У складанай і напружанай барацьбе песьня магілёўскага гурта «Глюкі» перамагла ў мэгатуры на «Тузіне Гітоў». Гэтая падзея азмрочаная іншай акалічнасьцю – падчас галасаваньня ў выніковым туры ўдзельнікі гурта вырашылі разысьціся. Аляксей Паронкін ды Раман Жыгараў далі ТГ апошняе інтэрвію ў статусе ўдзельнікаў гурта «Глюкі».
- Гэта проста выдатна, мяне ўжо віншавалі з гэтай перамогай. Вельмі прыемна, што нас не забываюць, хоць нашага гурта ўжо няма, - сумным голасам адказаў на віншаваньні гітарыст ды адзін з заснавальнікаў «Глюкаў» Раман Жыгараў.
Адразу пасьля «Басовішча» вакаліст Аляксей Паронкін ды клявішніца Марына Бучкова вырашылі сыйсьці з гурта. Падчас апошняй сустрэчы ўдзельнікі «Глюкаў» вырашылі: далей пад гэтай назвай не выступаць. Раман пагадзіўся, але не прыняў такога рашэньня.
- Дык у чым прычына і наколькі ўсё сур’ёзна?
- Асабіста я быў супраць роспуску гурта. Але іншага выйсьця не было. Між сабой мы вырашылі не выносіць канфлікт на паверхню, таму падрабязьней пра прычыны сказаць не магу.
Тым ня менш, выхад свайго новага дыску «Глюкі» вырашылі не адмяняць. Неўзабаве іх альбом «Ідыятызм» зьявіцца на сьвет. «АntiEMO (Parket)» – будзе адной з асноўных рэчаў гэтага дыску. Раман кажа, што ў «Глюкаў» было два самых магутных гіта – «Бывай» ды «АntiEMO (Parket)». Цалкам магчыма, што новы альбом падорыць яшчэ адну яскравую песьню.
- Наколькі рэальнае аб’яднаньне «Глюкаў» зь нейкай вялікай нагоды?
- Жывой прэзэнтацыі «Ідыятызму» мы рабіць дакладна ня будзем. Зараз не хацелася бы нічога аднаўляць. Але ў будучыні – чаму не?
Для музыкаў з «Глюкамі» зьвязаны ладны кавалак жыцьця. Каманда была заснаваная яшчэ ў 1998 годзе, калі Рома ды Аляксей вучыліся ў школе і толькі вучыліся граць. Сярод інструмэнтаў тады былі толькі гітары ды плястмасавыя вёдры.
- Як ты можаш цяпер адказаць на пытаньне: што для цябе значылі «Глюкі»?
- Гэта перадусім нейкае Адчуваньне. Калі мы гралі разам, мяне перапаўнялі пачуцьці, якія я ня ў змозе дакладна апісаць. Засталося толькі адно вялікае Адчуваньне. Мяркую, што ў нас бы атрымалася выйсьці па-за межы нашага гораду менавіта з гэтым альбомам. Усё было наперадзе. Застаецца толькі шкадаваць, што так выйшла…
Аляксей Паронкін калі і шкадуе пра развал «Глюкаў», то ў значна меншай ступені.
- Проста зьмяніліся склады і з «Глюкаў» выйшла дзьве каманды. Да гэтага ўсё ішло вельмі даўно. Спачатку «Глюкі» былі справай жыцьця. Колькі гадоў таму ўсё выглядала куды цікавей ды весялей, а потым усе пасталелі, зьмяніліся падыходы і на нейкім этапе мы ўжо не існавалі, як адзінае цэлае.
- Дык, а што на гэта паўплывала?
- Тут прачына ў нашых асабістых адносінах, у апошні час нашыя адносіны нельга было назваць сяброўскімі.
- Няўжо гурт ня можа існаваць, калі адносіны між яго ўдзельнікамі трасфармуюцца зь сяброўскіх у прафэсійныя?
- Мяркую, што адносіны мусяць быць абавязкова сяброўскімі.
І Рома, і Аляксей не зьбіраюцца сыходзіць уласна з рок-музыкі. Кожны зь іх цьвердзіць, што мае ўжо новыя творы. Экс-«глюкі» зьбіраюцца іх запісваць паасобку ў межах уласных праектаў.
АntiEMO (Parket) – песьня сэзону на «Тузіне Гітоў» (Сергей Будкин, Тузин Гитоу, август 2008)
Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий: