12.03.2007 Ян Маузер: «Хачу, каб мае вершы вучылі ў школе»
Ен шакіраваў усіх сваёй ружовай маечкай. Ні адзін рок-музыка да гэтага часу так не апранаўся. А яшчэ вось гэтыя спаўзаючыя штаны, з-пад якіх відаць ніжняя бялізна…
Ян Маузер, 24-гадовы фронтмэн магілёўскага альтэрнатыўнага гурта «Таварыш Маузер», ведае, што яго выгляд нават для рок-музыкі нестандарты. Чым, відаць, і карыстаецца, прыцягваючы да гурта яшчэ большую ўвагу. Але і без таго ў апошнія гады «Таварыш Маузер» нечакана апынуўся на першых ролях у нашай рок-музыцы. 17 лютага ў клубе New sound land пераможца галоўнага беларускага рок-фестывалю «Басовішча-2005» і ўладальнік «Рок-кароны-2005» за дэбют года гурт «Таварыш Маузер» прэзентаваў перад баранавіцкімі слухачамі свой першы альбом «Радасць». За гадзіну да выступу лідэр і аўтар песень гурта Ян Маузер распавёў аб гісторыі «каманды-выскачкі» і планах яе ўдзельнікаў на будучыню.
– Ян, калі ты пачаў пісаць песні?
– Гэта было ў 7-ым класе сярэдняй школы. Я тады думаў, што для поспеху песні трэба пісаць у той жа стылістыцы, як гэта робіць Юрый Шаўчук. Прыкладна ў той жа час я вырашыў стаць рок-музыкам. Лічыў, што гэта файная прафесія. Класна быць на сцэне, калі ўся ўвага накіравана на цябе, класна адчуць, як гучыць твой голас, і г.д.
– А калі і чаму ты пачаў пісаць па-беларуску?
– Яшчэ ў школе я стварыў свой першы беларускамоўны тэкст. Але гэта было хутчэй выключэннем з правіла. Потым у Магілёве ў нас быў гурт «Равновесие», мы гралі хэві-метал, там я таксама напісаў адзін беларускамоўны тэкст. Пасля з «Равновесия» мяне выгналі, гурт распаўся, і я канчаткова вырашыў для сябе, што далей буду пісаць і размаўляць па-беларуску. Я лічу сябе беларускім нацыяналістам (гэта не значыць, што варожа стаўлюся да іншых, проста «люблю сваё»), і гэтае рашэнне было для мяне натуральным.
– Як быў створаны гурт «Таварыш Маузер»?
– Чацвёра з пяці ўдзельнікаў сённяшняй каманды – гэта былы гурт «Равновесие». Калі мяне адтуль выгналі, за мною сышоў гітарыст. Пасля мы ўзялі новага басіста, а затым да нас далучыўся наш былы бубнач. Быў у нашым гурце яшчэ і другі вакаліст Boaroff, але літаральна сёння ён ад нас сышоў. Так што ў Баранавічах у нас дэбют з адным маім вакалам. Шкада, што гэта адбылося. Усё ж такі мы рэпетыравалі ў два вакалы, і мне зараз будзе цяжка.
– У камандзе здарыўся канфлікт?
– Я б так не казаў. Проста Boaroff’у не падабалася, што асноўная ўвага надаецца мне, а не яму. Але ж заснавальнікам гэтага гурта быў я, тэксты песень таксама пішу я, таму і зразумела, што ўсе размаўлялі са мною, а ён быў абдзелены ўвагай. Напэўна, ён даўно планаваў сысці, але нешта стала для яго ўчора апошняй кропляй. Што ёю было, я не ведаю. Магчыма, нецвярозы стан, магчыма, яшчэ нешта...
Тым не менш Boaroff сышоў прыгожа: учора мы адыгралі з ім у Мінску афігенны канцэрт. Было шмат людзей, адчувалася вялікая падтрымка, мы нават не чакалі, што на нас прыйдзе столькі людзей!
– Ян, што ўплывае на вашу музыку, тэксты песень?
– Ды што заўгодна! Мяне дзяўчына можа кінуць, ці здарыцца/не здарыцца рэвалюцыя, ці нехта зробіць такі ўчынак, які зварухне мяне, ці проста буду адчуваць сябе самотным – усё можа быць тэмаю для стварэння песні. Напрыклад, кампазіцыя «Брудная вада» з’явілася пасля таго, як на нейкім сайце я знайшоў інфармацыю, што Масква на фінскай мове азначае «брудная вада».
– З кім з музыкаў вы, так бы мовіць, на адной хвалі?
– Ну, можа быць, з Аляксандрам Памідоравым. У нечым мы салідарны з NRM, у нечым з Rasta, у нечым з Korn. Поўнасцю нам, канешне, не адпавядае ні адзін гурт, таму мы і ёсць «Таварыш Маузер».
– Чаго вы хочаце дасягнуць?
– Мы хочам стаць суперзоркамі, зарабляць шмат грошай, ездзіць на «Бэнтлі» і «Ягуарах», жыць на вілах на беразе мора. А яшчэ я хачу, каб мае вершы вучылі ў школе.
– Ну а пакуль вы выпусцілі толькі дэбютны альбом. Задумваліся, дарэчы, аб здымках кліпа?
– Задумваліся, нават здымалі. Але з таго, што здымалі, атрымалася толькі рэклама на «Першым музычным». У кліп адзняты матэрыял не перарос, таму што… Ну, таму што мы дэбілы. Але здымаць кліпы далей, безумоўна, будзем. Без гэтага ў шоу-бізнесе зараз ніяк.
– А ў Беларусі, на твой погляд, зараз ёсць шоу-бізнес?
– У Беларусі ёсць рок-культура. А шоу-бізнес… Шоу-бізнес – гэта калі нейкія людзі (прадзюсары) разумеюць, што з музыкі можна зарабіць «бабла» і пачынаюць усур’ёз гэтым займацца. У рок-музыцы шоу-бізнесам спрабуе займацца, напрыклад, Віталь Супрановіч (лэйбл «Беларуская музычная альтэрнтыва». – Аўт.). У межах Мінска ён можа зрабіць вельмі добры канцэрт (як учора зрабіў нам). Але па-за межамі Мінска Супрановіч нічога не робіць. Ды і якіх зорак ён стварыў? Я такіх не ведаю.
– Цяжка быць рок-музыкам у Беларусі?
– У мінулым годзе, перад некалькімі канцэртамі ў Польшчы, мне прыйшлося рабіць выбар паміж музыкай, якая цесна злучана з маёй грамадзянскай пазіцыяй, і сваёй добрааплачваемай і перспектыўнай працай у банку. Я выбраў музыку. І пакуль аб гэтым не шкадую. Але, безумоўна, нам даводзіцца цяжка: трэба шмат нерваў губляць на тое, каб дамовіцца на нейкія канцэрты і мерапрыемствы, пры гэтым нідзе няма грошай, ніхто не хоча плаціць, але за бясплатна мы таксама не можам выступаць. Разам з тым усё неяк паступова наладжваецца, знаходзяцца людзі, якія гатовы нам дапамагаць.
– Вы ўжо зарабляеце музыкай сабе на жыццё?
– Канешне не! У Беларусі больш-менш нармальныя грошы могуць зарабіць толькі ўсялякія «Сябры» з Алесяй і розныя Паліны Смолавы (і тое менавіта Паліна, па-мойму, выжывае за кошт таго, што афіцыйна з’яўляецца салісткай нейкага дзяржаўнага ансамбля). А з рок-груп сур’ёзныя грошы зарабляюць «Ляпис Трубецкой», NRM, «Лепрыконсы» – і ўсё!
Ян Маузер: «Хачу, каб мае вершы вучылі ў школе» (Найдено в Интернете, март 2007)
Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий: