25.07.2008 ГЛЮКI ня вытрымалі «Басовішча»

Адзін зь ляўрэатаў сёлетняга «Басовішча» магілёўскі гурт «Глюкі» спыніў сваё існаваньне. 23 ліпеня музыкі сабраліся разам і вырашылі, што далей граць разам яны ня могуць. За час сваёй дзейнасьці ГЛЮКI сталі адным зь лепшых гуртоў Магілёва, пра іх ведалі ня толькі ў родным горадзе, але і ў іншых месцах Беларусі. Што сталася прычынай распаду папулярнага калектыва?

Пра тое, што ў ГЛЮКАУ ня ўсё ў парадку паміж музыкамі стала зразумела ўжо на «Басовішчы». У конкурснай частцы каманда адыграла не зусім роўна, адчувалася нэрвовая атмасфэра ўсярэдзіне калектыва. Пасьля атрыманьня прыза за трэцяе месца на «Басовішчы-2008» вакаліст ГЛЮКАУ Лёпа Паронкін быў у жывым этэры Радыё «Рацыя». Тады чуткі пра магчымы распад гурта ён абверг.
РР: Чаму па-за родным Магілёвам у вас складаюцца такія цяжкія адносіны з гукам?
ЛП: Усё неяк складана… У нас адносіны ў гурце ня вельмі складаюцца.
РР: Вы хоць распадацца не зьбіраецеся?
ЛП: Не, не. Пакуль не зьбіраемся.

Не прайшло і тыдня пасля той размовы, як стала вядома, што ГЛЮКI ўсё ж распаліся. Адразу па вяртаньні з фэстывалю з гурта сыйшоў бубнач, учора – вакаліст і клявішніца. Дырэктар ГЛЮКАУ Віталь Шум кажа, што прычына распада – у супярэчнасьцях асабістага характару.
- Гурт мусіў разваліцца яшчэ два гады таму. Узьніклі канфлікты асабістага пляну. Але тады атрымалася іх стрымаць, азадачыць гурт пэрспэктывамі. Столькі матэрыялу напрацавана, у іх песень яшчэ на альбомы тры-чатыры… Шкада, што гэта ніхто ніколі не пачуе.

Цягам двух гадоў пры наяўнасьці ўнутраных супярэчнасьцяў гурт ГЛЮКI даволі плённа існаваў. У 2006 годзе быў выдадзены канцэртны альбом «Хэдлайн-фэст», цалкам да выданьня падрыхтаваны новы студыйны рэліз «Ідыятызм». Аднак, з прыездам на «Басовішча» музыкі ўзгадалі старыя крыўды, кажа Віталь Шум.
- Старыя супярэчнасьці не зажылі, яны наадварот неяк распаўзьліся. Учора мы сабраліся разам, была спроба знайсьці нейкі кампраміс, каб хаця б некалькі месяцаў да выхаду альбома пацярпець. Але не атрымалася.

Асноўныя непаразуменьні ў ГЛЮКАХ былі паміж вакалістам Лёпам Паронкіным і басістам Ромам Жыгаравым. У размове з намі Рома сказаў, што шкадуе аб распадзе гурта, а разыходжаньні, якія прывялі да гэтага, называе невырашальнымі.
- Для мяне не было праблем. Прынамсі, я ня блытаў кіслае з гарачым. У кагосьці праблемы былі. «Басовішча» – гэта вялікі фэстываль, ён паказаў, хто на што здольны. Я гатовы адказаць за ўсе свае ноты, а ў кагосьці нешта не атрымліваецца.

Адзін з даўніх сябраў гурта ГЛЮКI музыкант Аляксандар Памідораў пра развал каманды дазнаўся ад нас. У такую навіну Памідораў паверыць адмовіўся. Ён упэўнены, што перад выхадам новага альбома магілёўцы проста не маглі разыйсьціся.
- Гэта проста нейкая фігня, бо гурт ужо скончыў запіс свайго новага альбома. Таму казаць пра прыпыненьне дзейнасьці – гэта, па-мойму, проста глупства.

Адзін зь сябраў журы сёлетняга «Басовішча» лідэр гурта WZ-Orkiestra Зьміцер Вайцюшкевіч спадзяецца, што дэструктыўныя тэндэнцыі ў ГЛЮКАХ пацягнуць за сабой нараджэньне новых зорак.
- Мне спадабалася іхняя сучаснасьць і незапыленасьць стандардамі «Басовішча». Таму я іх адзначыў. А тое, што яны разваліліся… Я лічу, што гэта можа быць нармальна. Я ў сваім жыцьці праходзіў і развалы, і зьяднаньні. Хай разваліваюцца! Галоўнае, каб пасьля гэтага развалу зьявіліся дзьве-тры клясныя магілёўскія каманды.

Музыканты ГЛЮКАУ кажуць, што пакуль ня вырашылі, ці будуць надалей працягваць дзейнасьць пад старой ці новай назвай. Але можна быць пэўным, што іх новы альбом ужо зусім хутка пабачыць сьвет на лэйбле BMA Group.

Аляксей Мінчонак, Тузін Гітоў для Радыё «Рацыя»

Фото Slaver, Аня Сырель, generation.by/

ГЛЮКI ня вытрымалі «Басовішча» (Аляксей Мінчонак, Тузін Гітоў, июль 2008)


Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий:
Укажите ваше имя на сайте Центр Живого Рока.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.

Рассказать друзьям