02.11.2006 ХЭДЛАЙН-2006 Э-МА’гілёў! Мы – твая кроў!

Магілеў – ЭМА-сталіца Беларусі! Як, вы ня верыце?! Значыцца, вы ніколі не праходзілі міма кінатэатру “Радзіма”, дзе пасьвяцца табунамі гэныя дэпрэсыўныя жывёлкі. Напэўна, вы не натыкаліся на Віленскім кірмашы на шматлікіх істотаў у вялізных акулярах і чорных кашулях, якія капаюцца ў сэкандхэндзе ў пошуках маднючых і змрочных шмотак. Нарэшце, вы, пэўна ня былі 28 кастрычніка ў д/к ЗІВ на вялікай эма-паці пад англіцкай вытанчанай эма-назвай– Хэдлайн-фэст. Не былі, не бачылі, ня вераце? Ну, тады слухайце сюды, распавяду я вам казку...

 Виталий Шум, Пашка Яровиков, Ромэо ГлюкУ эма-царстве, эма-крулеўстве Э-МАгілёў жылі-былі прыдуркі. І быў у іх эма-царок, дэспат эма-Шум – праўда, без кароны, але ў гальштуку. І вырашыў царок замуціць не дыскатэку, не банкет, не дэбош, а самы сапраўдны эма-баль. Паклікаў любімага эма-пажа, эма-сьвіту і загадаў: “Кіньце кліч па ўсім эма-царстве-крулеўстве, данясеце маю крулеўскую волю ў кожную эма-хату, эма-сквот і эма-сарай! Ладзім вялікі эма-баль! А самаму прыгожаму эмачку, які прыдзе на баль, абяцаю супэрпрыз!”. І пабегла сьвіта ўва ўсе канцы крулеўства з навіною, і пачалі ўсе падданыя рыхтавацца да сьвята. З гэтай нагоды нават была знойдзеная й павешаная ў крулеўскім палацы прыгожая эма-расьцяжка самага моднага крывавага колеру.

ЭМА-царок и свита Надыйшоў дзень вялікага балю. Якой толькі халеры толькі не прыперлася на эма-шабас! Шчэ сонца было высока, а каля крулеўскага палацу ЗІВ ужо засьмечвалі бычкамі мармуровы тратуар эма-панкі, эма-мэталюгі эма-дэграданты, эма-інцілігенты і нават эма-эма. Госьці неўзабаве пачалі старанна ламіцца ў бальную залю, і там ужо біліся галовамі аб сцэну пад псыхадэлічныя гукі саўндчэка – такая ўжо была традыцыя ў эма-крулеўстве. Тут нечакана згасла сьвятло, а калі зноў запалілася, то ўсе ўбачылі цара-круля, які вальяжна разваліўся на сваім блакітным з пазалталотаю троне, аточаны сьвітаю. “Сёньня выступаюць толькі эма-гурты!” – абрадаваў усіх дэспат Шум, і дзея распачалася party-хонечку.

ЭМА-ГЛЮКИВырашана было задурыць галаву эма-народу з самога пачатку, каб ніхто потым не скардзіўся, што гук быў галімы. І таму першымі на сцэну выпусьцілі эма-панкаў-каліфарнякоў ГЛЮКАЎ. Тут жа ў залі запанавала атмасфэра дзікага заапарку, на танцпляцы распачалася мясарэзка, а ў паветры потым да сканчэньня балю густа патыхала потам, радасьцю і вар’яцтвам. Эма-боі ды эма-гёрлы валіся з ног, поўзалі па падлозе і апантана выкрыквалі нечленападзельныя гукі, а таксама скандавалі – ці то “Глюкі!!!”, ці то “С*кі!!!”. Шмат прагучала глючных песенек з альбому “HUMANOID”, а яшчэ – з невыдадзенага, кшталту “Мая краіна”, “Глюкі”. Эпіграфам выступу шаноўных эма-каліфарнякоў маглі б быць іхнія ж словы: “Сьпі, мой край! Лепш табе ня бачыць гэта!”

ЭМА-НЕВМАВельмі хутка народ эма-дзяржавы даведаўся, што ім ёсь чым ганарыцца, бо на памосткі ганарліва ўзыйшоў эма-мэлёдык-ню-мэтал-фольк-і-там-яшчэ-нейкай-трасцы-гурт NEVMA. Па-першае, хлопцы амаль што парвалі “Бясовішча” (таму ўжо, здаецца, ніколі не зьдзяруць зь сябе сувэнірныя майкі з лэйблам гэтага мерапрыемства). Па-другое, незадоўга да фэсту нашыя неўмачкі-эмачкі ў музычным двубоі паклалі на абедзьве лапаткі папсовы гурт ОНЕГИН. “Гэта група, якая адпомсьціла ў Менску за Ленскага!” – кажа эма-ца’рок. І тут, на “хэдлайне”, каманда была на вышыні. Галосячы “я закрою глаза-а-а!”, “я ня веру та-а-абе!” і ,канешне, сваё гітовае “утопі меня-а-а!”, яна помсьціла ўсім і ўсяму, толькі незразумела, за што?..

 Тима, Алена, Паша “Бачылі катоў, якія хочуць ***цца?” – задаў рытарычнае пытаньне панк з чырвоным чубчыкам, у задуменьні углядаючыся і услухоўваючыся ў эма-галашэньне NEVM’ы.
Але ж прашу не забіваць вашага летапісца – мне вельмі да сэрца прыйшліся эма-цыйная песенька “Беларусь – мая маці” і вясёленькая “Рай побач”. Хоць тэксту было зусім не разабраць, але такога прыгожага і кранальнага выцьця я даўно ня чула, хіба што калі бабкі скуголілі на вясковых могілках на Вялікдзень.

Паспрабаваў залячыць сардэчныя скразныя раны, нанесеныя NEVMAй, эма-рок-гурт СЕРДЦЕ ДУРАКА. СД якраз да балю пасьпеў выпусьціць сынгл “К началу начал”. І вось, размахнуўшыся, шчодрай царственнай рукою з-за пляча, Шум шпурнуў стосік гэных сынглаў сваім верным падданым. Ашалеўшыя ад такой міласьці, эма-кіды заграбалі дыскі жменямі, хоць і на іх было ўсяго ажно тры песьні. Захлёбваючы эмо-цыі півам Б*роў (сьмерць рэкляме!), Цімафей Яравікоў прачытаў шчыры-сардэчны вершык і прасьпяваў сынглавыя ды іншыя бард-рокавыя і рэгійныя філязофскія баляды, спрабуючы пераканаць усіх, што “сам я по виду от бандюги неотличим!”. ЭМА-АВАНГАРДШКОЛААсабліва публіцы мусіла запомніцца электрычная вэрсыя песьні “Женщина-сестра”, бо на прыпеве Цімафей кідаў выразныя позіркі на гiтарыста Радыёна. А яшчэ таму, што падпявала Ціме Аленка Каўкова з ОБАЯНИЯ НЕВОВЛЕЧЁННОСТИ. Заадно ўсе даведаліся, які ў Алены не па-жаноцку дужы й моцны вакал, а на на электрычных канцэртах ОН Аленку не чуваць зусім. А яшчэ даведаліся, што СЕРДЦЕ ДУРАКА не заўсёды выкладаецца на ўсю катушку – мабыць, перастараліся і надарваліся на адкрыцьці сэзону... А можа, яны проста ня любяць эма?

Господь - не ЭМОАВАНГАРДШКОЛА, легенда нашага местачковага року, была абазвана эма-панкам. Лідэр АШ Фан, як істы эма-кід, красаваўся зь белым гвазьдзіком і бутэлькаю мінэралкі, якою ён усіх радасна і шчодра абліў – лепей бы кінуў пару дыскаў... Я думаю, ня варта казаць, што танцпляц ператварыўся ў адну суцэльную масу, што рухалася і біла ў ладкі і па іншых часьцінах цела ў першабытным рытме – то апантана й дзіка, то павольна й зачаравана. Карацей, эма-крулеўства мае свайго Кашпіроўскага – Фана, які лёгка замбіруе людзей і ўводзіць натоўп у стан масавага гіпнозу. Дарэчы, упершыню ў гісторыі эМАгілёва ейны неафіцыйны гімн (недабразычліўцы называюць яго “гімно”) “Вішня” выконваўся на беларускай (!) мове. “Ці не азначае гэта зьмену геапалітычных прыярэтэтаў у ідэалёгіі нашай эма-дзяржавы?” – задумалася вашая шаноўная служка . “А калі мы пачнем перакладаць песьні, напрыклад, СД на бел.мову?” Як бы там ні было, “Вішня” была сапраўды кульмінацыяй. Колькі параў ног было паламана ці ледзьве не паламана ў ачмурэўшай эМАсе – затаецца загадкаю.

ЭМА-ОСИМИРА “Гасподзь стварыў людзей паводле свайго вобразу й падабенства. Я ня думаю, што Гасподзь – ЭМА!” – падвёў рысу эма-Шум. І ў пацьверджаньне сваіх словаў кінуў у залю эМАнтыю са свайго царскага пляча – чорную кашулю. Апранаха тут жа была разьдзерта на шматкі. Так што сапраўдных эмачак зараз можна пазнаць па чорных драных стужках на руках, нагах, валасох, і, магчыма, на носе ці вушах!

ЭМА-ЗЯЗЮЛЯЗакрывалі вечарыну эма-фолькавыя OSIMIRA, праграма якіх уключала пераважна кампазыцыі з альбому “Прошча”, аднак былі адносна новыя для эМАгілеўскай публікі творы. Высьветлілася, дарэчы, што пад эма-фольк можна танчыць пога, джыгу, канкан, трэсьці хаерам, скакаць, як страўс эму(а), а яшчэ вадзіць фольк-карагодзікі і рэгі –паравозікі, аттаптваючы ногі суседзям (тут асабліва пашанцавала тым, хто апраную берцы, а нефэраў у кедах шкада да сьлёз...). “Хой!” – крычаў асіміраўскі дудар Канцавы, відаць, перапоўнены анарха-панкаўскімі пачуцьцямі, гледзячы на гоцаючы людзкі кулеш перад сцэнаю

Застаецца толькі шкадаваць, што так і не даехалі з Брэсту да нашай эма-сталіцы запрошаныя госьці – панк-гурт ДАЙ ДАРОГУ!. Але, думаецца, калі б яшчэ на дэсэрт падалі б іх, то па танцпляцы поўзалі б адны калекі сярод трупаў, а гурт выступаў бы на руінах перадаварыйнага д/к....

ЗЮ. Ну, вось і казачцы канец. А хто слухаў – Э...МАладзец! І ня буду распавядаць вам на ноч жудасны трылер, як вашая пакорлівая служка змывала закарэлы іракез і залечвала сінякі на сьпіне. І калі што наблытала – перапрашаю, бо мною дужа моцна малацілі аб край сцэны, асабліва на ГЛЮКАХ...

Рисунки автора

Смотреть ФОТОГАЛЕРЕЮ с ХЭДЛАЙН-ФЕСТА

ХЭДЛАЙН-2006 Э-МА’гілёў! Мы – твая кроў! (EMO-Ziaziula, ж-л МАРАЗМЫ ЖЫЦЦЯ, октябрь 2006)


Войдите на сайт, чтобы оставить ваш комментарий:
Укажите ваше имя на сайте Центр Живого Рока.
Укажите пароль, соответствующий вашему имени пользователя.

Рассказать друзьям