2 кастрычніка ў брутальна-афіцыёзных дэкарацыя д/к “Магатэкс” ладзіўся канцэрт фольк-мадэрновага магілеўскага гурта OSIMIRA – рэдкая за апошнім часам зьява ў нашым горадзе.
“Магатэкс” сустракаў аматараў народнай музыкі гасьцінна і з шыкам. Перад уваходам у залю зіхацеў пахавальным арнамэнтам і чырвона-зялёнымі фарбамі атрыбут дзяржаўнасьці, прыбіральні прыемна зьдзіўлялі бліскучаю кафляю і бялюткімі папяровымі рулонамі, а сцэна ўражвала сваім настальгічна-бурачковым убраньнем.
У агуле, атмасфэра сацрэалізму настройвала на правядзеньне хіба што сэлектарнай нарады, але ніяк не фолькавага канцэрту.
Як толькі дзея распачалася, засяроджаныя і нудлівыя твары прысутных пасьвятлелі, быццам жывое сонейка паказалася з-за хмар шэрага пратакалізму. Дакладней, цэлых два сонейкі: на памосткі выйшлі важакі асіміраўскай зграі – Костусь Канцавы ды Андрэй Палаўчэня, абодва ў адвечным сваім дзікунска-шаманскім канцэртовым іміджы. Дзядзькі музЫкі зьдзейсьнілі надта крэатыўную штуку, чым заўважна паднялі настрой гледачам: перад выкананьнем ўласна рэпэртуару пазнаёмілі ўсіх са сваімі старадаўнімі інструмэнтамі (праўда, не з усімі – пэўна, тады б не хапіла цэлага вечару).
Ключавы інструмэнт, як высьветлілася, ува ўсёй беларускай культуры, – дуда, мех якой робіцца з ахвярнай жывёліны (казла, вала ці сабакі). Костусь з Андрэем прэзэнтавалі публіцы таксама жалейку, назва якой паходзіць ад слова “жалець” – ‘любіць’, парныя дудкі, сУрму, доўгую, падобную да альпійскага рога, з маркотна-пахавальным голасам (яна якраз і гучала зазвычай на хаўтурах), крывулю, што нагадвала посах і служыла музЫкам для задаваньня рытму, калюку – трубку з адтулінамі, характэрную збольшага для расейскіх земляў (але й для смаленскага краю, таму асіміраўцы лічаць яе ўмоўна беларускай), ды шмат чаго яшчэ – пералічваць нават не бяруся.
Пачалі “восі” з “Гуцульскага рэйнжэра”, рытмічнай, мейсцамі жорсткай, але й адначасна чыстай і сьветлай мэлёдыі. Гэтая кампазыцыя ўвайшла ў альбом “Прошча” як, прынамсі, бальшыня ўсяго выкананага за вечар. Значная частка праграмы была прысьвечаная народным сьвятам – Купальлю, Калядам і нават Ярылкам (фактычна гэта так раздзьмутыя апошнім часам “дажынкі”).
Танцпляц фактычна адсутнічаў, і таму пяць апантаных чалавечыкаў, ня здолеўшы ўседзець на мейсцы, гоцалі перад сцэнаю, наступаючы на шматлікае праводзьдзе, на што дзядзька-гукач рэагаваў мякка кажучы неадэкватна. Застаецца шкадаваць усіх астатніх, што засталіся на мейсцах і толькі на сярэдзіне выступу пачалі гойдацца ў такт мэлёдыі – пэўна, асіміраўцы мусілі нагадаць, што ўсё-ткі фольк-мадэрн, які яны збольшага граюць, пераважна танцавальны стыль. Асабліва заваднымі і “драйвовымі” падаваліся “Юр’я”, “Палескі танок” ды “Ярылкі” – плясуны тут літаральна валіліся з ног.
Аднак Андрэй Палаўчэня слушна зазначыў, што пад музыку OSIMIRA мажліва ня толькі танчыць, але й проста слухаць. У прыватнасьці, надзвычай мэдытатыўная ды чароўна-сумотная “Каляда”, а таксама “Румяна поле”, песьня, зьвязаная з пахавальнай традыцыяй і напоўненая невымоўным смуткам – магчыма, дзякуючы тужліваму і пагрозьлівыму голасу вургана. Паланіла спляценьне мноства інструмэнтаў, дзе ніводзін зь іх не губляўся, а жыў сваім жыцьцём, распавядаў сваю уласную гісторыю, даносіў подых стагодзьдзяў. Магія гукаў, чый дотык адчуваўся фізычна, бы магутны віхар, ўрывалася ў самое нутро, ламала абалонкі будзённай абыякавасьці, хваляю ўздымала слухачоў над седзівамі – толькі што не фізычна, – віравала ў залі так, што задавалася: не было паветра – толькі музыка, ні на каліва не састарэлая, вечная, сьветлая, усеабдымная...
Фота Яугенii Алеферэнкi
Танцавала рыба з ракам... OSIMIRA ў Магілеве (Ziaziula, Інфа-цэнтр
, октябрь 2006)Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий: