3.04.2010 Феномен мёртвых "Глюкаў"

У мінулым сезоне на Тузіне Гітоў Ляпісаўскія "Зорачкі" перамаглі сем разоў запар - і здавалася, што гэты рэкорд яшчэ доўга не будзе пабіты. Але факт застаецца фактам: песня "Краіна 2.0" гурта, якога няма ўжо паўтара гады, - Глюкаў - трымаецца на вяршыні галоўнага хіт-параду Беларусі ўжо 22 тыдні, і толькі адзін раз Глюкі саступілі першае месца іншай камандзе.

Адкуль такая бязмежная фанацкая любоў пры амаль поўным ігнараванні музычнымі экспертамі? Пасмяротны альбом "Ідыятызм" атрымаў толькі адну прэмію па версіі сайта experty.by - "За лепшы беларускамоўны альбом", у той час, як нашмат менш таленавітыя, але затое жывыя The Toobes - ажно чатыры, у тым ліку - галоўную "Лепшы альбом". На Рок-каранацыі на Глюкаў наогул забыліся і большасць карон размеркавалі паміж усё тых жа скандальных The Toobes, Без Билета, якія з кожным годам усё больш поп і ўсё менш рок, і Ляпісаў, якія ўжо традыцыйна не выконваюць песень, за якія іх узнагароджваюць (у мінулым годзе былі "Зорачкі", у гэтым - "Ружовыя акуляры"). Згасла магілёўская зорка дыскапанку, які да іх ніхто на Беларусі не граў - і нікому няма справы.

...Між тым на Тузіне Гітоў ідзе 13-ты тур - і "Краіна" зноў на першым месцы, і апярэдзіць яе не можа нават новая песня NRM "Палітыка-паралітыка". Што ж, "Краіна" - такая звышвыдатная песня? Ды не сказаць, каб яна была лепшай у альбоме - такой хутчэй можна было б назваць "Наркаман", альбо "Бруд" - лебядзіную песню каралёў магілёўскага року. Ды і ці не празмерна патрыятычны змест песні, дадаткова аздоблены жорсткімі рэп-чытанкамі ад Яна Маўзэра, больш падыйшоў бы таму ж Маўзэру, альбо NRM. Тут ідзе галасаванне не за песню, і нават не за альбом - за гурт у цэлым. Гэта своеасаблівы пратэст супраць распаду ўлюблёнага гурта, супраць словаў Рамана Жыгарава аб тым, што Глюкі засталіся ў мінулым. А калі немагчыма ўваскрэсіць гурт, застаецца толькі аддаць даніну памяці - зрабіць "Краіну" песняй году на Тузіне Гітоў. Мяркую, так і будзе.

Дык адкуль жа ўсё ж такая бязмерная фанацкая любоў? На мой погляд, існуюць 2 прычыны:

1. Глюкі - беларуская Nirvana.

Падобная музыка, падобная гісторыя, падобны нечаканы канец на ўздыме папулярнасці. Пройдуць гады, даўно будуць забытыя The Toobes, BMA-group выдасць сямідыскавую анталогію Глюкаў, уключна з поўнымі трэску і шуму дэма-запісамі і апошнім канцэртам на Басовішчы-2008. Гурт Akute выпусціць шмат альбомаў і атрымае безліч узнагарод, але Раман Жыгараў, падобна Дэйву Гролу, назаўсёды застанецца басістам Глюкаў - Foo Fighters ніколі не стане вядомей за Nirvan'у.

2. Глюкі - магілёўская Мроя.

Падобны прарыў, падобныя канфлікты, падобная рэакцыя на распад. Зноў жа, пройдуць гады. Akute узбярэцца на вяршыню музычнага алімпу, будуць крыху нахабна паглядаць уніз на ўсіх астатніх і пладзіць паціху сайд-праекты. Стас Мытнік будзе вядомы як чалавек, які разваліў Глюкі - гэткі Піт Паўлаў №2. Аднойчы, на трыццатым ці саракавым Басовішчы, трыа апранецца ў стылі нулявых гадоў і, не гледзячы на тое, што п'яныя палякі будуць гарланіць "А-ку-тэ! А-ку-тэ!", зайграюць "Папараць-кветку", "Краіну", "Бывай"...

Што будзе з Глюкамі-Akute далей - паглядзім. Але ўжо зараз можна сказаць, што Глюкі нездарма існавалі амаль 10 гадоў - яны праклалі новы шлях з Магілёва ў Мінск. І дзве асобныя рок-тусоўкі нарэшце пакрыху знаёмяцца адна з адной. Сведчанне таму - магілёўскі дэсант у Мінску. Akute, Сердце Дурака, Маўзэр, Nevma, Заточка - цяпер для Мінска гэта не пусты гук. І гэта добра, так і мае быць. Можа, Краіна дачакаецца яшчэ новых Глюкаў.

Проста скончыцца час, і калі зазірнуць -
Не убачыш ў вачах нічога.
Гэта ідыятызм - вінаваціць у ім
Можна толькі сябе самога.

Феномен мёртвых "Глюкаў" (Андрэй Філіпчык, 4fs.info, апрель 2010)


Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий:
Укажите ваше имя на сайте Центр Живого Рока.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.

Рассказать друзьям

Its gettin' late but I dont mind (x7)