Імпрэза, што адбывалася ў шматпакутным ДК “чыгуначнікаў” 21 верасьня ўмоўна абзывалася “адкрыцьцём сэзону му-музыкі”. Такога мора наіўных сэнтымэнтальнасьцяў і душэўных песень, у параўнаньні, напрыклад, з папярэднім сэзонам, чуваць са сцэны не даводзілася. Застаецца толькі ламаць галаву: тое ад шчырага сэрца альбо так сабе, кракадзілавыя сьлёзкі? Але самы галоўны змагар з ЦЖРам Коля Самуйленка таксама ня сцаў у шапку. Празь некалькі дзён пасьля канцэрту цэжээраўскія афішы (як вядома, садраць іх магчыма толькі разам са слупам) былі залепленыя прыватнымі абвесткамі. З аркуша паперы на вас глядзела наіўнае кацяня, якое нібыта вышукваецца і аплаківаецца гаспадарамі. Здагадаліся? Хітры піяр-ход Самуйленкі: хто прашыбе публіку на большую сьлязу, той і кароль магілеўскага шоў-бізьнесу. Мо, і новы музычны сэзон нас чакае адпаведны: соплі, воплі і жарсьці, нібыта ў мыльнай опэры?..
БЕЗ НОТ: як добра быць, напэўна, растаманам!
Пакуль народ працягваў прыбываць ў залю – як заўжды, той-сёй спрабаваў пішчом праціснуцца забясплатна, настройвалі публіку на разьдзяўбайска-пазытыўны лад маладыя растаманы (хаця з растаманствам іх родніць хіба што ярлык, што ўжо пасьпелі павесіць журналісты) – ці то БЕЗ НОТ (ці то БЕЗ НОГ).
Гледзячы на тое, як заводзіўся народ, (паравозікі-карагодзікі, чырвона-зялёна-жоўты сьцяг-шалік на танцпляцы і г.д.), асабліва на песеньках “На столе”, “Карманы”, “Дайте свободу”, сэрца радавалася. Раздражняла адно: жарты між песьнямі ў магілёўскіх рэгі-піянэраў ідэнтычныя з канцэрта ў канцэрт (хлопцы, прапаную пераманіць сьпічрайтэра ў ГЛЮКАЎ!). Асабліва прыемна пасьля ўнівэрсыцэцкіх лекцыяў было пачуць ад БН “Грызи гранит науки, грызи его с варением”. І сапраўды: вучыцеся, хлопцы, кальян паліць, і будзе вам разьмеркаваньне на Ямайку.
Віталь Шум: мая мэнтальнась – сэнтымэнтальнасьць...
Галоўным стваральнікам сэнтымэнтальных наіўнасьцей і наіўных сэнтымэнтальнасьцей быў, як ня дзіўна, цэжээраўскі саманазваны “псыхафашыст” В.Шум, які са сьлязьмі ў голасе ў кожнай паўзе між выступамі гуртоў хвілінаў па дваццаць распавядаў наіўныя казкі пра ўсялякія дружбы ды лябові, пра матросаў крэйсэра “Вараг”і рускую душу, пра акопы і снарады, дзяўчынку з Масквы і трагічна паламаны трактар (нібыта гэты трактар нейкім чынам сапсаваў гук на канцэрце...) Дзяўчаты рыдалі, панкі, думаю, ванітавалі над таўканамі, апалягеты эма мусілі рэзаць сабе вены на полавых органах – пупках...
Пакуль лірычнае трызьненьне вядоўцы мерапрыемства запаўняла канцэртную паўзу перад СЕРДЦЕМ ДУРАКА, была зьдзейсьненая спроба хітра й нахабна прапіярыць “Рэд бул”. Бяскрыўдная з выгляду дзяўчынка ўцёрла бляшаначку гэтага самага буржуйскага пойла Шуму і давай цэліць на сваю ахвяру камэрай. Але не на таго напала, бо “ахвяра” піяру хуценька змылася зь пітвом за кулісьсе.
МОЛОДОСТЬ: разом нас богато, нас не подовлаты!
Пасьля выканаўцаў рэги на фоне задушэўных размоваў сцэна пачала плаўна запаўняцца Віталем Касабуцкім і адпаведна ягонай патрыятычнай камандай МОЛОДОСТЬ, безь якой адкрыцьцё сэзэну было б няпоўным. У парадаксальным і незразумелым запале падкрыкваючы “Русское поле”, я адзначыла, што паводле экспрэсіі не адставала ад двух таварышаў у серпаста-малаткастых саколках. З чаго зрабіла вынік: МОЛОДОСТЬ слухаюць як нацболы, так і іншыя ненармальныя вар’яты. МОЛОДОСТЬ яднае нават ідэйных антаганістаў. А яшчэ МОЛОДОСТЬ – несумненна, была самым крутым гуртом вечарыны паводле складу, бо у іх на падпеўках надрывалася ці не палова цэжээра. І гэта толькі тыя, што на сцэне!
ОБАЯНИЕ НЕВОВЛЕЧЕННОСТИ: не катуй мяне – ратуй мяне!
Тым часам усе спадзевы на больш-менш людзкі гук сканалі яшчэ ў эмбрыянальнай стадыі. Хаця, па вялікім рахунку, бальшыня тэкстаў выступаўшых гутоў была вядомая іхным прыхільнікам ня горш, чым самім аўтарам. А клюбнага гучаньня ад падобных мерапрыемстваў чакаць глупа-не глупа, а ўсё-ткі наіўна... вельмі зручна ўсё ўзяць і спіхнуць на трактар. Менавіта празь яго, супастата, Аленку Каўкову зь ейным ОБАЯНИЕМ НЕВОВЛЕЧЕННОСТИ бачыць было прыемна, а вось слухаць – немажліва. Заадно пацьвердзіліся дзьве тэорыі: што скрыпку як прыладу для катаваньняў яшчэ ніхто не адмяняў і што “ОБАЯНИЕ” куды лепшае ў акустыцы. Ага, “Запах цветов непередаваем...” Асабліва ў электрычнасьці.
ЧЕРНОЗЁМ: з кожнай сэкундай бліжэй да зямлі!
І тут наступіў кульмінацыйны момант гульбішча, таму што моладзь пачала шалёна скандаваць ці то“цю-лень!”, ці то “Цю-мень!”. І ўсе зразумелі, што зараз на неўрадлівыя магілеўскія суглінкі ды пяскі пасыпяцца тоны адборнага сібірскага ЧЕРНОЗЁМу.
Лідэр гурта – Яўген (Джэксан) – павітаўся з заляй: “Здряствуй, Біларусія!”. Апасьля, пагрозьліва і сувора разьдзімаючы ноздры, апантана трасучы хаерам і пэрыядычна бьючы ў плястыкавы бубен, Яўген шчодра дзяліўся з галоднай нацыяй сваёй невычарпальнай энергіяй ды імпартнымі муз.прадуктамі. Вынікае, што бедныя беларусы абавязкова загінуць без энэргетычный падтрымкі ўсходніх суседзяў – нават калі гэта энергія музыкі. Ізноў на бэк-вакале надрываліся актывісты магілёўскай рок-сцэны, а на танцпляцы люд ладзіў “wild dances”, па-нашаму кажучы – дзікія скокі. Падаю ніцма перад легендамі-сібіракамі, што зь якімі толькі летавымі не гралі, бо я адчула сябе на дыскатэцы свайго маленства: бо такога бадзёрага “бумца-бумца” ад мне чуваць даўно не даводзілася! Ахвяраваўшы натоўпу апошнія сілы, галоўны “чарназёмец” здаўся і зваліўся на сцэну – па ўсім відаць, да зямлі пацягнула, паводле ўласнага ж назову.
СД: сэрца на далоні
“Цімафей і кампашка” для тых, хто яшчэ не зразумеў, яшчэ раз прадэманстравалі: СЕРДЦЕ ДУРАКА хоць у якім варыянце застаецца СД (дарэчы, народ ужо заўважае нядобр-рае гучаньне абрэвіятуры).
Відаць, навастрыўшыся на ўсялякія-разнастайныя драйвы і раскілбасы за час маскоўскіх гастроляў, гурт пераплюнуў паводле градусу эмоцыяў публікі нават папярэдніх сібірскіх зорак. Калі на самым пачатку выступу Цімафей Яравікоў схапіў губны гармонік, я спалохалася, што музЫка інструмэнт зьесьць; таксама выклікаў хваляваньне лёс бубна, якому пашчасьціла выжыць пасьля ЧЕРНОЗЁМА і патрапіць да гарачага магілеўскага хлопца Цімы; і нарэшце наш герой нейкім цудам не задушыўся дротам ад мікрафона – сьпішам цуд на анёла-ахоўніка. Самааддачу можна прыкладна апісаць хрэстаматыйнай фразай ад Івана Шамякіна: “Сэрца на далоні”. Толькі вось – Цімафеева ўласнае сэрца на ягоных жа далонях. Памятаеце яшчэ адно хрэстаматыйнае: “...вам я душу вытащу, растопчу, чтоб большая, и окровавленную дам, как знамя!”? Калі такое рабілася на сцэне, лёгка ўявіць, як кіпела заля. Ці тое былі спэцэфэкты, ці мае ўласныя глюкі, але па ўсёй сьпіне Цімы распаўзлася вялізная пляма ў форме сэрца. Будзем лічыць за казачны цуд, паддамося лірычна-рамантычнаму настрою.
ЗЫ: Няхай даруе мне Джа і розныя эстэты-аўтарытэты за ўжываньне банальных цытатаў.
Адкрыцьцё сэзону ЦЖР: НІ БУДУ ПЛАКАЦЬ, Я ЖА ПАЦАН!.. (Ziazulia, Инфо-центр,
, октябрь 2006)Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий: