17.11.2009 Падарожжа ў Крычаў: экскурсія і акустыка
Наведаць Крычаў было цікава ня толькі з прычыны шанцу выступіць перад гледачамі (такая мажлівасьць выдаецца, скажам шчыра, досыць рэдка). Паездка ў гэты горад вартая ўжо таму, што Крычаў – адзін з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі. Першы ўспамін пра яго датуецца ажно 1136 годам. На жаль, помнікаў таго пэрыяду не захавалася, але архітэктуру пазьнейшага часу, а менавіта 18-19 стагодзьдзя, мы з вялікім задавальненьнем агледзелі. Не пасьпелі дабрацца на ўскраіну да адной з найцікавейшых адметнасьцяў – рэшткаў бровару канца 19 – пач. 20 стагодзьдзя, але гасьціннасьць гаспадароў, не прымусіла доўга шкадаваць пра гэта.
Ператвараць хату ў рэстарацыю не было ні часу, ні асаблівага натхненьня. Пачалі зьбірацца людзі, якіх прыйшло штосьці каля 30 чалавек. Мо й зашмат для кватэрніка. Але адбылося ўсё згодна са старажытным, як сам Крычаў, правілам – “у цеснаце, ды ня ў крыўдзе”. Паветра было мала, а ўвагі ды задавальненьня – хапіла ўсім.
Паколькі наш выступ быў прымеркаваны да прэзэнтацыі складанкі магілеўскага року “Галяктыка MOROK. Сэзон 2008/2009”, кожны з прысутных атрымаў у падарунак дыск. Цімафей Яравікоў выконваў “Пропасть”, увайшоўшую ў складанку, аж два разы. Шмат хто падпяваў адзіную беларускамоўную песьню СД – “Маці”, якая ўвайшла ў праект “Перазагрузка” і цяпер пасьпяхова ўдзельнічае ў гіт-парадзе “Тузіна Гітоў”.
Пасьля канцэрту шмат хто з гледачоў падыходзіў і выказваў падзякі. Зьяжджаць не хацелася, але нядзеля падыходзіла да лягічнага заканчэньня, назаўтра чакала праца, і давялося вяртацца дахаты з цэлай купай прыемных уражаньняў.
Падарожжа ў Крычаў: экскурсія і акустыка (Ірына Барысевіч, Инфо-центр ЦЖР, ноябрь 2009)
Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий: