. Жывёльнае спатоленае – паеў, папіў, астатнія фізіялягічныя патрэбы. А ўнутры чагосьці не хапае. А кніжкі – ня модна, нецікава, не навучылі.

Што ты лічыш маразмам гэтага года і маразматыкам года? І чаму?
Разумею, да чаго вядуць такія пытаньні. Згодна з тым, што маразматык – адзін на ўсіх. Але я апошнія часы – гады тры, абстаргуюся ад маразма жыцьця.

І хто гэты маразматык?
Ёсьць такая цудоўная кніжка “Гары Потэр”, і там ёсьць выраз “You know who”. Той, чыё імя нельга называць. Нікому не прыемна называць гэтае імя, шмат бруднага зь ім зьвязана. Ды й мне проста няма жаданьня яго яшчэ раз узгадваць. Адсутнасьць гэтага жаданьня доўжыцца з сакавіцкіх падзей, калі я не выходзіла з інтэрнэта, усе навіны праглядала. І так стамілася пасьля гэтага маральна, што мне зараз нецікава, хто там вырашае газавыя праблемы. Хто хацеў іх вырашаць – хай вырашае. А я на гэта ўжо ніяк не змагу паўплываць. Таму я набыла сёньня эўра, прыгожанькі паўшубак і кохтачку.

А маразм года?
Мне здаецца, маразм расьцягнуты быў на ўвесь год. І цягнецца ён ужо шаснаццаты год чырвонаю ніткаю праз нашае жыцьцё.

Як ты думаеш, колькі ён яшчэ будзе працягвацца?
Можа, гэта нейкі сымптом, але здаецца, што мне усё роўна. Хай Анку Упалу асудзяць за тое, што жыве сваім жыцьцём, а не жыцьцём краіны. Эх, і навошта ты ў мяне гэтае інтэрвію брала, дарагая Зю?

Анка Упала: Жэншчына-загадка зь пяром у галаве (Зязюля, журнал МАРАЗМЫ ЖЫЦЦЯ, январь 2007)


Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий:
Укажите ваше имя на сайте Центр Живого Рока.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.

Рассказать друзьям