Вакаліст гурта Akute Стас Мытнік ня надта ахвочы да інтэрвію. Як на яго меркаваньне, кожнаму — сваё, а яго наканаваньне пісаць і выконваць песьні, а не размаўляць з журналістамі. Але для «Тузіна Гітоў» адзін з самых таямнічых вакалістаў беларускага року зрабіў выключэньне і распавёў, як спрабаваў уратаваць гурт «Глюкі», чаму выйшаў зь цені і стаў да мікрафона і ці засьцерагаецца прыходу зорнай хваробы.
ТГ: Ты зьявіўся ў складзе «Глюкаў» літаральна за некалькі месяцаў да распаду. Якая была атмасфэра ў калектыве ў той час?
- Мэты прыйсьці менавіта ў гэты гурт у мяне не было абсалютна. Да творчасьці «Глюкаў» я ставіўся досыць роўна, але новы матэрыял, які часткова быў на руках у фанатаў яшчэ да выхаду альбома, мяне зачапіў. У той час я быў гатовы граць у хоць якой камандзе, абы толькі паклікалі, бо свайго калектыву ня меў. І вось аднойчы патэліў Раман ды запрасіў у «Глюкі». Я, натуральна, пагадзіўся.
Тады і пабачыў, што ў гурце было далёка ня ўсё проста. Карэктыроўкі ў складе пачаліся яшчэ да мяне, з замены бубнача. А з маім прыходам ды маім стаўленьнем да музыкі, інтарэсы Рамана і Аляксея яшчэ больш разышліся.
ТГ: Табе асабіста было шкада, што «Глюкі» распаліся?
- Як прыйшоў момант распаду, дык я ўжо разумеў, што інакш быць ня можа, таму для мяне ўсё было відавочна. Ня меў у плянах разваліць гурт, наадварот усяляк намагаўся наладзіць кантакт між музыкамі, але мае спробы выклікалі толькі супрацьлеглы эфэкт. Калі глядзець з пазыцыі «Глюкаў», дык я проста апынуўся ня ў тым месцы і ня ў той час. І тым самым паскорыў працэс распада гурта, хоць пры гэтым не зьяўляўся прычынай разладу.
ТГ: Калі ты адчуў, што можаш узяць на сябе функцыі ня толькі гітарыста, але і вакаліста?
- Як толькі пачаў граць на гітары (сьмяецца). Пэўны час у мяне была свая група, у якой я сьпяваў. Як заснавалі Аkute, першапачаткова думалі ўзяць вакаліста. Але папросту не знайшлі яго, таму і стаў за мікрафон сам.
ТГ: Як табе, дарэчы, падабалася вакальная манера Лёшы Паронкіна і каго зь беларускіх сьпевакоў вылучаеш для сябе?
- Ніколі не акцэнтаваў увагу на нейкай вакальнай манеры. Калі песьня падабаецца, то і вакал адпаведна добры. Што да Лёшы, то магу сказаць, што мой дыяпазон куды больш вузейшы. Лёша мае добры надрыўны голас. А яшчэ мне падабаецца, як Ільля Чарапко сьпявае.
ТГ: Ты выконваеш песьні, напісаныя Раманам Жыгаравым. Можа адчуваеш ужо ў сабе сілы і тэксты ствараць?
- Не, пакуль не адчуваю здольнасьці да гэтага. Можа калі-небудзь раптам маланка ўдарыць ды пачну пісаць. Але пакуль што гэтага ня здарылася (сьмяецца). Пакуль толькі музыка.
ТГ: Akute стартавалі звышпасьпяхова. З выхадам дэбютніку, вас проста залюбілі. Ты гатовы да прыходу зорнай хваробы?
- Шмат у якіх выпадках зорную хваробу выдумляюць людзі, што знаходзяцца побач. Час пакажа як тое будзе.
ТГ: А цябе ў прынцыпе не бянтэжыць, што лідэрам Akute па-сутнасьці зьяўляецца Рома?
- Усе на сваіх месцах. Так мусіць быць. Кожны робіць сваю справу: калі ў мяне выходзіць лепей сьпяваць, дык Рома ня лезе да мікрафона. Калі ў Ромы атрымліваецца лепей размаўляць з СМІ і пісаць тэксты, дык Стас не замінае. Мне падаецца гэты слушным. Для мяне куды важнейшы за амбіцыі посьпех каманды ў цэлым.
ТГ: Чым ты займаесься ў па-за музычным жыцьці і ці мяркуеш ты перайсьці цалкам да музычнай справы?
- Па спэцыяльнасьці я інжынэр-мэтроляг. Кожны музыка хоча займацца музыкай і зарабляць зь яе. Я ў гэтым пляне не вынятак. Мне вельмі падабаецца выраз Эдысана: «Я хачу займацца ўлюбёнай справай і пры гэтым не задумвацца пра фінансавы бок пытаньня». Вось да чаго імкнецца кожны чалавек, што займацца сваёй справай.
ТГ: Ці няма ў цябе боязі, што Akute, як і безьліч іншых клясных музычных праектаў, проста ў адзін выдатны момант упрэцца ў сьценку, дасягнуўшы ўсяго, пра што можа марыць беларускамоўны гурт?
- Але ж беларускамоўны гурт марыць пра тое, пра што марыць і расейскамоўныя, і ангельскамоўныя музыканты, таму дасягнуць усяго вельмі няпроста. Гурт уперціся ў сьценку ня можа, але музыкант у сваім разьвіцьці — запраста. Тут важныя асабістыя прыярытэты, бо музыка дае табе роўна столькі, колькі атрымлівае наўзамен.
Стас Мытнік: «Засьпяваў у Akute, бо не было каму» (Тузін Гітоў, июль 2011)
Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий: