15.11.2006 Бялынічы – панк-сталіца Беларусі

Ня толькі ў Піцеры, але і ў Беларусі бываюць белыя ночы. А таксама – белы начны блюз. Хто ў гэтым сумняваецца, калі ласка – запрашаем у райцэнтр Бялынічы, што пад Магілевам. Альбо пастаўце ў свой дабі алдовы прайгравальнік плытку ад WIGHT NIGHT BLUES. А яшчэ лепей, вылавіце самога стваральніка гэтага праекту Юры Несьцярэнку, і ён вам распавядзе ўсё пра блюз і белыя ночы. Так я й зрабіла, калі Юры адыграў невялічкую беларускамоўную праграму на вечарыне “Прыпынак Канцавы”, што ладзілася ў Магілеве 3 лістапада.

Пра Юрыя Несьцярэнку і “білы нічи”

Хто такі Юры Несцярэнка і чым ён займаецца? Магілеўскай публіцы, думаю, ён пераважна знаёмы як чалавек, якога круцяць па “Нашым радыё” і які выконвае песьню з рыфмай “...бля”.
Зараз я кіраўнік гітарнай студыі. У культурніцкай сфэры я ўсё жыцьцё сваё працаваў: гэта была і адміністрацыйная праца па арганізацыі нейкіх канцэртаў, мерапрыемстваў. Быў досьвед прыватнага прадпрымальніка, працаваў я і за мяжою, напрыклад, у Польшчы. Я ня толькі блюз выконваю. Ёсьць праграмы, зьвязаныя з клясыкай, хард-н-хэві.

Панк-року не было ў вашай калекцыі?
Быў. Напрыклад, я нейк ўдзельнічаў як гітарыст Алены Каўковай (гурт ОБАЯНИЕ НЕВОВЛЕЧЕННОСТИ – Z.) у адным з канцэртаў. Плянаваўся таксама супольны запіс, але не атрымалася, бо далёка жывём. Ня ведаю, наколькі гэта можна назваць панкам – хутчэй, жаночы панк. Яшчэ ёсьць праект, да якога я маю непасрэднае дачыненьне. Мой вучань, які зараз у Маскве, выконвае песьні ў стылі панк, мае праект пад назваю CALL-TOLL-FREE . Што перакладаецца са слэнгу як “званок за кошт установы”. Гэта атрымалася нешта далёкае і ад блюзу, і ад року.

Але гэта ўсё рэчы, якія не ў асноўнай вашай плыні. А якія ў асноўнай?
WIGHT NIGHT BLUES і НЕСТАРЫ БЭНД. НБ – гэта беларускамоўны блюзавы праект, у якім прысутнічаюць і фолькавыя матывы, а адна песьня наогул настолькі цяжкая, што ніякага дачыненьня да блюзу не мае. Мяне цікавіць любая музыка. Галоўнае – яе добрая якасьць і мысьленьне музыкаў. У маёй фанатэцы маса разнастайных рэчаў, нават электронная музыка. Наконт блюза скажу, што у нас няма ніякіх традыцый, у адрозьненьне, напрыклад, ад Польшчы. Там аграмадная блюзавая традыцыя. Мы ня ведаем ні пра блюз Бельгіі, ні Германіі, ні Галяндыі. Закрануць гэтую галіну – усё роўна, што закрануць клясычную музыку. Нават ня тысячы – дзесяткі тысяч выканаўцаў, узьнікаюць новыя імёны, удакладняюцца стылі. Гурты, якія лічацца клясыкай блюз-року, запрашаюць зусім маладых музыкаў, для якіх гэта цікава. Толькі што дя нас гэтая традыцыя ў нейкай незразумелай форме даходзіць. У Магілеве, у Габраўскай сьцяне калісьці была студыя “Авеста”, якая вельмі многа прапанавала блюзу, джазу. Гэта выклікала такую цікавасьць, што туды прыходзілі людзі ў касухах, берцах.

І бралі джаз ахапкамі?
Зразумела, не ахапкамі, але ўсё ж цікавіліся і нешта там для сябе ўсё-ткі пакідалі.

Ад назвы горада Бялынічы пайшла й назва WIGHT NIGHT BLUES?
Ёсьць лягенда, якую я ня дужа люблю. Яна стопрацэнтна штучная, папоўская і хрысьціянска-прапагандыская. З Кіева ад мангола-татараў беглі чатыры манахі, каб схаваць нейкую ікону. Дабраліся да мейсца цяперашніх Бялынічаў, дзе было паселішча, то гэтая ікона засьвяцілася, і у іх атрымаліся “білы нічи”. Ёсьць вэрсыя, якая мне больш падабаецца. Быў чалавек, якога звалі Бялын, якога згадвае яшчэ краязнаўца Раманаў. І нашчадкаў звалі Бялынічы.

Пра колеры блюзу і музычны інтэрнацыянал

Мне заўсёды здавалася, што блюз – музыка для старэйшага пакаленьня, пасядзець і спакойна паслухаць за гарбатай...
Сто працэнтаў – не! Таму што блюз ёсьць розны. Ёсьць архаічны нэгрыцянскі блюз, ёсьць поп-варыянт – лёгенькі, з саксафонамі, а ёсьць вельмі складаны. Дарэчы, ёсьць чорны і белы блюз.

У залежнасьці ад таго, хто грае – белыя або нэгры?
Так. Таксама ёсьць накірунак “карыбіян” ці “бразіліян”. Але гэта ўсё – умоўнасьці. Аднойчы я трапіў у Германію на фэстываль “World and folk music”. “World” – гэта музычны стыль, калі, напрыклад, ірляндзкая каманда грае французкую музыку.

У гэтым накірунку працуюць OSIMIRA?
Іх якраз-такі можна аднесьці да “world music”, яны ня фольк-калектыў. На згаданым фэсьце“World and folk music” была хэдлайнэрам брытанская ці то шатляндзкая каманда EDVARD SECOND. Усюды на афішах пад іхняй назвай было пазначана маленькімі літарамі “келцік рутс рэгі”. Яны выйшлі граць зь ліраю, зь нейкімі маленькімі гармонікамі ды скрыпачкамі, якія ў кельцкай музыцы выкарыстоўваюцца. Але ў іх два своеасаблівыя фронтмэны. Вакаліст – нэгр, і басіт – таксама нэгр.

Усе “карэнныя кельты”.
Так. І вось яны пачынаюць граць сапраўднае рэгі. Ад гэтых нэграў такая энэргетыка йшла!

У Беларусі ж таксама былі й працягваюцца спробы рабіць “міжнацыянальныя” праекты. Напрыклад, Вайцюшкевіч зь ягоным “японскім” альбомам.
Зьміцер Вайцюшкевіч – чалавек зь нестандартным мысьленьнем. Ён разумее, што займаецца нейкімі нязвыклымі рэчамі, але робіць гэта так выдатна, што яму толькі пазайздросьціць можна.

Пра Бангалоры й дажынкі
Зараз часта робяць канцэрты, прымеркаваныя да нечага палітычнага – “Джынсавыя фэсты”, “Песьні свабоды”. Ці запрашалі вас на падобныя мерапрыемствы і якія ў вас уражаньні ад іх? Ці можна зьвязваць музыку з палітыкай – у такім пляне?
Зараз гэта ўжо павінна адыйсьці з-за ненармальнага ціску на такія мерапрыемствы. Апазыцыя мусіць быць – як здаровая, нармальная рэч. Павінна быць палітычная альтэрнатыва.

Але ці можна непасрэдна самі музычныя праекты “падпісваць” пад палітычныя ідэі, ці гэта неяк заганна? Вы пагадзіліся б выступіць, калі б вам сказалі: “заўтра на Бангалоры канцэрт”?
Пагадзіўся б.

А калі б запрасілі выступіць на “дажынках” – таксама пагадзіліся б?
На “дажынках”, напэўна, не...

Чыму, ня тая “марка” ці ня тая ідэя?
Разважаючы на гэтую тэму і ўдакладняючы, што я стопрацэнта згадзіўся б граць на “Джынсавым фэсьце”, а на “дажынках” – не, я толькі дапамагаю таму боку, які разьмяжоўвае людзей. Дапамагаю яшчэ больш разьмежаваць. Я супраць гэтага. Я – за нармальную сытуацыю, калі музыкі граюць там, дзе яны павінны граць. Калі гэта сьвята піва – яны граюць на сьвяце піва. Калі гэта кампанія ў падтрымку альтэрнатыўнага кандыдата – калі ласка .

Гэта іх ўласны выбар?
Перадусім, іх уласны выбар. І калі я буду вам казаць, што тут я пагаджаюся выступаць, тут – не, то буду падтрымліваць нейкую дурную сытуацыю з разьмежаваньнем людзей па нейкім незразумелым прынцыпам.

Пра хітрае маўчаньне і палітычную каньюнктуру
На вечарыне ў сваіх песьнях вы згадвалі пра ўладу. Як спалучаюцца блюз і палітыка? Я заўсёды думала, што блюз – гэта калі добраму чалавеку блага...
Апошняя сыграная на канцэрце песьня – пра маё жыцьцё. Я сьпяваю свайму апанэнту: “Што ты хочаш пачуць – я мог бы табе найграць: які-небудзь блюз, ты сьмела можаш мне падпяваць. Але твае вусны бязгучна шэпчуць, твае вочы хочуць нешта сказаць. Твае далоні закрылі мне рот: маўчаць!”

Беларускі выраз: маўчы, будзь хітры! Як вы лічыце, ці варта музЫку адлюстроўваць свае палітычныя погляды ў творчасьці? Напрыклад, у магілеўскага гурта TAV_MAUZER песьні скрозь палітызаваныя. У вас ёсьць такое?
Гэта ўжо залежыць, па першае, ад саміх людзей. Па-другое, ад канкрэтнага моманту. Можа быць, я на дадзены момант хацеў бы сьпяваць толькі пра каханьне. А празь месяц у мяне нешта здарыцца, напрыклад, на барыкадах загіне сябра. Тады я буду ня толькі сьпяваць, а зьдзяйсьняць больш сур’ёзныя крокі!

Ёсьць гурты, якія сьпяваюць выключна пра каханьне ды пра сонейка-кветачкі і ніяк ня тычацца таго, што адбываецца навокал – грамадзкіх ці палітычных падзеяў. І наадварот – бывае, што гурт сьпявае толькі на сацыяльныя матывы. Што з гэтага правільней, альбо ня правільнае ні тое, ні другое?
Напэўна, залежна ад узроўню, ад асяродзьдзя. Сапраўдны мастак не абмяжоўваецца пэўнымі тэмамі. А калі хто выкарыстоўвае нейкую кан’юнктуру, каб падняць свой рэйтынг – магчымая й такая сытуацыя. Я не магу адказваць за іншых людзей. Выдатны гурт - TAV_MAUZER, я перасякаўся зь імі і на адкрыцьці “Рок-колы”, мне было прыемна, што выступалі магілеўцы. Я быў рады за іх, калі хлопцы паехалі ў Польшчу.

Пра беларускіх музыкаў і парнаграфію

Каму вы зайздросьціце зь беларускіх музыкаў, а каму не зайздросьціце?
Музыкам не зайздрошчу, бо ніякіх умоваў у нас няма для працы. Ні ў кога. Ні ў тых, хто кідаецца ў афіцыйны бок. У такім крыху палітызаваным мерапрыемстве, як “Караван пілігрымаў”, дзе былі два вялікіх маршруты праз усю Беларусь, удзельнічалі розныя гурты, музыкі. Некаторыя выступалі ад пачатку да канца маршруту, і ў кожным горадзе да іх далучаліся мясцовыя каманды, якія маглі працягваць рух, як зрабілі, напрыклад, МАЛЕНЬКИЕ ТРАГЕДИИ. Якраз у той час у Магілеў прыязджалі ТЯНИ-ТОЛКАЙ, якія тады гралі нейкую альтэрнатыву, штось падобнае на гранж.
Тое, што яны граюць зараз, нават папсой не назавеш. Я са зьдзіўленьнем даведаўся, што яны зьяўляюцца вакальна-інструмэнтальным ансамблем МУС.

Магчыма, ім праста далі кропку для рэпэтыцыяў?
Кропку, мабыць, і нейкую падтрымку, магчымасьць выступаць на тэлебачаньні. Яны купілі за гэта, і вось у якім стане яны зараз. Мой знаёмы мастак з гэтай нагоды распавядае такую байку. Хацелі здымаць кіно, але грошы давалі толькі на парнаграфію. Парнагарфіі наздымалі, зарабілі грошы. А калі пачалі здымаць кіно – атрымалася парнаграфія.

Пра Магілеў, Бялынічы і іншыя сталіцы.

Што вы думаеце пра магілеўскі рок, калі наогул ёсьць такая зьява?
Я вельмі спрашчаю. Як ёсьць магілеўскі рок, так ёсьць і гродзенскі рок, і гомельскі, і віцебскі.

У Бялынічах таксама ёсьць свой рок?
Таксама. Аднойчы Палянскі (магілеўскі журналіст – Z.) хацеў мяне зачапіць: маўляў, рок-н-рольны цэнтр перамяшчаецца ў Бялынічы? Я адказаў, здаецца, што Бялынічы – сталіца рок-н-ролу. І ня толькі рок-н-ролу, але яшчэ й панку.

Здаецца, што ні горад, тое сталіца...
Гэта ўсё адносна. З аднаго боку, добра, што ёсьць такі амбіцыёзны чалавек, як Шум, які робіць як шмат добрага, так сама – не кажу, што дурнога – шмат лішніх рухаў. Ад гэтага нікуды не падзецца.Ён прапагандуе свой горад, свой Магілеў.

Магілевацэнтрызм?
Так. Калісьці гэта рабіў Раманаў, але ў яго іншая справа. Раманаў – выдатнейшы журналіст, які заняў сваё мейсца, і заняў яго заслужана. У “Энциклопедии самиздата”, яна вельмі дакладна і вельмі грунтоўна ахоплівае пэрыяд з канца 60-х, пералічваюцца ўсе гарады, усе суполкі. Прадстаўнікоў Беларусі там апынулася толькі два – “Окорок”, які ў энцыкляпэдыі займае мейсца амаль на дзьве старонкі, і менскае выданьне “Фан-клуб Аллы Пугачёвой”. Акрамя таго, Раманаў – музЫка. У Магілеве шмат добрых музыкаў – якія ёсьць, былі, зьехалі адсюль, якія не выступаюць. Напрыклад, гітарыст Беляеў граў у рок-камандах. Ён не ўбачыў для сябе лепшага выйсьця – выжываць неяк трэба – і ўсё далейшае жыцьцё працуе па рэстаранах. Спрабуе граць рок – але які ў нашых рэстаранах можа быць рок? Выконвае інстурумэнтальныя кампазыцыі. Ён жы музЫка. У выпадку з Раманавым і Шумам я думаю, што музыка – гэта другасная зьява.

Што тады ўсё-ткі першаснае?
Першаснае – гэта іхны ціск на пэўныя рок-н-рольныя пачуцьці. Той жа Раманаў – таксама спартовы аглядальнік. Я яму прыводзіў такі прыклад. Выдатная ўчора была гульня: хоць мы й праігралі 10:0, але набілі морду судзьдзю, паламалі дзьве нагі нашым супернікам, зламалі шайбу, парвалі сетку – і гэта быў сапраўдны рок-н-рол!

Пра “...бля”.

Чаму па ўсёй краіне вас ведаюць як ўдзельніка WIGHT NIGHT BLUES, а ў Магілеве як “таго чувака, каторы сьпявае пра ...бля”. Чаму па “Нашым радыё” я не сустракала, напрыклад, вашых блюзавых беларускамоўных кампазыцыяў?
Усе пытаньні да кіраўніцтва “Нашага радыё”. Я ім шмат сваіх песень даваў… Ды мне, па вялікім рахунку, усё роўна. Я лічу, што “...бля” – вельмі цікавая песьня ў сэнсе тэксту. Раскрутка заўсёды пачынаецца зь недарэчнай песьні. Гэтая песьня падабаецца людзям – ну і дзякуй. Дарэчы, акрамя гэтай песьні ўвесь час на радыё круцяцца яшчэ чатыры, напрыклад, “Эмигрантская”, “Уже ударили дожди”. Яны неяк перакрываюць эфэкт ад “...бля”.

Вы ўсё-ткі беларускі сур’ёзны блюзмэн?
Ні ў якім разе! Я не хацеў бы ніякай сур’ёзнасьці. Мая задача – як мага лепш сыграць, а як ужо гэта пачуюць людзі – сур’ёзна ці проста адпачнуць, ці з увагаю паслухаюць і забудуцца ... ня ведаю, я проста раблю сваю справу.

Бялынічы – панк-сталіца Беларусі. (Zjazjula,

, ноябрь 2006)

Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий:
Укажите ваше имя на сайте Центр Живого Рока.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.

Рассказать друзьям